Размовы пра тое, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў паперы аб памілаванні Шыгалава, у прадпрымальніцкіх колах з’явіліся некалькі дзён таму. На жаль, ні сваякі Шыгалава, ні ягоны адвакат не змаглі пацвердзіць нам гэтую навіну. Афіцыйнай інфармацыі ў аўторак у іх таксама яшчэ не было.

Але, мяркуючы па ўсім, крымінальная справа Яўгена Шыгалава блізкая да фіналу. Пра гэта піша выданне “Туі і цяпер”.Магчыма, што Шыгалаву не ўдасца пазбегнуць грашовых выплат і давядзецца кампенсаваць нейкі ўрон, але гэта прыйдзецца рабіць не за адзін дзень, а за пэўны час. Аднак крымінальнага пераследу Яўген Шыгалаў, хутчэй за ўсё, пазбавіцца.

Вядома, што аб памілаванні Аляксандра Лукашэнку прасіў і дырэктар ГД “Ждановічы” Аляксандр Ралько. Цалкам верагодна, што памілуюць і яго.

ДАВЕДКА “ТУТ І ЦЯПЕР”

Дырэктар Гандлёвага дома “Ждановічы” Аляксандр Ралько знаходзіўся ў СІЗА з 29 красавіка 2008 года па абвінавачанні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Пад вартай ён перанёс цяжкую аперацыю на шчытападобнай залозе. Сваякі Ралько некалькі месяцаў дамагаліся ад міліцэйскіх чыноўнікаў яго вызвалення пад заклад ці пад падпіску аб нявыездзе. 31 снежня 2008 года Аляксандра Ралько выпусцілі са следчага ізалятара.

Яўген Шыгалаў быў затрыманы 5 красавіка 2008 гады, арыштаваны 7 красавіка.

15 красавіка яму было прад’яўлена абвінавачанне ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, якія пацягнулі за сабой цяжкія наступствы ў выглядзе нанясення шкоды экалагічнаму асяроддзю. Яшчэ да арышту Я.Шыгалаў двойчы перанёс інфаркт міякарда, аперацыю на сэрцы, якую выканалі лонданскія медыкі. У СІЗА ў Шыгалава здарыўся трэці інфаркт. 26 чэрвеня ён быў вызвалены з-пад варты пад заклад 10 мільярдаў беларускіх рублёў. Праз некаторы час пасля вызвалення Шыгалаў адправіўся на кансультацыю да ангельскіх дактароў. Вярнуўшыся ў Беларусь, ён атрымаў пасведчанне інваліда другой непрацоўнай групы.

Пра тое, што Шыгалаў папрасіў аб памілаванні, журналістам на пачатку гэтага года аб’явіў тады яшчэ міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.

“Крымінальную справу Шыгалава мы практычна завяршылі, — заявіў 15 студзеня на прэс-канферэнцыі міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў. — Шыгалаў звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай дазволіць яму цалкам пакрыць нанесеную шкоду і прымяніць да яго артыкул дасудовага памілавання.

Я думаю, што МУС таксама выступіць з хадайніцтвам, каб кіраўнік дзяржавы ўсё ж такі ўжыў у адносінах да Шыгалава названы артыкул пасля таго, як ён пакрые нанесеную шкоду. Шкода, пра якую ідзе гаворка, ацэньваецца ў 85 мільярдаў беларускіх рублёў”.