У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел палітыкі Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч, Аляксей Янукевіч, Павел Севярынец. “Традыцыйна гэтая сустрэча па просьбе паслоў прайшла ў фармаце “не для прэсы”, — патлумачыў Лябедзька.

Паводле яго слоў, паслы папрасілі палітыкаў не канцэнтравацца на апісанні сітуацыі. “Было зразумела, што сітуацыю ў Беларусі яны ведаюць. Больш іх цікавіў адказ на пытанне: што рабіць?” — сказаў Лябедзька.

Лідэр АГП паведаміў, што ён прадставіў паслам сваё бачанне “праграмы” пад умоўнай назвай “Крэдыты і інвестыцыі ў абмен на свабодныя выбары, адсутнасць рэпрэсій і палітычных зняволеных”. “Цалкам зразумела, што Беларусь цяпер вельмі залежная ад знешніх запазычанняў. І тое, што крэдытная палітыка Еўропы ў дачыненні да Беларусі можа паўплываць на сітуацыю са свабоднымі выбарамі, разумеюць нават вядомыя еўрапейскія палітыкі. Таму свабодныя выбары — гэта галоўная мэта і галоўная задача, якой павінна дабівацца Еўропа ў абмен на інвестыцыі і крэдыты”, — мяркуе Лябедзька.

На яго думку, арыентацыя на свабодныя выбары дазволіць палепшыць сітуацыю па дэмакратызацыі іншых сфер грамадскага жыцця.

“Свабодныя выбары немагчымыя без наяўнасці свабоднай прэсы, рэгістрацыі палітычных структур і грамадскіх аб’яднанняў, ва ўмовах палітычных рэпрэсій. Галоўнае ў арыентацыі на свабодныя выбары — каб улады зрабілі сістэмныя змены ў бок празрыстасці гэтага працэсу, а не абмежаваліся касметыкай”, — лічыць Лябедзька.

Лідэр АГП у гутарцы з пасламі выказаў таксама сваё меркаванне аб удзеле Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”. Ён мяркуе, што павінна праводзіцца сістэмная праца па ўключэнні ў рэалізацыю гэтай праграмы палітычных суб’ектаў нароўні з уладай.