Кіроўцы, якія часта езьдзяць зь Беларусі ў Расею, кажуць пра ўзмацненьне дагляду грузаў на мытных пераходах з боку Расеі. Вось што паведаміў “Свабодзе” спадар Віктар — беларускі кіроўца адной з рэгіянальных транспартных арганізацый:

“Калі на мытным тэрмінале зьяўляецца беларуская фура, то расейскія мытнікі пачынаюць трэсьці груз і вадзіцеля. І з кожным разам гэта становіцца ўсё горш. Здавалася б, што калі дамовіліся пра адзіную мытную прастору, то нешта павінна зьмяняцца да лепшага. Але ж нічога! Калі ўжо да нечага прычапіліся, то забіраюць машыну пад сваім кантролем у Смаленск і там могуць цалкам выгрузіць тавар. Усё пераправерыць і зьняважыць пры гэтым вадзіцеля”.

На прыдзірлівы кантроль за беларусамі скардзіцца Марына Залеўская, якая два разы на месяц наведвае Смаленскую вобласьць. Марына кажа:

“На мытні трэба афармляць часовы ўвоз — гэта калі ты заяжджаеш у Расею, езьдзіш там і выяжджаеш назад на машыне. Значыць, каб ты аўтамашыну там не прадаў”.

І ўсё адно, лічыць кіроўца Марына Залеўская, афармленьне часовага ўвозу асабістага транспартнага сродку — гэта працэдура нашмат прасьцейшая за дэкляраваньне, якое будзе ўведзена з 25-га лютага:

“Ну, цяпер усё! Лішні клопат на мытні. Напэўна, будзе так, як на Ўкраіну калі езьдзіш — што едзеш з машынай і выяжджаеш з машынай. Паперку запаўняеш — прозьвішча, імя, імя па бацьку, і ўсе дадзеныя пра машыну, год выпуску, нумар, тэхпашпарт… Гэта зойме багата часу”.

Пра праблему гаворыць і менскі прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка:

“Цяпер дазвол на часовы ўвоз аўтамабіля зь Беларусі каштуе 150 расейскіх рублёў. Гэта вельмі многа, бо раней часовы ўвоз афармлялі за 100 рублёў, і яго хапала на паўгода. Пасьля яны зрабілі дазвол на квартал, а цяпер трэба плаціць кожны раз, калі ўяжджаеш у Расею. Запаўняць дэклярацыю патрабуюць і цяпер. Яе ўзор вісіць на кожным мытным пераходзе. А ўвогуле, кожны раз, калі расейскі мытнік ідзе да твайго аўтамабіля паглядзець і каб ён, як гаворыцца, не дакалупаўся да лішняй адкруткі, ты мусіш ім даць 100 рублёў”.

Атрымаць камэнтар у беларускіх ці расейскіх мытнікаў не атрымалася. Сёньня абодва бакі адзначаюць Міжнародны дзень мытніка. Іншыя суседнія мытні нават сьвяткуюць разам. Камэнтуе кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

“Беларусы павінны зразумець, што і каго яны выбіраюць. Едзеш у Расею — цябе мытныя практолягі разглядаюць. Дык трэба ўрэшце зразумець, што зрабілі з краіны, калі яе іншыя трымаюць за second-hand. Вось і ўсё”.