– Зянон Станіслававіч, як вы ацэньваеце працэс інтэграцыі Беларусі ў Еўропу?

– І я, і наша партыя аб гэтым выказаліся яшчэ месяц назад – санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў трэба пакінуць, – кажа суразмоўца. – Ніякай інтэграцыі з Еўропай не будзе, пакуль будзе гэты рэжым. Толькі змены ва ўнутранай палітыцы Беларусі прывядуць да інтэграцыі.

– Вы лічыце, што рэальныя змены ва ўнутранай палітыцы ў нас сёння магчымы?

– Пакуль існуе гэты рэжым – ніякіх зменаў не будзе. Будуць змены толькі на горшае.

– Як кажуць, не за гарамі чарговыя прэзідэнцкія выбары…

– Самы лепшы варыянт у дадзеным выпадку – гэта адкрытае змаганне з рэжымам. Гэта альбо адмовіцца ад тайнага галасавання, што ў гэтай сітуацыі вельмі цяжка, паколькі ёсць фармальныя захады, якія трэба ажыццявіць. Альбо выбары трэба байкатаваць. І на гэтай аснове кансалідаваць грамадства. Бо створана сістэма фальсіфікацый, у якой выбары выйграць нікому немагчыма, акрамя кіраўніка ўлады. Гэта засведчыла практыка пятнаццаці гадоў яго кіравання, усіх выбараў і рэферэндумаў, якія былі. Народ не мае ніякага кантроля над выбарамі і ніякага ўплыву. Абсалютна! І таму вывад зараз адзіны – павінен быць байкот і адкрытае змаганне з гэтай сістэмай. Толькі грамадскі ціск, кансалідацыя людзей і салідарнасць на гэтай глебе могуць гэтую сітуацыю зварухнуць з мёртвай кропкі.

– Ці верыце вы, што будуць нейкія рэальныя змены ў Выбарчым заканадаўстве, аб чым заяўляе ўлада?

– Не, не будзе зменаў. Магчыма, будуць нейкія фармальныя, малаістотныя перамены для таго, каб паказаць Еўропе, што тут нешта робіцца. Але ніякіх істотных зменаў не будзе, паколькі усім гэтым кіруе адзін чалавек. Яго задача – усімі сродкамі захаваць уладу.

– Зянон Станіслававіч, а чаму Еўропа стала такой лаяльнай да беларускага рэжыма?

– Таму што гэта яе палітыка на дадзеным этапе – паспрабаваць такі варыянт. Паколькі першы варыянт ізаляцыі і ціску пры дапамозе грамадства не даў вынікаў, то зараз спрабуюць іншы шлях, які яшчэ горшы. Адзіны варыянт, які дасць вынікі, – гэта сам народ, само беларускае грамадства, сама беларуская палітычная эліта і ўнутраная барацьба. Вось адзіны варыянт, які заўсёды ў свеце дае вынікі. І толькі ён дасць у нас. Усе гэтыя шашні Еўропы з беларускім рэжымам – гэта з’ява часовая. І вынікі ад яе будуць мізэрныя. Гэта не значыць, што іх не павінна быць, можа быць і такая палітыка. Але вынікі мізэрныя і да кардынальных пераменаў не прывядуць.

– А што можаце сказаць пра беларускую апазіцыю?

– Зараз тая апазіцыя, якую стварылі еўрапейскія структуры, яна ў стане поўнай дэградацыі, што і павінна было быць. А народнадэмакратычная апазіцыя знаходзіцца практычна ў падполлі, хоць яе ўплыў і шырэе, таму што яна валодае нацыянальная ідэяй. Той ідэяй, якая можа аб’яднаць усё грамадства, усю нацыю на барацьбу з антыбеларускім рэжымам. Гэтая ідэя шырыцца, і настроі ў людзей шырацца. Гэта паказалі адны з апошніх выбараў, калі стала вядома, што ідэя байкота знайшла падтрымку на большасці выбарчых участкаўі. Прыйшло не больш 30 працэнтаў людзей. Так што грамадства змяняецца, але змены гэтыя ў абстаноўцы адсутнасці сапраўднай інфармацыі – яны адбываюцца ўнутраным шляхам. Яны яшчэ яўна не выбіваюцца на паверхню.

– Чаму, на ваш погляд, апошнім часам беларускую апазіцыю раздзіраць сваркі, скандалы?.. Гэта такая апазіцыя ці гэта, як кажуць, работа спецслужбаў?

– У нашай партыі няма ніякіх сварак і скандалаў. У нас існуе толькі штодзённая праца. А што датычыцца той апазіцыі, якую стварыў спадар Ханс-Георг Вік, то гэтыя сваркі заканамерныя. Яе дзейнасць неканцэптуальная, залежная ад чужой палітыкі і чужых сродкаў. Яны не валодаюць нацыянальнай ідэяй, дзеля якой усе былі б аб’яднаныя. І таму заканамерна, што такая апазіцыя – гэта проста прылада ў руках чужой палітыкі. Яна вельмі абмежавана ў самастойнасці, і адпаведна, што пры першых жа знешніх ударах, пачынаецца развал. Але, трэба сказаць, што і работа спецслужбаў ідзе ў сваім рэжыме. І супраць іх не выпрацавалі аніякага імунітэта і прынцыпаў барацьбы. Але галоўнае не ў гэтым. Сёняшняя беларуская апазіцыя – бяззубая, у яе няма сілы, каб знаходзіць сродкі барацьбы. Беларусаў выратуе толькі нацыянальная ідэя…

Поделиться: