21 лістапада сойм Партыі БНФ заявіў, што АДС больш не існуе. Паводле слоў намесніка старшыні партыі Ігара Лялькова, устаноўчыя дакументы аб стварэнні АДС не выконваюцца і фактычна страцілі сваю сілу. У прыватнасці, асноўны кіруючы орган АДС — палітсавет — не збіраецца з 2008 года, а ўсе прынцыповыя рашэнні прымаюцца “толькі некалькімі членамі прэзідыума палітсавета”.
Марголін паведаміў, што ў межах АДС працягваюць працаваць АГП, Партыя камуністаў Беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва”, аргкамітэты па стварэнні Беларускай партыі працоўных і жаночай партыі “Надзея”. “Гэтыя арганізацыі прарабілі вялікі аб’ём працы па выпрацоўцы і папулярызацыі антыкрызісных прапаноў, а таксама па выпрацоўцы і ўзгадненні з АБСЕ прапаноў па змяненні выбарчага заканадаўства”, — сказаў намеснік старшыні АГП.
На думку Марголіна, будучыня АДС залежыць “ад канкрэтнай дзейнасці, а не ад заяў прадстаўнікоў нейкай структуры”.
“АДС — гэта не палітычны блок, а шырокая кааліцыя, пляцоўка для пастаянных кансультацый і каардынацыі пытанняў, па якіх ёсць агульная згода. Што тычыцца АГП, то мы застаемся адданымі стратэгіі аб’яднання намаганняў і магчымасцей усіх прыхільнікаў перамен”, — зазначыў палітык.

Поделиться: