Агенцтва БЕЛТА цытуе Сэсылію Вігстрэм:

“Спадзяюся, што некаторыя члены вашай дэлегацыі прымуць удзел у назіраньні за выбарамі ва Ўкраіне ў студзені наступнага году. ПА АБСЭ накіруе для назіраньня за гэтымі выбарамі 136 наглядальнікаў з 31 краіны. Місія маніторынгу за ўкраінскімі выбарамі дае шанц абмеркаваць структуру выбараў знутры, зрабіць сумесныя высновы”.

У сваю чаргу Валеры Іваноў канстатаваў, што супрацоўніцтва паміж беларускім парлямэнтам і эўрапейскімі парлямэнцкімі структурамі за апошні час значна актывізавалася. “Нас пачалі ўспрымаць як партнэраў, і гэта шмат аб чым сьведчыць”, – сказаў ён.

Акрамя таго, Валеры Іваноў адзначыў, што Беларусь надае асаблівае значэньне супрацоўніцтву ў рамках ініцыятывы “Ўсходняе партнэрства”.

“Мы ўдзячны Польшчы і Швэцыі, якія сталі асноўнымі лабістамі, у добрым сэнсе гэтай ініцыятывы. Яе рэалізацыя выводзіць адносіны Беларусі і ЭЗ на больш высокі якасны ўзровень”, – падкрэсьліў ён.

Валеры Іваноў адзначыў добры ўзровень узаемадзеяньня беларускай дэлегацыі з членамі рабочай групы ПА АБСЭ:

“Сумесна мы рэалізавалі некалькі праектаў – правялі два сэмінары з трох, аб якіх дамовіліся. Яны былі прысьвечаны разьвіцьцю эканомікі і інвэстыцый у Беларусі. Рэзананс і карысьць у нашай краіне ад гэтых сэмінараў вельмі высокія. Іх матэрыялы і вынікі дастаткова часта выкарыстоўваліся для работы ў парлямэнце пры падрыхтоўцы і прыняцьці законапраектаў. Вынікам стала паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі. Да нас і паехалі інвэстары”.

Поделиться: