***

Мой бацька вайсковец. Калі я быў падлеткам, 5 год мы пражылі ў ГДР, а затым на два гады трапілі ў Туркменістан. У Ашхабадзе я адчуваў сябе абсалютна чужым ва ўсім: у тым, як апранаўся, што казаў, якую музыку слухаў. Я быў не надта гнуткі і не мог упісацца ў сістэму мясцовых традыцый. Абараняў дзяўчын, якія мне не належылі, не прабачаў жартаў з маім “дыпламатам”. Калі што, адразу даваў у лыч. Хлопцы ляцелі праз парту.

***

Аднойчы я вельмі наваляў мясцовым. Адпомсціць мне ў школу прыйшоў цэлы натоўп. Быць пабітым прылюдна мне было сорамна, і я накіраваўся дадому. За мной пайшло чалавек 10. Каля пад’езда ззаду нехта падскочыў і схапіў за плячо. Я развярнуўся і адразу даў у зубы. Мяне дубасілі нагамі. Дадому прыйшоў увесь заліты крывёю. Была такая злосць, такая безвыходнасць…

Сябры мне казалі: мы цябе падтрымліваем, але ж ты зразумей – ты з’едзеш адсюль праз год-два, а нам тут жыць. Калі нешта здаралася, яны адварочвалі вочы ў бок. Сітуацыя адзін у адзін як зараз у Беларусі. Ты адзін у апазіцыі, а ўсе астатнія кажуць: давай, наперад, а мы пакуль пачакаем.

***

На маіх другіх мясцовых выбарах мяне не зарэгістравалі, і людзі прагаласавалі

супраць адзінага праўладнага кандыдата. Як я, сябра Партыі БНФ, знайшоў агульную мову з жыхарамі акругі, палову якой складалі вайскоўцы? Перад салдатам выступай, не выступай – яму па барабану. Ён сядзіць і думае: я з іншага горада, з іншай вобласці, а тут нехта прыходзіць, “нешта уцірае, пакуль мучаюся ў сапагах”. Я зрабіў стаўку на сустрэчы з афіцэрамі. У іх такія ж самыя праблемы, як і ва ўсіх, мы жывем у аднолькавых дамах. А як афіцэр скажа, так салдаты і прагаласуюць.

***

З пункту гледжання цяперашніх улад мяне ёсць за што пасадзіць. За што пасадзілі Фінькевіча, Дашкевіча і іншых? За надпіс на сцяне, агітацыю супраць улад. А я ж таксама каламучу народ. Але ў спісе на адсідку пакуль не знаходжуся.

***

Некалі былі кампаніі, калі я адчуваў афігенную, велізарную падтрымку людзей. Але з кожнымі выбарамі мабілізаваць дэмакратычна настроеных выбаршчыкаў усё цяжэй і цяжэй. Людзі не хочуць ісці на выбарчы участак, не хочуць губляць час на тыя дзеянні, якія нічога не вырашаюць. Мы зараз цягнем на сабе ўвесь негатыў – і электарата, які падтрымлівае Лукашэнку, і электарата, які ва ўсім расчараваўся.

***

Адмаўляцца ад працы з выбарнікамі, адмаўляцца ад таго назапашанага капітала, які ёсць у асобе Мілінкевіча, ненармальна. Я не хацеў бы аддаваць палітычны працэс палітыкам, якія гатовы ўвесці расійскі рубль і якія дагэтуль спадзяюцца на дапамогу па дэкмакратызацыі Беларусі з боку Расіі. Я не магу даверыць ім лёс сваёй краіны.Таму я ў палітыцы.

***

Я не давяраю Расіі – гэта краіна, якая пастаянна знаходзіцца ў вайсковых канфліктах. Я не хачу тут бачыць рускіх салдат. Калі людзей апранаеш у форму, у іх падчас вайны прачынаецца нешта звярынае. А рускі салдат, па-мойму, адзін з самых страшных.

***

Калі я быў у Смаленску і Маскве, бачыў іх помнікі архітэктуры, у мне прачнулася нейкая настальгія. Быццам бы ўсё гэта ў мне было (і гэта 100% было да 1994 года), але я гэта прыдушыў. Аддаўся цалкам беларушчыне і адкінуў расейшчыну. І шмат што згубіў.

***

У палітычным жыцці Беларусі ўвогуле ніяк не задзейнічаны вялікія здаровыі слаі грамадства. Адказнасць на сябе браць ніхто не хоча. Па адной простай прычыне: веры ў змены няма. Калі ёсць вера, што цяперашні палітычны рэжым не зараз, але ўсё ж хутка пахіснецца і праз пяць год усё трэсне, тады людзі могуць пайсці на ахвяры і не баяцца згубіць працу. Але ніхто ні ў што не верыць.

***

Пакуль Лукашэнка ўсё кантралюе, ніхто з сур’ёзных людзей заяўляць пра свае амбіцыі не будзе. Але пры нармальных умовах у Барысаве на выбарах паспяховыя бізнесоўцы заткнуць за пояс любога добравядомага дэмакратычнага кандыдата. Ва ўладу пойдуць такія як Капскі – усе, хто фанацее за БАТЭ, прагаласуюць за яго. З цяперашняй апазіцыі толькі некалькі чалавек змогуць прабіцца ў парламент.

***

Калі мне было 32-33 гады я адчуваў сябе маладым. Зараз мне 35, і я пачынаю думаць: бляха, праз 5 год мне будзе ўжо 40. А гэта ўжо неяк і ўсё. З пункту гледжання грамадства я павінен буду быць з пузам, апранаць на сябе старыя апранахі. Маладым я дакладна ўжо не буду.

***

Дрэнныя думкі ад мяне адганяе тое, што ў мяне ёсць дачка. З іншага боку я думаю: а што я ёй дам? Пакуль ёй толькі 6 год, але я ўжо думаю, чым я ёй змагу дапамагчы, каб прайсці цяжкі этап навучання. Гэта мой самы вялікі галаўны боль.

***

Нягледзячы на тое, што я абсалютна падтрымліваю Мілінкевіча, я чакаю на з’яўленне новага лідэра. Маладосць і старасць – не загана і не станоўчая рыса. Але кандыдат павінен быць больш дынамічным. На маю думку, ёсць некалькі чалавек, якія пасля прэзідэнцкіх выбараў змогуць узяць пад кантроль сітуацыю ў дэмакратычным сектары.

Мае калегі па Руху «За свабоду» і Беларускім незалежніцкім блоку будуць страшэнна незадаволены тым, што я сказаў, але па-іншаму інтэрв’ю даваць я не ўмею. Што ў мяне на сэрцы, тое я і кажу. Упэўнены, што Мілінкевіч можа запрапанаваць новага лідэра.

Поделиться: