Пра гэта паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін.

Паводле яго слоў, такое развіццё падзей выклікана тым, што 8 снежня касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда пад старшынствам Сцяпана Тармовіча не задаволіла скаргу царквы на рашэнне гаспадарчага суда Мінска ад 7 кастрычніка аб высяленні абшчыны.

Як падкрэсліў Луканін, з 8 снежня ўлады не абмежаваныя ніякімі прававымі нормамі для практычнай рэалізацыі рашэння суддзі гаспадарчага суда Мінска Алы Мірошнік аб высяленні абшчыны. Цяпер суддзя мае права выдаць загад, на падставе якога вернікі будуць абавязаныя пакінуць будынак царквы.

Для выканання гэтага загада судовыя выканаўцы атрымаюць магчымасць ажыццяўляць прымусовыя дзеянні, у тым ліку з удзелам праваахоўных органаў.

Паводле слоў юрыста, у царквы засталася апошняя магчымасць абскардзіць рашэнне гассуда Мінска ў парадку нагляду ў прэзідыуме ВГС на працягу года, пачынаючы з 7 кастрычніка. Калі пасля падачы заявы ў наглядную інстанцыю прэзідыум ВГС палічыць магчымым задаволіць хадайніцтва царквы аб прыпыненні выканаўчых дзеянняў, рашэнне суда аб высяленні абшчыны можа быць часова адменена, сказаў юрыст.

***

Нагадаем, 22 кастрычніка царква абскардзіла рашэнне Гаспадарчага суда Мінска аб высяленні з будынка па вуліцы Кавалёва, 72. У скарзе ўказвалася на «поўную беззаконнасць» рашэння суда, бо абшчына не атрымала ад дзяржавы належную кампенсацыю за будынак царквы, дастатковую для будаўніцтва новага храма. Калі рашэнне будзе прыведзена ў выкананне, на вуліцы застануцца больш за тысячу вернікаў без магчымасці збірацца разам для малітваў і набажэнстваў, што з’яўляецца парушэннем правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду сумлення, адзначалася ў скарзе.

22 жніўня сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі‑перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. З 24 жніўня яны вядуць у храме бестэрміновае кругласутачнае малітоўнае дзяжурства.


Поделиться ссылкой: