Міліцыянты затрымалі на шклозаводзе «Нёман» журналістаў Аляксандра Дзянісава і Аляксандра Халімона.

Аляксандр Халімон паведаміў «Радыё Свабода», што яго з калегам затрымалі ў той момант, калі яны пакідалі завод. Кіраваў затрыманнем намеснік дырэктара па рэжыме.

Больш за гадзіну журналістаў трымаюць на тэрыторыі завода.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, каля тысячы працоўных бярозаўскага шклозавода «Нёман» накіравалі адкрыты ліст пратэсту ў беларускі ўрад.

Працоўныя паведамляюць міністру Аляксандру Селязнёву пра крытычную сітуацыю, якая склалася на прадпрыемстве. Як сказана ў калектыўным лісце, працоўных некаторых участкаў з парушэннем працоўнага заканадаўства перавялі на няпоўны працоўны дзень без выплаты адпаведнай кампенсацыі, пачаліся рэгулярныя затрымкі заробкаў, а самі яны істотна зменшыліся, дадатковае харчаванне за шкодныя ўмовы працы даюць са спазненнем, а якасць прадуктовага набору значна пагоршылася. Працоўныя заўважаюць, за апошнія гады пры захаванні старых тэхналогіяў рэгулярна падвышаюць норму вырабаткі (апошняе падвышэнне запланавана на канец года адразу на 20%).

Паводле словаў працоўных бярозаўскага шклозавода, на прадпрыемстве наспявае канфліктная сітуацыя. Многія не бачаць выйсця і гатовыя на страйк.

Поделиться: