«Еўрарадыё» паспрабавала высветліць, ці зможа жанчына перамагчы на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

27 верасня Нямеччына пераабрала канцлера Ангелу Меркель на другі тэрмін. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах літоўцы таксама абралі жанчыну — Далю Грыбаўскайтэ. Суседняй Латвіяй да сярэдзіны 2007-га таксама кіравала жанчына, а ва Ўкраіне прэзідэнтам можа стаць амбітная Юлія Цімашэнка. Становіцца відавочна: жанчыны ўсё больш уліваюцца ў палітыку, і калі не перацягваюць на свой бок палітычную коўдру, то, прынамсі, выраўноўваюць сваё палажэнне пад ёй. Паводле меркавання вядомага нямецкага палітолага Аляксандра Рара, у Германіі людзі даўно прызвычаіліся да жанчын-лідэраў і ўспрымаюць іх нароўні з мужчынамі.

Аляксандр Рар: “Я думаю, што нямецкае грамадства цалкам прызвычаілася ўжо да таго, што жанчыны займаюць высокія пасады ў палітычных партыях, у палітычных рухах, у грамадскім жыцці. Тут розніцы паміж мужчынам і жанчынай абсалютна ніхто не бачыць. У іншых культурах на гэта будуць глядзець дзіўна. Але ў тым і рэч, што Еўропа па-ранейшаму лічыць, што яна ідзе ў фарватэры прабуксіравання ліберальных ідэй у сусветнай гісторыі, што яна павінна сваім прыкладам ліберальнасці і адкрытасці мяняць свет. І таму такія прыклады, як першая жанчына на чале краіны спадарыня Меркель, лічаць, што яны сапраўды ідуць як піянеры ў фарватэры пэўнай палітыкі”.

Прадстаўніцы “слабога” полу сёння як ніколі патрэбныя і ў беларускай палітыцы. Такога меркавання прытрымліваюцца самі палітычна актыўныя жанчыны.

“Грамадства кансерватыўнае, але я лічу, што ў жанчыны у беларускім грамадстве шанцаў нават больш, чым ў мужчын, бо жаночая кандыдатура запатрабаваная ў нашым грамадстве. Я лічу, што вельмі перспектыўны ўдзел жанчыны ў выбарах, і мне здаецца, што яна акурат магла б зламіць сітуацыю. Я лічу, што ў Беларусі ёсць такія кандыдатуры”, — разважае сябра палітрады АГП Людміла Пеціна.

Сябра партыі БНФ і актыўная ўдзельніца мінулых парламенцкіх выбараў Валянціна Свяцкая таксама перакананая, што беларусы гатовыя прыняць жанчыну ў якасці лідэра. Аднак пры ўмове, што гэтая жанчына будзе дастаткова пазнавальная.

Валянціна Свяцкая: “Я лічу, што грамадства можа ўжо ўспрыняць жанчыну, і цалкам адэкватна. Але для гэтага існуе цэлы шэраг “але”. Каб жанчына сёння разам з мужчынамі раўнапраўна прэтэндавала на пасаду прэзідэнта, то неабходна, каб гэтая жанчына была ўжо дастаткова добра вядомая беларускай грамадскасці”.

На думку спадарыні Свяцай, усё ж пра жанчыну-кандыдата ў прэзідэнты размаўляць пакуль рана.

Тым часам меркаванні мужчын падзяліліся. Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін перакананы, што ў Беларусі даўно не хапае жанчын ў палітыцы і прыйшоў час мяняць гэтую сітуацыю.

Аляксандр Казулін: “Гэта добрая прыкмета, калі жанчына выходзіць на пярэдні план. Я лічу, што гэта якраз выклікі часу, і без гэтага мы не зможам рухацца наперад. Роля жанчынаў у грамадстве павінна павялічвацца. Можа быць, якраз тых якасцяў жаночых — вялікай любові, спагады, міласэрнасці — можа гэтага нам вельмі не хапае”.

У сваю чаргу палітолаг Дзяніс Мельянцоў кажа, што нашае грамадства пакуль проста не дарасло да такіх зменаў. Прычым не дарасло да гэтага нават дэмакратычнае асяроддзе.

Дзяніс Мельянцоў: “Наўрад ці за жанчыну прагаласуе большасць беларускага насельніцтва. Таму што усё ж такі беларуская ментальнасць досыць патрыярхальная, кансерватыўная, яна лічыць, што палітыка — гэта мужчынская справа. І жанчына, як і ва ўсякім патрыярхальным грамадстве, — ёй аддадзена хутчэй роля захавальніцы сямейнага ачагу, выхавальніцы дзяцей. Калі нават казаць пра нашыя палітычныя партыі, то роля жанчын там не на столькі заўважная, каб можна было казаць, што у дэмакратычным асяроддзі ёсць нейкая моцная палітычная фігура жаночага полу”.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і сацыёлаг Аляксандр Сасноў. На думку эксперта, у сённяшніх палітычных рэаліях жанчына шанцаў не мае.

Аляксандр Сасноў: “Ну, вось калі б ніякай працы не весці, і калі б, напрыклад, Лукашэнка кудысьці знік і трэба абіраць, то я думаю, што жанчыну не абралі б”.

Праўда, кажа спадар Сасноў, пры пэўнай працы з беларускім грамадствам, а таксама з іміджам жанчыны-кандыдата, поспеху ўсё ж дасягнуць можна.