Наталка Бабіна (Мінск) перамагла з публікацыяй «Спадарыня Лета» («Наша Ніва» ад 16 сакавіка 2009 г.)

Змітра Панкаўца (Мінск) адзначылі за артыкул «Ударыўся галавой у бардзюр між райаддзелам міліцыі і КДБ» («Наша Ніва» ад 2 снежня 2009 г.)

Яўгену Самсонаву (Глыбокае) аддалі трэцяе месца за публікацыю «Як узрывалі глушылку» (часопіс «Абажур» № 3 (78), 2009 г.)

Сярод лепшых адзначылі таксама матэрыялы Кастуся Лашкевіча, Сяргея Чыгрына, Наталлі Семяновіч, Аляксея Белага, Андрэя Пачобута.

Праўленне БАЖ зацвердзіла вынікі конкурсу і вырашыла, што ўганараванне пераможцаў адбудзецца на бліжэйшым пасяджэнні Рады арганізацыі. (Дату склікання Рады назавуць пазней).

Падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося напярэдадні дня нараджэння Веранікі. 12 студзеня журналістцы споўніўся б 51 год.

Конкурс яе памяці ГА «БАЖ» абвесціла 20 кастрычніка мінулага года, на 5-ю гадавіну з дня забойства журналісткі.

Нагадаем, што ў журы конкурсу ўваходзяць знакаміты беларускі паэт, былы старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін, маці Веранікі, былая намесніца галоўнага рэдактара газеты «Голас Радзімы» Дзіяна Чаркасава, старшыня Камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў, вядомая беларуская журналістка, рэдактарка рэсурсу «Заўтра тваёй краіны» Марына Загорская, а таксама былая выкладчыца Інстытута журналістыкі БДУ і адна з укладальнікаў кнігі найлепшых твораў Веранікі Чаркасавай «Красным по белому» Наталля Кулінка.

Падсумоўваючы вынікі конкурсу, сябры журы канстатавалі, што большасць яго ўдзельнікаў, на жаль, не “дацягнула” да ўзроўню майстэрства Веранікі.

«Сённяшнія журналісцкія матэрыялы, на жаль, не так часта мяне ўзрушаюць, як хацелася б, і не так часта радуюць прафесійна, – абагульніў свае ўражанні старшыня журы Генадзь Бураўкін. – Мне не хапае ў матэрыялах маіх маладых калег аналітыкі, смеласці, перспектыўнага бачання таго, што робіцца ў краіне і ў людскіх душах. А яшчэ – чыста журналісцкага майстэрства.

Я не скажу, што тыя людзі, якія прыходзяць у журналістыку, недастаткова адукаваныя альбо таленавітыя. Але, відаць, грамадская і духоўная атмасфера сапраўды не дае ім разгарнуцца на поўніцу. Такое ўражанне, што яны залішне часта азіраюцца – хто на начальства, хто на меркантыльныя меркаванні, хто – на жаданне жыць спакойна. А журналістыка, як і літаратура, – гэта такая галіна дзейнасці, дзе без неспакою, без рызыкі дасягнуць сур’ёзных поспехаў немагчыма.

Усе тыя матэрыялы, што былі пададзены на конкурс імя Чаркасавай, закранаюць важныя праблемы, усе прысвечаны вельмі цікавым, часта с трагічным лёсам, людзям, але вось гэтага яднання роздуму, адчування часу і разумення ўнутранага свету людзей не хапае. Падставы для такіх патрабаванняў дае і жыццё, і творчасць Веранікі Чаркасавай.

Вераніка не проста праводзіла журналісцкія даследаванні – часта рызыкоўныя, небяспечныя, – яна іх даводзіла да пэўнай ступені прафесійнай апрацоўкі. Таму так і чыталі яе, і сачылі за яе публікацыямі, што ў яе гэта ядналася – чалавечае, прафесійнае, грамадзянскае…

Але ж сярод тых матэрыялаў, якія паступілі на конкурс, былі і цікавыя, якія мы невыпадкова адзначылі. Я маю на ўвазе матэрыялы Наталкі Бабінай, Змітра Панкаўца, Яўгена Самсонава, некаторых іншых журналістаў. Нам здалося, што яны наблізіліся да таго ўзроўню, які сваёй творчасцю прадэманстравала пры жыцці Вераніка.

Хацелася б, каб конкурс гэты жыў. Каб мы не проста час ад часу ўзгадвалі Вераніку, але і адчувалі, што яна побач з намі…»

Поделиться ссылкой: