Арганізацыя, якая ўваходзіць у структуру ААН, заявіла, што дасылае антывірусныя прэпараты ў разьвіваныя краіны, найбольш закранутыя сьвіным грыпам – Азэрбайджан, Аўганістан, Беларусь, Кіргізію, Манголію і Ўкраіну.

Раней Усясьветная арганізацыя аховы здароўя раіла чакаць вынікаў аналізаў перш чым даваць пацыентам антывірусныя прэпараты. Але цяпер спэцыялісты арганізацыі кажуць, што затрымка ў чаканьні на вынікі аналізаў можа прывесьці да сьмерці хворых, асабліва тых, хто ўваходзіць у групу рызыкі – цяжарных жанчын, дзяцей да 2 гадоў і людзей з праблемамі дыханьня.

Спэцыялісты УААЗ спасылаюцца на паведамленьні дактароў з рэгіёнаў закранутых эпідэміяй, што вірус выклікае ў некаторых пацыентаў вельмі рэзкае пагаршэньне – звычайна праз пяць ці шэсьць дзён пасьля першых сымптомаў. Пры гэтым часта пачынаецца вірусная пнэўманія, якая зьнішчае лёгкія і ня лечыцца антыбіётыкамі.

Мэдыкі, аднак, ня раяць ужываць антывірусныя прэпараты людзям, якія не ўваходзяць у групу рызыкі і маюць сымптомы звычайнай прастуды, а таксама здаровым людзям у якасьці прафіляктыкі.

Доктар Нікі Шындо, якая працуе ў праграме супраць грыпу, сказала журналістам у Жэнэве:

“Мы таксама рэкамэндуем, каб дэцэнтралізавалі разьмеркаваньне антывірусных прэпаратаў і гарантавалі, каб звычайныя дактары мелі доступ да гэтых лекаў для сваіх пацыентаў. Пацыенты не павінныя наведваць шпіталь для таго, каб атрымаць рэцэпт на антывірусны прэпарат”.

Поделиться ссылкой: