Эканамічны крызіс, які, паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, павінен быў «нас загартаваць», стаў праблемай нумар адзін для большасці беларусаў.

81,3% апытаных 2 снежня 2009 года лічыць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, прычым для 41,8% крызіс «адбіваецца самым сур’ёзным чынам на паўсядзённым жыцці сям’і». Напрыклад, 28,7% на працягу апошніх 12 месяцаў сутыкаліся з затрымкай выплаты заробку або пенсіі (прычым 19% — некалькі разоў альбо штомесяц), ад 54% да 61% рэспандэнтаў за гэты ж перыяд даводзілася адкладаць пакупку альбо скарачаць выдаткі на набыццё вопраткі, тэлевізара альбо камп’ютара, паездку на адпачынак.

Найбольш вострай праблемай нашай краіны і яе грамадзянаў большасць назвалі рост цэн.

Сацыялагічнае апытанне: Лукашэнка вярнуўся на дакрызісны ўзровень

Крызіс выявіў і істотныя змены, што адбыліся ў структуры беларускага грамадства за апошняе дзесяцігоддзе. На думку амаль 40% апытаных ад крызісу ў Беларусі найбольш пацярпелі малазабяспечаныя і бедныя. То бок тыя самыя «простыя людзі», якія калісьці былі надзеяй і апірышчам кіраўніка дзяржавы. Толькі 3,3% сказалі, што болей за іншых пацярпелі работнікі ўладных інстытутаў, чыноўнікі.

Не дзіва, што значна больш беларусаў лічыць, што іншыя краіны лепей вядуць барацьбу з эканамічным крызісам, чым Беларусь (42,1% vs 30,4%). А тое, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, у значнай альбо поўнай меры лічаць следствам эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны апошніх гадоў (51,6%). Таму, нягледзячы на бадзёрыя запэўніванні ўлады, звыш паловы насельніцтва (51,5%) чакаюць заканчэння крызісу не раней, чым праз год (а амаль чвэрць — пасля 2011 г.).

За каго вы бы прагаласавалі?

У той жа час не варта пераацэньваць пратэстны патэнцыял гэтых пачуццяў: калі б заўтра адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі,

42,5% рэспандэнтаў прагаласавалі б за Лукашэнку (за Мілінкевіча — 4,3%, Казуліна — 2,4%), гэта значыць, яго электаральная падтрымка вярнулася на дакрызісны узровень (у верасні 2008 г. было 42,5%, а ў верасні 2009 г. — 39.4%).

Сацыялагічнае апытанне: Лукашэнка вярнуўся на дакрызісны ўзровень

На пытанне: «Калі ў Вашым горадзе (раёне) адбудуцца акцыі супраць пагаршэння эканамічнага становішча, ці гатовыя Вы ўзяць у іх удзел?» станоўчы адказ далі 14,2%. Гэта на 3,7% менш, чым у сакавіку 2008 г. Калі ў сферы эканомікі тактыка «кнута і перніка», якая выкарыстоўваецца ўладамі, ужо дае адчувальныя збоі, то ў сферы палітыкі застаецца яшчэ дастаткова эфектыўнай.

Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць і дынаміка стаўлення беларусаў да будаўніцтва АЭС. Два‑тры гады таму колькасць тых, хто асуджае гэты спрэчны праект уладаў, значна перавышала колькасць тых, хто ўхваляе. Сёння лічбы амаль зраўнялася (37,1% vs. 36,8%). Іншымі словамі, палітычныя наступствы эканамічнага крызісу «саспяваюць», але яшчэ не надышлі.

Геапалітычныя настроі многіх беларусаў, як неаднаразова адзначалася экспертамі НІСЭПД, у значнай меры таксама вызначаюцца не столькі іх базавымі каштоўнасцямі, колькі бягучымі інтарэсамі. Так, прыкметнае перавышэнне колькасці прыхільнікаў еўрапейскага выбару над прыхільнікамі расейскага (42.7% vs 38.3%), упершыню зафіксаванае ў вераснёўскім апытанні, сёння вярнулася да балансу: 42,3% vs 42,1%.

Асаблівая ўвага ў апытанні было нададзена праблеме нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Эксперты НІСЭПД зазначаюць факт, што сёння дзве траціны беларусаў лічаць за шчасце набыццё краінай незалежнасці ў 1991 г. Процілеглага меркавання прытрымліваюцца 20,6% апытаных. На гэтым цяпер спрабуе «рабіць палітыку» не толькі апазіцыя, але і ўлада.

Аднак змястоўныя характарыстыкі гэтага «шчасця», звычайна застаюцца па‑за гаворкаю. Але менавіта гэтыя характарыстыкі раскрываюць унікальнасць нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў:

Пытанне: «Скажыце, што больш важна — паляпшэнне эканамічнага становішча Беларусі ці незалежнасць краіны?»

Сацыялагічнае апытанне: Лукашэнка вярнуўся на дакрызісны ўзровень

Якія дзяржаўныя сімвалы (герб, сцяг) больш адпавядаюць гістарычнай і культурнай спадчыны беларускай нацыі — якія былі з 1991 па 1995 гады (з гербам «Пагоня») або цяперашнія (нагадваюць сімвалы БССР)?

Сацыялагічнае апытанне: Лукашэнка вярнуўся на дакрызісны ўзровень

На пытанне: «Якая мова павінна быць абавязковай для выкарыстання ў якасці афіцыйнай у дзяржаўных установах (урад, армія, суды, школы і інш)?

60% дома часцей за ўсё карыстаюцца расійскай мовай, 36,6% — мяшанай, 3,4% — беларускай.

Сацыялагічнае апытанне: Лукашэнка вярнуўся на дакрызісны ўзровень

З тузіна сучасных і гістарычных лідэраў найвышэйшыя адзнакі атрымалі Уладзімір Пуцін (3.65 па 5‑бальнай шкале), Кастусь Каліноўскі (3.62), Пятро Машэраў (3.57) і Кацярына Вялікая (3.43), апошняе месца дасталася Іосіфу Сталіну (2.63).

***

Апытанне праводзілася сярод 1514 чалавек. Больш падрабязна пра яго вынікі можна пачытаць на сайце Незалежнага інстытута сацыяльна‑эканамічных і палітычных даследаванняў.

Поделиться ссылкой: