“Я лічу гэта рашэньне драконаўскім і недэмакратычным. Зьмяніліся часы, і ўсялякае абмежаваньне правоў грамадзянаў, нават калі яны дзяржаўныя чыноўнікі, не адпавядае рэаліям 21-га стагодзьдзя. Абмяжоўваць можна толькі людзей, якія ўяўляюць грамадзкую небясьпеку. Гэта супярэчыць гуманітарным мэтам, якія абвяшчае ЭЗ. Гэта вельмі дрэнна і для працы. Заклапочанасьць выказваюць мае калегі з асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Эўропы ў зьвязку з тым, што я зьяўляюся неўязной. Праз год адбудзецца юбілейная канфэрэнцыя ў Будапэшце з нагоды 20-годзьдзя асацыяцыі, і я думаю, што калегі будуць расчараваныя, бо гэта ставіць пад пытаньне магчымасьць майго ўдзелу. І яшчэ гэта прафэсійныя сувязі. Мы можам сустрэцца толькі на менскай тэрыторыі. Хаця мяне мае калегі ня могуць запрасіць у тыя ці іншыя краіны дзеля абмеркаваньня дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Для чаго гэта робіцца? Гэта ўсе поўная бязглузьдзіца. Гэта неразумна, недэмакратычна, але прадказальна”.

Тым ня менш у рашэньнях Эўразьвязу выказваецца спадзяваньне на дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства і правядзеньне свабодных выбараў у Беларусі. Спадарыня Ярмошына заявіла, што “асноўным дэмакратызатарам выбарчага заканадаўства, стваральнікам пераменаў па дэмакратычнасьці выбарчага працэсу” была якраз ЦВК пад яе кіраўніцтвам. Маўляў, у гэтым пляне “мы свае абавязкі выконваем”. На гэты момант зьмены ў выбарчы кодэкс дапрацоўваюцца ў галоўным прававым упраўленьні адміністрацыі прэзыдэнта. І цягам гэтага тыдня павінны быць унесены ў парлямэнт.

Ці будзе іх дастаткова, каб закрыць гэтае пытаньне ў дыялёгу з ЭЗ?

“Я не магу адказваць за ЭЗ. Толькі ЭЗ можа сказаць, ці будуць яны дастатковымі. Паколькі яны мяняюць свае патрабаваньні і плянкі рэгулярна і штораз тая ці іншая місія, залежна ад уласнага густу, жаданьня і погляду на жыцьцё, можа прад’яўляць новыя патрабаваньні. Таму я не магу назваць што-небудзь дастатковым”.

Поделиться: