“І гэта магчыма, але гэта павінна быць сінхранізавана з працэсам інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. Чым глыбей гэтая інтэграцыя, тым больш магчымасці пераходзіць на  ўнутрырасійскія цэны і стандарты”, — лічыць расійскі  прэм’ер.

“Беларускія калегі, — паведаміў ён, — зноў звярнуліся да нас з просьбай у наступным годзе захаваць цэнавыя  паказчыкі бягучага года ( на расійскі газ. — БелаПАН.). Хаця згодна з кантрактам, падпісаным раней, цана павінна падняцца крыху вышэй — таксама да мінімальных  значэнняў, але крыху вышэй”.  “Мы пастаўляем у Беларусь энерганосьбіты, нафту па самых нізкіх цэнах у свеце і СНД”, — падкрэсліў расійскі прэм’ер.

Тое ж самае тычыцца і крэдытаў, дадаў Пуцін. “Паводле меркавання нашых экспертаў, аб’ём выдадзеных намі крэдытных рэсурсаў дастатковы. Тым болей што Беларусь мае падтрымку і з МВФ, у які Расія таксама накіроўвае грошы. Мы пастаянна ставім пытанне перад МВФ, што яны павінны  не ў апошнюю чаргу ісці на  падтрымку нашых найбліжэйшых  суседзяў”.

Прэм’ер нагадаў, што Расія ў 2007 годзе выдала Беларусі крэдыт у памеры 1,5 млрд. долараў, у 2008 — 1 млрд. долараў, у гэтым годзе —  0,5 млрд. долараў. Акрамя таго, паводле слоў Пуціна, “Газпром” праплаціў Беларусі 650 млн. долараў (хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра 625 млн. долараў за акцыі “Белтрансгаза”).

Кіраўнік урада адзначыў, што амаль 100% экспарту беларускай мясной прадукцыі і амаль 80% малочнай прыпадае на расійскі рынак, у вялікім аб’ёме экспартуецца сельгастэхніка. Пры гэтым Уладзімір Пуцін заявіў: “Беларуская тэхніка можа паступаць на наш рынак без абмежаванняў. Але пакуль ва ўмовах  крызісных з’яў мы не гатовы дапусціць беларускіх вытворцаў у праграму субсідавання тэхнікі”.

“Гэта ўсё праблемы бягучага характару, якія могуць выклікаць пэўныя трэнні, — сказаў Пуцін. — У цэлым кіраўніцтва Беларусі і прэзідэнт Беларусі з’яўляюцца прыхільнікамі інтэграцыйных працэсаў. Мы гэтым вельмі даражым, і яркім прыкладам такіх настрояў з’яўляецца падпісанне дакументаў аб стварэнні  адзінай мытнай прасторы, Мытнага саюза”.

Пуцін лічыць рашэнне аб стварэнні Мытнага саюза “вельмі важным”, “можа, адным з самых важных на постсавецкай прасторы”. “Гэта рэальны шлях да рэальнай інтэграцыі. Мы разлічваем, што гэтыя працэсы з Беларуссю і Казахстанам будуць развівацца  хуткімі тэмпамі і дадуць адчувальны вынік, таму што рынак пашыраецца, зніжаюцца адміністрацыйныя бар’еры”, — заявіў расійскі прэм’ер.

Поделиться: