Аляксандр Мілінкевіч: “Безумоўна, змены патрэбныя. Але я б тут не абсалютызаваў значэнне гэтых зменаў, таму што ў нас няма свабоднага суда, ёсць “тэлефоннае права”. У нас былі выпадкі, калі чалавек падпісваў за кандыдата ліст на вылучэнне і потым прыходзіў у суд і казаў, што, маўляў, я падпісваў. А суддзя кажа: “Не, вы не падпісвалі!” — вось і ўсё заканадаўства. Таму калі няма механізмаў, няма падзялення ўлады і няма механізму адстойвання сваіх правоў, то толькі змены ў выбарчым заканадаўстве — гэта маленькая кропелька, якая не вызначае лёсу дэмакратыі ў Беларусі, а толькі маленькі крок робіць”.

Па словах Мілінкевіча, сумленныя, роўныя і свабодныя выбары — гэта выбары, калі як мінімум ёсць доступ да людзей праз сродкі масавай інфармацыі, праз магчымасць сустрэчаў у рэгіёнах і г.д. Гэтага ўсяго, кажа палітык, у Беларусі няма, таму няма і роўнасці.

Нагадаем, што ўчора беларускія ўлады заявілі пра гатоўнасць да зменаў у выбарчым заканадаўстве згодна з рэкамендацыямі працоўнай групы АБСЕ. Беларускія чыноўнікі абяцаюць спрасціць працэдуры агітацыі і збору подпісаў для кандыдатаў у дэпутаты. А прэтэндэнтам на пасаду будучага кіраўніка дзяржавы дазволяць фінансаваць свае выбарчыя кампаніі з уласнай кішэні.

Поделиться: