Паводле яго слоў, пытанне пра ўрокі гэтага года было прадказальным. “Я да чацвёртай гадзіны раніцы думаў пра ўрокі года. Галоўны ўрок у знешняй палітыцы: магчыма, мы, калі аб’явілі аб шматвектарнасці нашай палітыкі, ужо занадта ляглі на ўсходняе крыло? Мы забыліся на тое, што мы ў цэнтры Еўропы і павінны выбудоўваць адносіны з усімі суседзямі і з галоўнымі монстрамі (у станоўчым сэнсе гэтага слова). Не толькі з братняй Расіяй, але і з Еўрапейскім саюзам. Гэта ўрок, таму што ў 2009 годзе мы вельмі шмат працавалі на заходнім напрамку, каб ураўнаважыць сітуацыю”, — сказаў Лукашэнка.

“Галоўны эканамічны ўрок: мадэрнізавацца трэба было хутчэй. Лягчэй было б перанесці гэты крызіс. Хаця і папракнуць тых, хто за гэта адказвае, наўрад ці можна, таму што шмат зроблена. Нямала зроблена, але недастаткова”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Калі ўзяць сацыяльную сферу, то галоўны ўрок — я ўжо занадта акуратны быў з нашымі людзьмі, — заявіў Лукашэнка. — Пеставаў, аберагаў, і тое, і гэта, і на руках насіў. І людзі зразумелі, што мы ў Беларусі павінны жыць, як у Савецкім Саюзе: нам дадуць, нам прынясуць, нам дапамогуць адукацыю атрымаць і гэтак далей. А трэба было больш рашуча ісці на тое, каб людзі разлічвалі перш за ўсё на сябе. Такіх прыкладаў у нас нямала ў краіне, але недастаткова. І вось я атрымаў адпаведны ўрок: што трэба сканцэнтраваць асноўную ўвагу на тым, каб ствараць умовы і падштурхоўваць, калі ўжо на тое пайшло, людзей да самастойнасці”.
“Але самы галоўны ўрок: у нас краіна адна, кавалак зямлі адзін, дзе будзем жыць мы і нашы дзеці. І тое, што мы не павінны па дробязях хапацца за горла, за гальштук адзін аднаго, такіх прычын павінна быць меней”, — упэўнены Лукашэнка.

Поделиться ссылкой: