bulletгалоўнае онлайн:

Лепшае

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Вольга Шчадрына, жонка Леаніда Дранько-Майсюка: «Чалавек павінен слухаць сваю душу…»

Аўтар: I 4 жніўня 2017 г. 13:02

Жонка паэта – гэта, вядома, асобная прафесія. Або прызначэнне. Тым больш такога вытанчанага, самабытнага паэта-лірыка, як Леанід Дранько-Майсюк.

Ён прысвяціў жанчынам дзясяткі вершаў, гэта наогул галоўная тэма яго лірыкі – грэшная любоў да чужой жанчыны. Прычым, здаецца, ён (яго герой, натуральна!) ад гэтай сітуацыі атрымлівае асалоду... А што робіць у гэты час яго жонка? Як ёй існуецца ў рэальным свеце побач з такой таленавітай пеўчай птушкай?

Наша гутарка пацвердзіла мае здагадкі: Вольга – спакойная паўнаводная рака. У ёй, як у глыбокай вадзе, можа адбівацца і неба, і цудоўная птушка, і буры праносяцца над ёй, і нават штормы. Але сваім берагам яна не зменіць ніколі.

– Вольга, ведаю, што з беларускім паэтам Леанідам Дранько-Майсюком вас пазнаёміла Масква, не Мінск.

– З лёсам не размінешся. Лёня вучыўся ў Маскве ў Літаратурным інстытуце.

– Але вы, масквічка, вучыліся ў Мінску, у БДУ. Такі віраж…

– Ну, у вас дачка паехала ў Амерыку вучыцца, а мне таксама хацелася куды-небудзь з’ехаць ад бацькоў. А калі сур’ёзна, у мяне з Беларуссю былі даволі цікавыя адносіны. Мама – з Гомельшчыны, мы з сястрой кожнае лета ездзілі да бабулі. І Мінск мне падабаўся, хацелася тут пажыць. А як гэта здейсніць? Паступіць вучыцца! Але завочна, таму што ўжо працавала мантажніцай на тэлэбачанні ў Маскве.

– Нечаканы выбар: з Масквы ў Мінск – гэта ж са сталіцы ў правінцыю.

– Не! Я так абсалютна не лічыла. Ды і заўсёды ішла па жыцці так, як мне хацелася. Лёня пасля заканчэння Літаратурнага інстытута таксама мог застацца ў Маскве, і хто-небудзь на яго месцы так бы і зрабіў. Шмат хто заставаўся ў Белакаменнай, дзеля маскоўскай прапіскі рабілі што заўгодна. У нас такога не было. Мы не тыповая сям’я.

– Ваша каханне – гэта было імгненнае азарэнне?

– Спачатку наша знаёмства выглядала як неабходнасць. У мяне набліжалася чарговая сесія, залік па беларускай мове. Мне, масквічцы, патрэбна была вусная практыка, але з кім? Кніжкі я, безумоўна, чытала, але гэтага мала. І вось мама, кансультант па беларускай літаратуры Саюза пісьменнікаў СССР, сама пазнаёміла мяне з Лёнем: размаўляй, дочачка, са студэнтам Літінстытута для практыкі. Мама нават узяла нам запрашальнікі ў Дом літаратара – Яўген Еўтушэнка ў той вечар чытаў урыўкі са свайго рамана «Ягодные места». Быў снежань 1979 года. Мы дамовіліся аб сустрэчы па тэлефоне, яшчэ не ведаючы адно аднаго. Абмяняліся прыкметамі. Яго асноўная прыкмета: новае паліто пясочнага колеру. Мая: кажух з доўгім каўняром. Такая вопратка з аўчыны модная тады была ў Маскве, а для Лёні, як ён потым прызнаўся, было дзіўна бачыць масквічку ў кажусе!

– Вы мелі выгляд, нібыта самі паходзілі з яго роднага Давыд-Гарадка!

– Так. Пасля вечарыны Лёня мяне праводзіў дадому. Я запрасіла кавалера-палешука на вячэрні чай. «Что желаете? Вот сыр у меня еще есть…» Лёня адказаў лапідарна: «Сыр!» Як потым высветлілася, сыр ён цярпець не мог. «Почитаете что-нибудь?» – спытала я дзеля ветлівасці. «Пачытаю!» Але я гляджу на гадзіннік – адзінаццаць вечара, мне назаўтра на працу, ужо спаць пара. А ён як пачаў чытаць вершы… Нарэшце я прызналася, што мне заўтра рана ўставаць, баюся праспаць. «Я вас пабуджу па тэлефоне!» І патэлефанаваў жа! З таго часу мы не развітваліся ні на дзень. Мне было 21, яму 22 гады. Праз паўгода я яму сказала: «Дранько, не пора ли нам оформить наши отношения?»

Гэта значыць вы першая зрабілі яму прапанову?

– Так, я зрабіла. Таму што па давыд-гарадоцкіх мерках таго часу малады палешук без сваёй хаты не быў гатовы да шлюбу. Але я не хацела чакаць. Мне хацелася быць разам з ім і ўсё! Як і дзе? Невядома. Як-небудзь... Але для маёй маці, шчыра кажучы, гэта было нечаканасцю. Яна не ведала, што за край такі – Давыд-Гарадок, адкуль гэты дзіўны студэнт… З такімі кудлатымі валасамі… А ён тады любіў хадзіць з доўгімі валасамі.

– Але быў вельмі пяшчотны, далікатны…

– Так, і пяшчотны, і далікатны, мог гадзінамі расказваць вясёлыя гісторыі, а мог дзень цэлы маўчаць і слова ад яго не пачуеш... Лёня розны. І абсалютна арыгінальны. Я і па сёння да канца не ведаю, які ён... Але лічу яго апошнім сапраўдным давыд-гарадчуком. Сённяшнія гарадчукі нічым асаблівым не адрозніваюцца ад астатніх беларусаў, яны цяпер універсальныя. А тады, у 1970–1980-я, адрозніваліся – і гаворкай, і звычаямі, і прыказкамі, і прымаўкамі. Лёня ўсё гэта ўвабраў у сябе.

– А потым патроху выхоўвалі яго пад сябе? Абгабляваць – гэта нам, жанчынам, так уласціва.

– Не-не! Натура засталася ў чыстым выглядзе. У загс, памятаю, даехалі на метро. Дранько-Майсюк хваляваўся. Я з яго смяялася. Разумееце, для мужчын загс – гэта ўсё, рубікон. Калі ажаніліся, з’ездзілі ў Ленінград на тры мядовыя дні – такі адпачынак далі мне тады на працы.

– А як вам падаліся яго бацькі?

– Маці была вельмі артыстычная таленавітая жанчына – «жывая газета», бо ўсё знала, пра ўсіх ведала, вельмі цікава ўмела расказваць. Бацька – той іншы, негаваркі, але майстравіты. У натуры Лёні бацька і маці сышліся разам. Я Лёню доўга вывучала, такіх, як ён, я ніколі не сустракала. Думаю, мяне з ім звяло і каханне, і інтуіцыя...

– А як вас, масквічку, прыняў Давыд-Гарадок?

– «Навошчо ўзяў з Москвы? Але шчо ўжэ зробіш…» – прыблізна так. Пабойваліся. Не разумелі, што са мной рабіць. А пасля я паехала ў Давыд-Гарадок з Масквы нараджаць…

– Тонкі дыпламатычны ход да мужавай радні?

– Не, я так далёка не думала. Адназначнага адказу і цяпер няма. Я не ведаю, але сёння не паехала б нізашто. Рамантычнае, савецкае, легкадумнае дзяўчо... І вось цяжарнасць мая на восьмым месяцы, а мы спачатку ляцім на самалёце (сцюардэсы баяліся, што я ў паветры нараджу), а потым яшчэ дзесяць гадзін трэсліся на начным аўтобусе. Ні ў якія нармальныя рамкі не лезе. Затое цяпер мой сын лічыцца народжаным у Беларусі! Што добра.

– Свякроў ацаніла ваш патрыятызм?

– Яна ацаніла трошкі іншае. Калі я ўжо нарадзіла, акушэрка як бы між іншым кажа: «Ой, ваш свёкар так п’е…» А я адказваю: «Затое ён выдатны цясляр!» Гэта чула свякроў, якая прыйшла мяне адведаць, і потым доўга хваліла: «Малайчына!» І я зразумела, што прайшла выпрабаванне. Мы адна да адной ставіліся з павагай, але блізкасці не было. Я заўсёды з ёй на «вы», звярталася да яе «Любоў Аляксееўна». Яна крыўдзілася: «Што ты як настаўніцу мяне завеш?»

– Што вас у мужу здзіўляе да гэтага часу?

– Талент і эрудыцыя. Ён выключны эрудыт. І літаратуру любіць па-сапраўднаму – беларускую, вядома, перш за ўсё! Для мяне Дранько-Майсюк – нацыянальны інтэлектуал, чалавек энцыклапедычных ведаў пра мастацтва і культуру.

 – А вось успомніце: вы спачатку закахаліся ў паэта альбо ў маладога чалавека?

– Я думаю, усё ішло паралельна. Памятаеце, я казала: ён адразу ж пачаў чытаць свае вершы. Ды і даволі хутка мне давялося іх друкаваць на машынцы для дыплома.

– Вы па-ранейшаму першая чытачка твораў мужа?

– Так. Але я ніколі не кажу кампліментаў. Можа, з пункту гледжання Лёні гэта выглядае як мінус, але не кажу.

– А калі падабаецца?

– Тады гэта не камплімент, а праўда. Жорсткая праўда! Але, калі не падабаецца, кажу: «Прабач…»

– І што Леанід?

– Нічога. Паэт павінен слухаць толькі самога сябе. І, бывае, застаёмся кожны пры сваім. Хоць мы і пражылі разам вельмі шмат – 36 гадоў, – але ментальнасці ў нас розныя, і таму ўспрыманне рознае бывае. Апошнім часам Леанід больш займаецца архівамі і прозай. Пазалетась у “Верасні” і сёлета ў «Дзеяслове» выйшлі два ягоныя апавяданні пра Давыд-Гарадок, і гэта ўжо звышрэалізм, жорсткі рэалізм. Ён раней паэтызаваў Давыд-Гарадок, а цяпер – ніякай паэзіі.

– Адчуваецца расчараванне?

– Ёсць і такое… У нас краіна такая… Грамадства такое: людзям не патрэбна сваё. Я так лічу. Тым, хто займаецца беларускай культурай, вельмі цяжка. Няма належнай ацэнкі працы. А ў мяне ў сям’і іх двое, муж і сын, – яны любяць сваё. Але сваё іх не вельмі любіць! У мяне сын Васіль апантаны, з раніцы звоніць, напрыклад: «Мама, у паэта Алеся Дудара такія цудоўныя вершы!» І пачынае чытаць… Сын проста захоплены нашай літаратурай!

– І вам даводзіцца шукаць заробкі?

– Не, так казаць нельга. У нас у сям’і галоўны – Леанід Васільевіч. І гэта абсалютна неадменны закон. Лёня – выдатны муж! Уладзімір Караткевіч мне заўсёды пра яго казаў: «Не ведаю, за што табе так пашанцавала. Займела такога цудоўнага хлопца!» Караткевіч з мяне трохі пасмейваўся, бо я была тады маладая і манерная. Але Леаніду Дранько-Майсюку, я лічу, таксама пашанцавала, што ў мяне няма вялікіх матэрыяльных патрабаванняў. Яны ў меня вельмі сціплыя – тое, што ёсць, мне дастаткова. А для мужчын галоўнае – іх справа, яны жанаты са сваёй справай. Для Дранько-Майсюка яго творчасць – абсалютны прыярытэт, без свайго пісьмовага стала ён дакладна не можа. Я гэта бачу і паважаю.

– А ўласныя амбіцыі?

– У мяне не было амбіцый. Нават у школьным сачыненні я пісала, што мая мара – мець сям’ю. Увогуле я лічу, што нармальнае жыццё для жанчыны – гэта калі ёсць сям’я, асабліва калі ёсць дзеці.

– Леанід вельмі хутка праславіўся. Як вы ставіліся да яго славы?

– Так, ён хутка стаў запатрабаваны. Артыстычны, прыгожы, яго любілі запрашаць на тэлебачанне. Жанчынам падабаўся. Але я ставілася да ўсяго такога абсалютна спакойна. Усе прысвячэнні для Эл., для А. – гэта творчасць, гэта – калі ласка, хаця я не выключаю, што былі і канкрэтныя жанчыны, якія натхнялі на выдатныя вершы. На нашай сям’і гэта адмоўным чынам не адбілася. Я адрозніваю паэта ад мужа і звычайнага чалавека. Калі Леанід Дранько-Майсюк  знаходзіцца за сваім сталом, гэта, як прынята казаць, іншая іпастась яго асобы.

– Вы любілі збірацца кампаніямі – мінскай багемай, так бы мовіць?

– Шчыра кажучы, гэта не так цікава, я ўвогуле не люблю так званую багему, вясёлыя кампаніі паступова пакінулі наш дом. Дарэчы, у кожнага з нас было сваё кола сяброў. Я працавала ў БЕЛТА і сябравала з журналістамі, а Лёня працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” – у яго былі свае сябры... Галоўнае тое, што ў нашай сям’і, у прасторы нашай кватэры стварыўся свой асаблівы свет, які для мяне заўсёды цікавейшы за тое жыццё, якое праходзіць за сценамі нашага дома.

– Леанід – челавек цэльны. Ён не памяняўся, хоць усё вакол памянялася. І вось расплата: яго пересталі часта клікаць на тэлебачанне, на афіцыйныя святы, перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Вы абмяркоўвалі з ім гэта пытанне? Гэта ж заробак, дабрабыт сям’і.

– Чалавек павінен слухаць сваю душу. Калі можа пераступіць маральныя прынцыпы, значыць, можа. Калі не можа – хай не пераступае, інакш будзе сабе даражэй. Леанід даволі балюча ўсё ўспрымае... Ён робіць так, як яму падказвае сумленне. У гэтым сэнсе ён несучасны. Ну што пра гэта казаць? Такім, як ён, жыць складана.

А вам?

– Я абсалютны скептык.

– Побач з рамантыкам?

– Сапраўды. У Леаніда эмоцыі, пачуцці, а ў мяне Масква за плячыма. Масква цягне да прагматызму. Затое ў асабістым жыцці ў нас пачалося нейкае новае жыццё. Быццам новае каханне.


Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.