Як паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін, у пастанове касацыйнай калегіі ВГС, што паступіла 1 снежня ў абшчыну, гаворыцца пра ўзяцце справы ў вытворчасць і прыпыненне рашэння Гаспадарчага суда Мінска да разгляду скаргі ў касацыйнай інстанцыі.

“Мы неаднаразова заяўлялі аб правамоцнасці нашай пазіцыі. І нават калі ВГС пацвердзіць законнасць рашэння аб высяленні, мы не будзем яго выконваць ні пры якіх абставінах, паколькі будынак набыты і адноўлены на грошы вернікаў. І любыя спробы забраць будынак мы расцэньваем як незаконныя, нават калі гэтыя спробы падмацоўваюцца рашэннямі судоў”, — падкрэсліў Луканін.

Нагадаем, 22 кастрычніка царква “Новае жыццё” абскардзіла рашэнне суддзі Гаспадарчага суда горада Мінска Алы Мірошнік ад 7 кастрычніка аб высяленні царквы з будынка па вуліцы Кавалёва, 72. У скарзе ўказваецца на “поўную беззаконнасць” рашэння суда, паколькі абшчына не атрымала ад дзяржавы належную кампенсацыю за будынак царквы, дастатковую для збудавання новага храма. Калі рашэнне будзе прыведзена ў выкананне, на вуліцы застануцца больш за адну тысячу вернікаў без магчымасці збірацца разам для малітваў і набажэнстваў, што з’яўляецца парушэннем правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду сумлення, гаворыцца ў скарзе.

Згодна з заканадаўствам, рашэнне суда ад 7 кастрычніка не набудзе законную моц да вынясення вердыкту касацыйнай інстанцыяй. Калі гэтая інстанцыя пакіне без змены рашэнне суддзі Мірошнік, яна выдасць загад, на падставе якога вернікі будуць абавязаныя пакінуць будынак царквы. Для выканання гэтага загаду судовыя выканаўцы атрымаюць магчымасць ажыццяўляць прымусовыя дзеянні, у тым ліку з дапамогай праваахоўных органаў.

22 жніўня сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі-перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. З 24 жніўня яны вядуць у храме бестэрміновае кругласутачнае малітоўнае дзяжурства.

Поделиться ссылкой: