У гэтыя дні Шушкевіча запрасіў ўнівэрсытэт ў Атлянце (ЗША), а ў час тэлефанаваньня ён быў у Фларыдзе. 

Навумчык: Станіслаў Станіслававіч, 75 гадоў – гэта, традыцыйна, час падвядзеньня жыцьцёвых вынікаў. Што Вы лічыце сваім галоўным дасягненьнем у навуцы, у палітыцы, у асабістым жыцьці?

Шушкевіч: Галоўнае дасягненьне ў навуцы — падрыхтавана даволі шмат вучняў, яны сталі самастойнымі, пайшлі далей і ідуць далей. І я ўжо магу толькі дзівіцца, як ім шчасьціць і якія ў іх дасягненьні. Я не хачу называць прозьвішчы, бо яны працуюць у Беларусі, і не хачу, каб на іх дрэнна адбілася тое, што яны мае вучні. Некалькі вучняў ёсьць у замежжы — працуюць цудоўна, не адчуваюць сябе нейкімі зломкамі.

У палітыцы я, ацэньваючы сёньняшні момант, думаю, галоўнае — што я зрабіў усё, каб падпісаць усе дакумэнты (і яны былі ратыфікаваныя Вярхоўным Саветам) аб вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Таму што мой народ, беларускі народ, быў закладнікам. І калі б быў нейкі канфлікт, трэба было б зьнішчаць увесь мой народ, таму што трэба было б зьнішчаць Беларусь як сховішча наймагутнейшых ядзерных узбраеньняў, і тактычных, і асабліва — стратэгічных. Таму тое, што ядзернае ўзбраеньне было выведзенае з тэрыторыі Беларусі, я лічу сваім галоўным дасягненьнем.

Пра асабістае жыцьцё… У мяне вялікае дасягненьне, што я магу гаварыць з Вамі таму, што вось зараз жонка сядзіць за рулём аўтамабіля. Як бы там ні было, усё ж, у пэўным сэнсе, 33 гады пражыць разам і з вялікай прыемнасьцю — гэта добра. А на сёньняшні час найбольш ганаруся сваёй унучкай, якая, мне здаецца, ідзе тым самым шляхам, якім ішоў я. Дзякуй Богу, у яе не маё прозьвішча і ў яе з-за яго няма складанасьцяў. Яна ўжо пераможца некалькіх конкурсаў, яна была прэміраваная паездкай у ЗША, у Польшчу. І мне падабаецца, што ўсе мы, Шушкевічы, і ўсе мае родныя адзін другога цэнім і кантактуем часта. Найвялікшая асалода — гэта быць у асяродзьдзі сваіх родных.

Навумчык: Як Вы думаеце адзначыць свой юбілей і дзе?

Шушкевіч: Вы ведаеце, я мяркую адзначыць юбілей свой, як гэта ня дзіўна, толькі з жонкай, таму што нам яшчэ ня трэба вяртацца ў Атлянту, дзе ў мяне ёсьць лекцыйныя абавязкі. І таму я дакладна яшчэ ня ведаю, але думаю, недзе ў саване, альбо у Касьмічным цэнтры імя Кэннэдзі, проста ў нейкай сьціпленькай рэстарацыі мы пасядзім і зьядзім добрае рыбнае блюда і вып’ем бутэльку добрага віна.

Поделиться ссылкой: