15 снежня крымінальная справа ў дачыненні да абвінавачванага ў махлярстве і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, былога супрацоўніка ДПС ДАІ перададзена ў суд.

Як паведаміў БелаПАН следчы аддзела па важнейшых справах пракуратуры Гомельскай вобласці Аляксандр Грынькоў, крымінальныя падзеі адбываліся ў 2001—2002 гадах, крымінальную справу распачалі ў 2003 годзе, але аднаму з яго фігурантаў удалося схавацца, і да 2009 года ён быў у вышуку. Крымінальная справа ў дачыненні да былога супрацоўніка ДАІ была вылучаная ў асобную вытворчасць у сувязі з вышукам. Ён хаваўся шэсць гадоў на тэрыторыі Расіі, а цяпер добраахвотна вярнуўся на радзіму.

Паводле слоў Грынькова, група інсцэніравала дарожна-транспартныя здарэнні: бітыя машыны расстаўлялі пэўным чынам ці сутыкалі адна з адной, каб пашкоджанні здаваліся відавочнымі. Затым выклікалі супрацоўнікаў ДАІ, якія афармлялі здарэнні, пасля ашуканцы па страхоўках незаконна атрымлівалі грошы.

Праз некаторы час яны змянілі схему атрымання грошай — машыны не білі, а проста афармлялі дакументы на аўтамабілі сваіх знаёмых, што нібыта была аварыя. У змове з ашуканцамі быў і страхавы агент, які складаў фіктыўныя акты.

Усе ўдзельнікі злачыннай групы былі асуджаныя, некаторыя ўжо выйшлі на волю.

У дачыненні да апошняга фігуранта была распачата справа па ч. 3 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства ў буйным памеры) і па ч. 3 арт. 210 (крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры). Абвінавачванаму інкрымінуюцца чатыры эпізоды злачыннай дзейнасці.

У Беларусі ў 2009 годзе факты, калі дзеянні супрацоўніка ДАІ спрыялі атрыманню грамадзянамі незаконнай страхоўкі, былі зафіксаваныя ў Полацку (Віцебская вобласць), Мінску і Крупках (Мінская вобласць). Пракуратурай Мінскай вобласці была распачата крымінальная справа ў дачыненні да старэйшага інспектара АДАІ Крупскага РАУС, які ў 2007 годзе, выконваючы абавязкі начальніка АДАІ, склаў фіктыўныя дакументы пра ДТЗ, у выніку чаго ўдзельніца аварыі незаконна атрымала страхавую кампенсацыю.

Поделиться ссылкой: