— Раскажыце, як вас занесла ў Кіеў падчас “памаранчавай рэвалюцыі”? Адкуль ўзнікла такое жаданне адстойваць правы і свабоды ўкраінцаў?

— Практычна арганізацыя паездкі ў Кіеў пачыналася ў камеры на Акрэсціна. Справа ў тым, што пяць гадоў таму, напярэдадні “памаранчавай рэвалюцыі”, Алякасндр Лукашэнка правёў чарговы рэферэндум дзеля таго, каб захаваць сваю ўладу. Супраць гэтага ў Мінску людзі выйшлі на плошчу. Прычым выйшлі дастаткова масава. Пратэсты працягваліся не адзін дзень. У выніку былі заведзены адміністрацыйныя справы, дастаткова шмат людзей апынулася на Акрэсціна. Практычна там, у камеры і было вырашана ехаць ў Кіеў.

Канешне, мы не прадбачылі тады “памаранчавай рэвалюцыі”, але спадзяваліся на пэўныя падзеі і хацелі зрабіць усё ад нас залежнае, каб расейскі імперыялізм не атрымаў украінскага прэзідэнта. У 2004 годзе, як вядома, Расія рабіла ўсё магчымае, каб прызначыць прэзідэнтам Украіны Віктара Януковіча. Беларускі інтарэс быў у тым, каб супрацьстаяць гэтаму.

Я сам асабіста прыехаў у Кіеў 18 лістапада, а 21 лістапада ў нашай групе было ўжо больш за 200 чалавек.

— Як праявілі сябе беларусы падчас гэтых падзей?

— Цікава, што першыя намёты на Майдане Незалежнасці ставілі менавіта беларусы. Справа ў тым, што ўкраінцы ў дзень выбараў былі заняты назіраннем, існавалі планы арганізаваць альтэрнатыўны падлік галасоў. Мы ж назіраннем не займаліся і засталіся начаваць на самім Майдане, а 21 лістапада там былі ўстаноўленыя першыя намёты. Ужо на наступны дзень па закліку Юліі Цімашэнкі пачалося намётавае мястэчка на Хрышчаціку, якое і бачыў увесь свет.

Дарэчы, яшчэ перад выбарамі каля месяца намётавае мястэка стаяла на плошчы Кантрактовай. Калі ў дзень выбараў адтуль была арганізавана дэманстрацыя на Майдан Незалежнасці, беларусы ішлі асобнай калонай. Мы неслі больш за 20 бел-чырвона-белых сцягоў. Хацелася, каб украінцы, якія ўжо былі на Майдане – іх тады было яшчэ няшмат — атрымалі зарад бадзёрасці і адчулі, што яны не адны. Людзей гэта вельмі уразіла. Нас нават папрасілі прайсціся па Майдану яшчэ некалькі разоў.

— А што было самым складаным у тыя дні?

— Пагодныя ўмовы аказаліся проста жахлівыя. Было вельмі холадна. Я, думаю, можа, гэта і ўратавала людзей ад таго, што ўлады так і не прымянілі супраць іх гвалт. Але ж было вельмі цяжка. Уявіце: турыстычныя намёты стаялі аж да сярэдзіны снежня. Ды і дастаткова працяглы час была пагроза, што ўлады могуць гвалтоўна разагнаць нас. Людзі, натуральна, вельмі стаміліся. Многія хварэлі. Толькі ў нас было некалькі чалавек, якія атрымалі на Хрышчаціку запаленне лёгкіх. З-за маразоў спаць амаль што не прыходзілася.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, людзі не сыходзілі. Я ніколі не забуду, як на перыметры, каля намётавага мястэчка на Хрышчаціку пад раніцу стаялі валыняне, а іх вейкі былі пакрытыя ільдом. Аднак яны працягвалі стаяць. Людзі з Заходняй Украіны ўвогуле прыязджалі ў джынсах і красоўках, абсалютна не ведаючы, якія маразы іх тут чакаюць.

Але гэта былі гістарычныя падзеі. І беларусы паказалі, што таксама гатовыя да ўсяго.

— Гэты вопыт потым быў пераняты на Плошчы?

— Гэтыя падзей хутчэй далі досведу нашай моладзі. Для іх гэта было вельмі неабходна, бо яны звыкліся да дробных акцый, хоць і цяжкіх. Напрыклад, тую дэманстрацыю, якая ішла ад плошчы Кантрактовай да Майдану вялі Мікіта Красноў – кіраўнік “Вольнай моладзі” і Артур Фінькевіч – сённяшні лідэр “Маладой Беларусі”. У старэйшых жа быў досвед, бо мінскія маніфестацыі адбываліся яшчэ пры камуністах.

Найбольш мяне тады ўразіла масавасць падзей ў Кіеве. Гэтага я абсалютна не прадбачыў. А яшчэ я заўважыў, што падчас рэвалюцыі на месцы адчувалася вялікая розніца паміж штабамі і простымі людзьмі на вуліцы. Далейшыя падзеі паказалі, што невыпадкова штабы былі асобна ад украінскай нацыі.

— Зараз, праз пяць год гледзячы на тое, што робіцца на Украіне, вы не лічыце дарэмнымі свае намаганні?

— Гэта было недарэмна. Так, як я, думаюць практычна ўсё, хто ўдзельнічаў у тых падзеях. Канешне, шкада, што ўкраінская нацыянальная эліта аказалася вельмі слабой і не змагла выкарыстаць гераічны подзвіг украінскай нацыі і саму “памаранчавую рэвалюцыю”. Шкада, што дагэтуль не вызначаны лёс Украіны — а мы ж ад гэтага таксама залежым.

А тым, што прымалі ўдзел у тых гістарычных падзеях, мы ганарымся. Хацеў бы таксама прывітаць ўсіх украінцаў і павіншаваць з пяціго
ддзем “памаранчавай рэвалюцыі”. І пажадаць ім, каб наступныя прэзідэнцкія выбары не зрабілі небяспекі для Украіны.

— А чаму ў нас не атрымалася паўтарыць украінскі сцэнар на Беларусі?

— Яшчэ атрымаецца. Мы яшчэ пабачым мільёны беларусаў на вуліцах Мінска.

Поделиться: