— Напэўна, пра гэта можна спытаць не толькі ў шведскага пасла, але і ў каго-нікаго з беларусаў: вы прынцыпова размаўляеце па-беларуску? Чаму?

— Не, я і па-руску размаўляю. Калі чалавек не разумее беларускай, я не буду настойваць. Мне падабаецца гэта мова, лічу, што яе не стае, у тым ліку ў СМІ. Сам я не дасканала валодаю ёю, але ў дастатковай ступені, каб даваць інтэрв’ю. Таму заўсёды прапаную размаўляць па-беларуску і звычайна з гэтым пагаджаюцца.

— У Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі ёсць прынцыповыя моманты?

— Любая замежная палітыка, і палітыка ЕС таксама, безумоўна грунтуецца на пэўных прынцыпах і каштоўнасцях. Што тычыцца адносінаў з Беларуссю, дык прынцыповыя моманты ўзнікаюць. Ёсць рэчы, у якіх мы хацелі б знайсці паразуменне, але не заўсёды атрымліваецца. Часам мы маем рознае бачанне на адно і тое ж. Калі мы кажам пра неабходнасць дэмакратычных выбараў, з беларускага боку зазначаюць, што яны праводзяцца. Гаворым аднолькавыя словы, але разумеем па-рознаму.

Іншая справа, як дасягнуць лепшага разумення ў такіх спрэчных пытаннях. Ці трэба ставіць умовы: калі няма гэтага, не будзе таго. Нашы адносіны складаліся па-рознаму, і былі сітуацыі, калі ЕС лічыў неабходным выказацца па нейкіх прынцыповых пытаннях. Так, было б лепш ісці іншым шляхам, але не заўсёды атрымліваецца.

— Ці існуе паразуменне паміж краінамі Еўрасаюза адносна палітыкі ў дачыненні да Беларусі? Напрыклад, ці складана было знайсці кансэнсус па санкцыях 17 лістапада?

— Па вялікім рахунку, кансэнсус ёсць. І прыкладам ёсць тое, што міністрам замежных спраў было дастаткова проста сфармуляваць агульную думку. Унутры ЕС могуць быць розныя погляды, як дасягнуць таго, чаго мы ўсе жадаем: большых зрухаў у бок дэмакратыі ў Беларусі. Тут няма рознагалоссяў, усе хацелі б бачыць дэмакратычную Беларусь, якая развіваецца эканамічна і культурна і мае нармальныя, трывалыя адносіны з намі. Беларусь — наша суседка, і мы зацікаўленыя ў тым, каб нашыя дачыненні былі добрыя.

— Няма праблем дамовіцца ў беларускім пытанні, таму што краіны сыходзяць з агульных прынцыпаў і каштоўнасцей?

— Так, сапраўды, агульныя каштоўнасці з’яўляюцца падмуркам нашай палітыкі. Яны могуць быць інтэрпрэтаваны па-рознаму, яны ж, так бы мовіць, не вібіты на камені. Але пры абмеркаванні сітуацый з правамі чалавека звычайна не ўзнікае спрэчных момантаў паміж краінамі ЕС.

— Паўгода Швецыя была старшынёй Еўрасаюза. Якімі вынікамі для еўрапейска-беларускіх адносін за гэты час можна пахваліцца?

— Па-першае, трэба падкрэсліць, што старшынства дае некаторую магчымасць кіраваць працэсам, але гэта функцыі хутчэй адміністратыўныя, яны не спрыяюць прасоўванню нейкіх уласных пазіцый ці інтарэсаў. Насамрэч, гэта фактычна немагчыма. Парадак дня ёсць, план пішацца, але ў замежнай палітыцы, як мы ведаем, заўсёды нешта здараецца, што не было запланавана.

Што тычыцца адносінаў ЕС і Беларусі, я лічу, што вялікіх зменаў не адбылося. Была надзея, што мы зможам рухацца наперад трохі хутчэй, але мы ўсё ж такі не спаўзаем назад. Удалося працягнуць палітыку, якую мы праводзілі і да старшынства.

— На «ўсходнім фронце» без пераменаў?

— Дарэчы, не зусім правільна казаць — без пераменаў. Рух усё-такі ёсць. Пры падтрымцы Еўрасаюза Беларусь паспяхова развівае свае кантакты з МВФ і Сусветным банкам. Нам таксама ўдалося напоўніць канкрэтным зместам палітыку «Усходняга партнёрства», заснаванага толькі ў траўні. Мы правялі ў лістападзе першую сустрэчу Форума грамадзянскай супольнасці. Ён прайшоў паспяхова, беларускія прадстаўнікі былі вельмі актыўныя і добра падрыхтаваныя. Існуе шмат чаканняў з боку як беларускай улады, так і грамадства, але «Усходняму партнёрству» патрэбны час, каб запрацаваць на поўную моц і даць чаканыя вынікі.

— Як развіваліся беларуска-шведскія адносіны? Калі ў Мінск будуць прыязджаць не только шведскія музыкі, але і міністры?

— Гэта добра, калі культурныя дзеячы прыязджаюць. Дарэчы, не толькі музыкі, яшчэ і літаратары. У мяне склалася ўражанне, што кожны тыдзень сустракаю новых гасцей са Швецыі. Пакуль яшчэ не было міністраў, але спадзяюся, што настане час, калі яны таксама прыедуць у Беларусь.

— У ЕС кажуць, што Беларусь — важны, але няпросты партнёр. Для Стакгольма таксама?

— Безумоўна, Беларусь &
mdash; важны партнёр, і можна пагадзіцца, што для ЕС не самы просты. Як я казаў, на жаль, мы не заўжды знаходзім узаемаразуменне ў даволі важных пытаннях. У галіне эканомікі, напрыклад, лягчэй, тут ёсць узаемны інтарэс. А на паняцці грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных выбараў, правоў чалавека ўлады Беларусі глядзяць трохі іначай. Але мы размаўляем, і на розных ўзроўнях. Я спадзяюся, што наша разуменне з цягам часу будзе збліжацца.

— Паразумення бракуе з-за нейкіх гістарычных прычын?

— Ёсць, відаць, і гістарычныя прычыны. Пэўны адбітак пакінуў савецкі перыяд, калі нашыя грамадствы развіваліся асобна. Савецкі Саюз быў вельмі закрытай краінай. Але Берлінскі мур, дзякуй богу, разбурылі, нам трэба супрацоўнічаць, развіваць адносіны і шукаць узаемаразуменне.

— У шляху насустрач — што Беларусь можа пранапаваць, чаму здольная навучыць Еўропу?

— Кожная еўрапейская краіна мае сваю гісторыю і досвед, мае чым падзяліцца з іншымі. Любая краіна вучыцца на вопыце іншых. Краіна, якая адкрыта да знешніх імпульсаў, развівае кантакты, сёння мае болей шансаў на поспех.

Што тычыцца Беларусі… Эканамічна кожная краіна можа штосьці прапанаваць, у Беларусі таксама шмат чаго вырабляюць. Але я лічу, што Беларусь, дзякуючы свайму унікальнаму геаграфічнаму становішчу, фактычна у цэнтры Еўропы, заўсёды знаходзілася на шляху розных рухаў з усходу, захаду, поўдня і поўначы. Гэта прывяло да таго, што беларуская гісторыя склалася няпроста, часам вельмі цяжка і трагічна.

Без сумневу, беларуская літаратура і музыка адлюстроўваюць гісторыю краіны. Іншы прыклад — што мне вельмі цікава — гісторыя веравызнання. Беларусь знаходзілася паміж праваслаўем і каталіцтвам, і тут, у рэшце рэшт, з’явілася уніяцкая царква. Беларуская культура шмат што аб’ядноўвае, багата розных уплываў і культур.

Мабыць, гэты гістарычны досвед зможа чамусьці навучыць і аб’яднаную Еўропу.

Стэфан Эрыксан скончыў Стакгольмскую школу эканомікі са спецыялізацыяй «міжнародная геаграфія і эканоміка», стажыраваўся адзін год у Маскоўскім дзяржуніверсітэце. У 2005 годзе заняў пасаду кіраўніка беларускага аддзела пасольства Швецыі ў Расіі, ад верасня 2008 года — пасол Швецыі ў Беларусі. Апрача роднай валодае англійскай, французскай, нямецкай, рускай і беларускай мовамі. Жанаты, мае трох дзяцей.

Поделиться: