Ачольвае дэлегацыю дэпутатка са Швэцыі баранэса Сэсілія Вінгстрам. Разам зь ёй знаходзяцца яшчэ два чальцы групы: з Польшчы і Італіі.
На агульную думку, сустрэча атрымалася “канструктыўнай, з элемэнтамі крытычнага дыялёгу”. Пачаткам дыскусіі стала прапанова апазыцыі падсумаваць вынікі той стратэгіі, якой Парлямэнцкая асамблея АБСЭ пачала прытрымлівацца з 2000 году. Менавіта тады ПА АБСЭ прызнала Нацыянальны сход Беларусі паўнавартасным парлямэнтам. Мэта выглядала абнадзейваючай – навучыць беларускіх дэпутатаў дэмакратыі. Але, як падкрэсьлівалі апазыцыянэры, найбольш жорсткае рэпрэсіўнае заканадаўства было прынятае Нацыянальным сходам як раз падчас гэтага навучаньня. І таму, на думку гаспадароў сустрэчы, ПА АБСЭ патрэбна ўносіць карэктывы ў гэту стратэгію.
Сёньня дэлегацыя зь Капэнгагэну наведае таксама Міністэрства юстыцыі, Палату прадстаўнікоў і Цэнтральную выбарчую камісію.
Наведваньне Міністэрства замежных спраў і выніковая прэсавая канфэрэнцыя адбудуцца заўтра ў першай палове дня.