Паводле слоў еўракамісара, перш за ўсё размова ідзе аб спрашчэнні візавага рэжыму, а ў доўгатэрміновай перспектыве — аб увядзенні бязвізавага рэжыму з краінамі палітыкі ЕС “Усходняе партнёрства”. “Урэшце рэшт, толькі дзякуючы прамому кантакту і непасрэднаму вопыту можна больш даведацца адзін пра аднаго”, — мяркуе Ферэра-Вальднер.

Яна зазначыла, што з часу ўстаноўчага саміта Усходняга партнёрства, які прайшоў 7 мая ў Празе, вялася работа над двухбаковым і шматбаковым фарматам адносінаў. Еўракамісар лічыць, што на сустрэчы 8 снежня ў Бруселі кіраўніка МЗС краін ЕС і Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны “змогуць упэўніцца, які вялікі шлях мы прайшлі за кароткі час”.

Паводле слоў Ферэра-Вальднер, на двухбаковым узроўні праца ідзе над тым, каб інтэнсіфікаваць дапамогу краінам-партнёрам для выканання ўмоў, неабходных для падпісання пагаднення аб асацыяцыі, якое значна пашырыць супрацоўніцтва, у прыватнасці праз палажэнні аб свабодным гандлі.

На шматбаковым узроўні былі заснаваны тэматычныя платформы “для стымулявання супрацоўніцтва з ЕС, але перш за ўсё паміж самімі краінамі — удзельніцамі палітыкі” ў сферы дэмакратыі, належнага кіравання і стабільнасці; эканамічнай інтэграцыі; энергетычнай бяспекі; кантактаў паміж людзьмі.

“Ужо ўзгоднена рабочая праграма на найбліжэйшыя два гады. І мы ўсе шчыра хочам зрабіць з гэтых платформ сапраўдны форум па абмене інфармацыяй і лепшымі практыкамі. Поўны ўдзел Беларусі ў гэтых шматбаковых платформах з’яўляецца важным, бо ў сілу палітычных акалічнасцей нашы двухбаковыя адносіны застаюцца абмежаванымі”, — зазначыла еўракамісар.

Ферэра-Вальднер заявіла, што ганарыцца “вялікім прагрэсам, дасягнутым дзякуючы актыўнаму ўдзелу ўсіх партнёраў”. Яна запэўніла, што, пакуль не перадасць справы пераемніку, “працягне паўнацэнна выкарыстоўваць сваю палітычную вагу для росту Усходняга партнёрства — ініцыятывы, якая прыносіць станоўчы плён для ўсіх”.

Як раней паведамляў БелаПАН, 8 снежня міністры замежных спраў краін Еўрасаюза і дзяржаў, уключаных ва Усходняе партнёрства, абмяркуюць ход рэалізацыі гэтай палітыкі.

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў прадставіць афіцыйную пазіцыю Мінска наконт развіцця палітыкі. Ён правядзе перамовы з прызначаным еўракамісарам па пытаннях пашырэння ЕС і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфанам Фюле, а таксама шэрагам калег з краін ЕС.

Поделиться: