На перакрыжаванні вуліцаў Якуба Коласа і Калініна стаіць мемарыяльны помнік. Напісана, што на гэтым месцы падчас вайны знаходзіўся канцлагер, у якім загінула больш за 14 тысяч людзей. А трошкі далей, у дворыку, ужо працуюць экскаватары, рыюць катлаван для новага шматпавярховага дома. Прычым рыюць на месцы, якое афіцыйна з’яўляецца гістарычным. На пашпарце воінскіх пахаванняў за нумарам 1146 напісана, што ў 1994 годзе тут былі знойдзены парэшткі 510 чалавек. Далей раскопкі пакуль ніхто не праводзіў.

Жыхарка суседняга дому, Галіна Калеснікава, узгадвае, як пачыналася гэтая новабудоўля:

«У нас быў зялёны, спакойны дворык. І тут раптам пачалі рыць яму, газаправод класці. Потым пачалі рушыць дрэвы. Сёння прыязджала эколаг. Сказала, што дрэвы нашыя былі старымі і гнілымі. Так, насамрэч, адно дрэва гнілое, а астатнія? Яны проста перашкаджаюць газаправоду, а яна кажа па старасці. Ліпу зрубілі, маладзенькую. Сёння салдаты грузілі хуткімі тэмпамі, вельмі спяшаліся, пакідалі ў самазвалы абрэзкі дрэва, на вуліцы толькі хвасты засталіся. Увесь двор знеслі, пераўтварылі ў разруху».

Жыхарка суседняга дому, Ала Кароль, расказвае:

«Я лічу, што будаўніцтва вядзецца на касцях людзей. Гэта абсалютна незаконнае мерапрыемства, таму што з намі салідарны мясцовыя ўлады. Мы звярнуліся ў пракуратуру горада Мінска, якая сказала, што будзе разглядаць у бліжэйшыя дні гэтае пытанне. Таксама нашы прэтэнзіі былі прад’яўлены Мінгарвыканкаму і міністэрству аховы навакольнага асяроддзя».

Занепакоеныя лёсам свайго дворыка жыхары 31 лістапада правялі сход. На якім прынялі рашэнне змагацца за свой утульны дворык. Сабралі 92 подпісы пад лістамі супраць новабудоўлі і супраць парушэнняў законаў, якіх тут хапае. І пачалі звяртацца ва ўсе інстанцыі, куды толькі магчыма.

Прадстаўнік камітэта грамадзян, Мецелёва Святлана:

«Будаўніцтва ўнутры ўжо існуючай забудовы — гэта звычайная справа, але дзеля чаго рушыць існуючую інфраструктуру. Дзеля чаго нашы двары, якія і так знаходзяцца ў цэнтры горада на перасячэнні дарог, ператвараць у будаўнічую пляцоўку?.. Чаму гэты праект ажыцяўляецца без узгаднення з жыхарамі. Гэта ж парушэнне заканадаўства. Мы напісалі зварот у Мінгарвыканкам, Міністэрства экалогіі і Пракуратуру горада Мінска, каб правесці праверку законнасці гэтага праекта і прывязкі яго да існуючай забудовы і да нашых дамоў».

Асабліва звяртаю ўвагу, што мы супраць таго, каб заезд будаўнічых машынаў адбываўся праз наш двор. Тут жыве шэраг удзельнікаў вайны, ветэранаў і проста сталых людзей. Можа скласціся аварыйная сітуацыя. Замест таго каб пабудаваць непадалёк дзіцячы садок — ідзе чарговае элітнае будаўніцтва. У некаторых СМІ, як прыклад, часопіс «Нерухомасць» ужо ідзе нават рэклама, што ў элітнай паркавай зоне будуецца дом, які будзе мець зручныя аўтастаянкі. Мы так разумеем, што ў аўтастаянкі для выбраных слаёў грамадства ператворацца нашыя двары».

Не звяртаючы ўвагу на прэтэнзіі і скаргі жыхароў, ОАО Мапід горада Мінска пачаў будаўніцтва. 2 снежня экскаватары прыступілі да капання катлавану. Жыхары ходзяць навакол і ўздыхаюць, шкада ўтульнага дворыка. Але яшчэ больш страшна, што метрам лявей ці правей вырыюць чалавечыя косткі былых ваеннапалонных.

Поделиться ссылкой: