Як паведамляў сайт charter97.org, сёння праваабаронцы, пераапранутыя ў Дзядоў Марозаў і Снягурак, спрабавалі пранесці ў «парламент» заяву з патрабаваннем скасаваць артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэкса Беларусі.

Аднак каля будынка Дома ўрада дарогу ўдзельнікам акцыі перакрылі невядомыя ў цывільным. Пасля працяглых перамоваў з супрацоўнікамі міліцыі ў будынак парламента прапусцілі «Снягурку» Алёну Валынец у суправаджэнні праваабаронцаў Валера Шчукіна і Паўла Левінава. У «парламенцкім холе», як распавёў Валер Шчукін, на яго наляцелі тры асобы ў цывільным і пачалі збіваць.

Тэлефон праваабаронцаў доўга не адказваў, і мы не маглі даведацца падрабязнасці. Як распавяла сайту charter97.org Алена Валынец, калі яны прайшлі ў будынак, невядомыя людзі ў цывільным заявілі, што былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання, праваабаронца Валер Шчукін не можа тут знаходзіцца, і запатрабавалі, каб ён выйшаў. Праваабаронца абурыўся, заявіў, што дзеянні людзей у цывільным незаконныя і адмовіўся гэта зрабіць.

«Тады на Шчукіна накінуліся некалькі чалавек у цывільным. Мы не ведалі, хто яны, яны не паказвалі дакументы. Як на мой жаночы погляд, білі Валерыя Аляксеевіча моцна. Нагамі, калі ўпіраўся і не хацеў выходзіць», — распавяла Алена Валынец.

Пазней сайт charter97.org здолеў звязацца з самім Валерыем Шчукіным.

«Нейкія малодчыкі ў цывільным, без тлумачэння прычын, спрабавалі выкінуць мяне з фае будынка парламента. Вялі сябе па-хамску, «тыкалі». Натуральна, я пачаў абурацца. Любы грамадзянін мае права ўвайсці ў фае парламента. Але на мяне накінуліся, сталі біць нагамі і кулакамі. Гэта абуральна і незаконна. Поўнае бязмежжа», – заявіў праваабаронца.

Поделиться: