Намстаршыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што папярэджанне, вынесенае «Народнай волі», не толькі абмяжоўвае свабоду СМІ, але і супярэчыць закону.

18 лістапада газета «Народная воля» была папярэджана па артыкуле 38 — «Інфармацыя, распаўсюд якой у сродках масавай інфармацыі забаронены». Міністэрства інфармацыі ўгледзела ў артыкуле «Не перашкаджай іншым адстоўваць свабоду» (рубрыка «Кропка гледжання», № № 169–70 ад 29 кастрычніка) прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці.

Аўтар публікацыі, які падпісаўся Ігарам Драко, жыхар Менска, дзеліцца сваім меркаваннем адносна таго, як трэба дзейнічаць апазіцыі на наступных прэзідэнцкіх выбарах. У прыватнасці, гаворыцца пра тое, што ў выпадку фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2011 годзе беларусы павінны адстойваць свой выбар на плошчы. І каб на плошчу сабраліся 100.000 чалавек, трэба пачынаць працаваць з людзьмі ўжо зараз. Аўтар таксама піша пра неабходнасць вылучэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі ад апазіцыі.

Папярэджанне, вынесенае выданню, Андрэй Бастунец назваў «недапушчальным умяшаннем дзяржавы, у дадзеным выпадку Міністэрства інфармацыі, у свабоду выказвання меркавання». Паводле намстаршыні БАЖ, міністэрства ўвесь час выносіць папярэджанні недзяржаўным СМІ, аднак, як правіла, за тэхнічныя памылкі. Тут жа адразу некалькі рэдакцый папярэджанныя за змест выданняў.

Акрамя гэтага, паведаміў Андрэй Бастунец, Мінінфармацыі вынесла папярэджанне «Народнай волі» без выканання належнай працэдуры.

«Народную волю» вінавацяць у парушэнні Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», а менавіта ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Аднак, па-першае, само па сабе гэта шырокае выкарыстанне Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» ужо неаднаразова крытыкавалася з боку розных еўрапейскіх структур, — нагадвае Бастунец. – Па-другое, сама працэдура прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі тут не была вытрымана. Гэта рашэнне павінен прымаць суд, а не Міністэрства інфармацыі. Таму я лічу, што парушаны і формы, і змест закона. У дадзеным выпадку Міністэрства інфармацыі з аднаго боку абмяжоўвае свабоду СМІ, а з іншага боку – не прытрымліваецца нават той працэдуры, якая вызначана Законам «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Паводле словаў эксперта, вынесенае газеце папярэджанне можа быць звязана з будучымі прэзідэнцкімі кампаніямі.

«Маніторынгі, якія вядзе БАЖ, паказваюць, што ў перыяд выбараў альбо напярэдадні выбараў ціск на СМІ узмацняецца», — адзначыў А.Бастунец.

Намстаршыні БАЖ нагадаў, што палова незалежных газет была выкінутая з сістэмы «Саюздрука» і «Белпошты» акурат за паўгады да прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.

Нагадаем, што 18 лістапада Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла пісьмовыя папярэджанні чатыром незалежным газетам: «Ва-банкъ», «Наша Ніва», «Народная воля» і«Комсомольская правда в Беларуси». Папярэджанні вынесеныя ў звязку з парушэннямі гэтых СМІ патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Поделиться: