Паводле апошніх аператыўных даных Белстата, па стане на 23 кастрычніка 95% насельніцтва Беларусі было апытана перапісчыкамі і на перапісных участках. З рэгіёнаў краіны на першай пазіцыі ў перапісным рэйтынгу Віцебская вобласць, дзе 14—23 кастрычніка рэспандэнтамі стала 97% насельніцтва, на другім месцы Гродзенская вобласць (96%), на трэцім — Магілёўская і Брэсцкая вобласці (па 95%). У Гомельскай і Мінскай абласцях удзельнікамі перапісу стала 94% насельніцтва, у Мінску — 93%.

Паводле звестак спецыялістаў Белстата, найбольшая актыўнасць назіралася ў першыя дні перапісу. Цяпер перапісчыкі дапрацоўваюць тыя адрасы, па якіх з-за нейкіх прычын не змаглі патрапіць раней. У асноўным стаўленне грамадзян да перапісу добразычлівае, з разуменнум, аднак былі выпадкі, калі людзі адмаўляліся адказваць на пытанні перапісчыка. Так, напрыклад, асноўным пытаннем, на якое адмаўляліся адказваць мінчане, з’яўлялася пытанне аб месцы працы і пасадзе.

Усяго ў краіне было створана 648 перапісных, 6.326 інструктарскіх і 31.846 падліковых участкаў. Задзейнічана прыкладна 48 тыс. часовага перапіснога персаналу, у тым ліку 38 тыс. перапісчыкаў.

Усе непаспяховыя кватэры перапісчыкі наведвалі толькі ў суправаджэнні работнікаў міліцыі. Што да бяспекі насельніцтва, то, паводле папярэдніх звестак, ілжэперапісчыкаў у Мінску за ўсю кампанію выяўлена не было, а вось у рэгіёнах — здаралася.

Першыя папярэднія вынікі перапісу насельніцтва стануць вядомыя да лютага 2010 года. Будуць атрыманы выніковыя звесткі аб колькасці насельніцтва з размеркаваннем на гарадское, сельскае і па полу па рэспубліцы, абласцях, горадзе Мінску, абласных цэнтрах, гарадах з колькасцю 100 тыс. чалавек і больш. Да 1 верасня 2010 года будуць сфарміраваны асноўныя выніковыя звесткі па рэспубліцы, абласцях і Мінску з размеркаваннем насельніцтва па полу, узросце, нацыянальнасці, мове, адукацыі, стане ў шлюбе, крыніцах сродкаў існавання. Поўная апрацоўка персанальных даных будзе завершана да 30 снежня 2011 года. Выніковыя даныя перапісу будуць размешчаны на афіцыйным сайце Белстата.

На правядзенне перапісу плануецца зрасходаваць каля 21 млрд. рублёў, з іх 7 млрд. пойдзе на аплату працы перапісчыкаў.

Палажэннем аб парадку абароны персанальных даных вызначана, што прыватнасць інфармацыі забяспечваецца на ўсіх этапах перапісу — ад апытання рэспандэнтаў да заключнай апрацоўкі даных. Персанальныя даныя падлягаюць абароне на працягу 75 гадоў з дня іх давання рэспандэнтамі.

Апошні перапіс насельніцтва Беларусі прайшоў 10 гадоў таму.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»