Вось як пракаментаваў Мілінкевіч змены ў выбарчае заканадаўства, якія зараз разглядае беларускі парламент: «Трэба шчыра сказаць, што ўлада робіць усё, каб захаваць выбарчы працэс пад сваім поўным кантролем. Тыя змены, што яна прапануе, нічога сур’ёзнага не ўносяць.

Лічу, што самае прынцыповае пытанне — ці будуць прадстаўнікі ад дэмакратычных сілаў у выбарчых камісіях? Калі ўлада сама будзе лічыць галасы, то гэта будзе не падлік, а напісанне працэнтаў, якія спусцяць зверху.

Я даволі скептычна адношуся да тых зменаў, якія адбываюцца, але ўсё роўна мы не маем права апускаць рукі і мусім дамагацца, каб выбары былі як мага больш празрыстымі і справядлівымі».

Аляксандр Мілінкевіч не сумняваецца ў неабходнасці стварэння адзінага спісу кандыдатаў на выбары ў мясцовыя саветы ад дэмакратычнай апазіцыі:

«Я буду рабіць усё, каб адзіны спіс быў. Хаця сам непасрэдна ў гэтых выбарах ўдзельнічаць не буду, але аб’еду як мага больш гарадоў, дзе будуць балатавацца прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці.

Лічу, што адзіны спіс — гэта вельмі важна, каб прадэманстраваць наша ўменне працаваць салідарна, у камандзе. Нялёгкі гэта працэс — у многіх ёсць амбіцыі, многія б хацелі стартаваць, асабліва ў вялікіх гарадах. Але лічу, што кандыдаты ад дэмакратычных сілаў павінны дэманстраваць не вялікую колькасць, а добрую якасць. Хацеў бы, каб кандыдатамі было як мага больш маладых, адукаваных людзей, якія ўмеюць гаварыць з выбаршчыкамі. Маю надзею, што такі спіс усё ж такі будзе створаны».

Скептычна глядзіць палітык на стварэнне Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана:

«Думаю, што для нашай краіны самае галоўнае — гэта інтэграцыя ў еўрапейскую, сусветную эканоміку, набліжэнне да стандартаў Еўрасаюза. А паход у еўразійскую зону — часова ён можа дапамагчы прадаць тое, што сёння не прадаецца. Але гэта не выратаванне нашай эканомікі. Яна патрабуе сур’ёзнай мадэрнізацыі, новых тэхналогіяў, інвестыцыяў, і, безумоўна, тут галоўны партнёр — Еўрасаюз. І Расіі варта цясней супрацоўнічаць з Еўрасаюзам, і Украіне, і Казахстану, і нам тым больш».

Поделиться: