Як паведаміў шведскі пісьменнік беларускага паходжання Дзмітрый Плакс, Акадэмічны слоўнік шведскай мовы, які складаецца і выдаецца акадэміяй, не ўтрымлівае афіцыйных геаграфічных назваў, але ўтрымлівае назвы народаў.

Плакс тлумачыць: слоўнік акадэміі — эталон словаўжывання, і паколькі новая назва беларуса — belarusier — паходзіць з назвы краіны — Belarus, павінна быць прынята рашэнне аб змене афіцыйнай назвы самой краіны.

На 1 кастрычніка прызначана пасяджэнне гэтак званай моўнай групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу арганізацый, у тым ліку Шведскай акадэміі і Шведскага дзяржаўнага моўнага савета. Яны разгледзяць пытанне афіцыйнай змены геаграфічнай назвы Беларусі на шведскай мове.

Як БелаПАН паведамляў раней, беларусы, якія жывуць у Швецыі, некалькі гадоў дамагаліся змены афіцыйнай шведскай назвы Беларусі. У іх адозве зазначалася, што цяперашняя назва Беларусі — Vitryssland — даслоўна перакладаецца як “Белая Расія”. Гэта, на іх думку, прыніжае суверэнітэт Беларусі “шляхам неабгрунтаванай спасылкі на Расію”. Апрача таго, з-за такой назвы шведы пастаянна блытаюць беларусаў з рускімі.

Актывісты кампаніі звяртаюць увагу на тое, што ўпершыню пытанне аб змяненні афіцыйнай назвы Беларусі з Vitryssland на Belarus узнімалася шведскім дэпутатам Урбанам Алінам у 1996 годзе. Шведскі моўны камітэт тады не падтрымаў гэтую прапанову, палічыўшы яе неабгрунтаванай.