Калі б заўтра адбыўся рэфэрэндум аб тым, якая мова павінна быць у Беларусі дзяржаўнай, звыш паловы рэспандэнтаў НІСЭПД прагаласавалі б «за дзьве дзяржаўныя мовы — беларускую і рускую». Толькі «за рускую» прагаласавалі б 15% рэспандэнтаў, а толькі «за беларускую» — 19.8%.

Дадзеныя былі атрыманыя пад час апытаньня, зладжанага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у верасьні 2009 году.

Адносна пытаньня мовы замежных СМІ, якія вяшчаюць на Беларусь, меркаваньне рэспандэнтаў яшчэ больш катэгарычнае: амаль 30% лічаць, што замежныя радыё і тэлепраграмы для Беларусі павінны вяшчаць «і на рускай, і на беларускай» («на рускай» — 21%, «на беларускай» — 9.9%).

Гэта пытаньне задавалася у сувязі са зьмяненьнем мовы вяшчаньня Радыё «Швэцыя» на Беларусь. Нагадаем, што нядаўна вяшчаньне радыё з-за праблем з фінансаваньнем было пераведзенае зь беларускай на рускую мову.

Згодна з папярэднімі дасьледаваньнямі цэнтру, цікаўнасьць да беларускай мовы падае. Так у чэрвені 2008 г. толькі 2.2% насельніцтва Беларусі карысталіся ў паўсядзённым жыцьці беларускай мовай (у пачатку 2007 г. гэты паказчык складаў 5.2%). Адначасова, колькасьць людзей, якія ўжываюць і беларускую і рускую, павялічылася на 3% (17.3% у чэрвені), як і колькасьць тых, хто ўжывае «зьмяшаную» мову (амаль 27%).

Рускай мовай у Беларусі карысталася тады крыху болей за палову насельніцтва (53.1%). За апошні час іх колькасьць зьменшылася на 1.1%.

Іншыя дадзеныя мае інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта, які нядаўна абвясьціў вынікі дасьледаваньня аб ужываньні беларускай мовы ў грамадзтве. Згодна зь імі, 72% рэспандэнтаў карыстаюцца ў паўсядзённым жыцьці рускай мовай, 11.9% — беларускай. У хатніх умовах часта ці час ад часу ўжываюць беларускую мову 35,1% рэспандэнтаў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»