Як паведамілі БелаПАН у адной з арганізацый, якая вядзе перамовы аб канцэрце, чакаецца, што месцам яго правядзення будзе цэнтральная пляцоўка спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”, якая ўмяшчае да 15 тысяч гледачоў. Пытанні, што тычацца кошту білетаў і таго, якія гурты будуць выступаць “на разагрэве” ў Rammstein, пакуль узгадняюцца.

Паводле слоў арганізатараў выступлення, апрача музыкантаў на канцэрт павінна прыехаць адміністрацыя калектыву і тэхнічны персанал, усяго прыкладна 40 чалавек. Гурт прывозіць уласнае музычнае абсталяванне на пяці грузавіках. Што тычыцца бытавога райдэра, то для музыкантаў патрабуецца пяцізоркавы гатэль, для тэхперсаналу — трохзоркавы.

Зараз Rammstein праводзіць сусветнае турнэ ў межах выхаду новага альбома Liebe ist fur alle da. У канцы лютага наступнага года гурт плануе даць канцэрты ў Санкт-Пецярбургу і Маскве, 4 сакавіка — у Рызе, 5 сакавіка — у Вільнюсе, 9 сакавіка — у Кіеве.

Гурт Rammstein быў створаны ў студзені 1994 года. Музычны стыль калектыву аб’ядноўвае ў сабе элементы індастрыял-метала і традыцыі нямецкай цяжкай музыкі. Rammstein — адзін з самых папулярных рок-гуртоў Германіі, шырока вядомы і ў астатнім свеце. Амаль усе песні калектыву выконваюцца на нямецкай мове. Каманда таксама праславілася сцэнічнымі шоу і эпатажнымі тэкстамі.

Поделиться ссылкой: