Адметна, што чатыры з намінаваных кніг — празаічныя. Гэта “Цэнтар Эўропы” Ўладзімера Някляева, “Бунт незапатрабаванага праху” Віктара Казька, “Нічые” Андрэя Федарэнкі і “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша” Ўладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча. Разбаўляе суровую прозу паэт Міхась Скобла кнігай лірыкі “Акно для матылькоў”.


Прэмія “Гліняны Вялес” заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў. Яе ляўрэат традыцыйна абвяшчаецца ў сакавіку, а сама ўзнагарода традыцыйна ж уручаецца ў Полацку. Стаць яе ляўрэатам можна толькі аднойчы, таму шмат цікавых кніг, якія выйшлі летась, у сёлетні шорт-ліст не патрапілі, бо іх аўтары ўжо былі ўганараваныя “Гліняным Вялесам” у папярэднія гады.

Каардынатар Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш (на фота) кажа, што “Гліняны Вялес” — гэта беларускі адказ Нобэлю.