bulletгалоўнае онлайн:

Лепшае

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Алена АНІСІМ: “Сваё каханне я знайшла на стадыёне”

Аўтар: I 4 жніўня 2017 г. 12:57

Хутка будзе год, як намесніца старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы” Алена Анісім стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Пра малавядомыя факты свайго жыцця, пра сям’ю, палітыку і дэпутацкія заробкі яна распавяла ў гутарцы з карэспандэнтам “Народнай Волі”.

…Мы п’ём каву, і Алена Мікалаеўна пачынае з успамінаў пра дзяцінства і родную вёсачку Савані, што ў Стаўбцоўскім раёне.

– Вырасла я ў сям’і педагогаў, – распавядае яна. – У 1960-я гады жыццё было ў нейкай ступені лягчэйшае, чым у 1940–1950-я, таму што пэўны дабрабыт людзі мелі. Але ўсё роўна з дзяцінства запомнілася, як у крамах прадавалі ў нагрузку ржавы селядзец, як бацька ездзіў у Мінск за прадуктамі...

У школу мяне ўзялі вучыцца раней часу “ўмоўна”. І толькі таму, што бацькі былі настаўнікі. Яны не хацелі мяне ні з кім пакідаць дома, а я ўжо ў чатыры гады чытала. Увогуле, гэта была мара бацькі – навучыць мяне чытаць. У сям’і было трое дзяцей (я і два старэйшыя браты), відаць, хацелася як мага больш перадаць самай малодшай. Памятаю, давалі мне ў рукі “Настаўніцкую газету”, і, пакуль мне па складах чыталі слова “настаўніцкая”, я ўжо сама выдавала: “Газета”. З таго моманту і адчула сябе пісьменным чалавекам. Таму ў школу пайшла раней, у класе вучылася з дзецьмі, якія былі старэйшыя на год-паўтара. Першы год мяне не запісвалі, але, калі ўбачылі, што са школьнай праграмай добра спраўляюся, то ў другі клас ужо афіцыйна прынялі.

– А хто больш займаўся вашым выхаваннем?

– У сям’і большым быў мужчынскі ўплыў. Для мяне і сёння мужчына – гэта энергія, інтэлект, воля, смеласць, прынцыповасць. Бацька сам пастаянна павышаў сваю адукацыю і мяне падштурхоўваў да нечага новага. Напрыклад, навучыў катацца на каньках, калі мне было шэсць гадоў. Пасля гэтага я так палюбіла канькі, што кожны год зімой хадзіла на лёд.

Дарэчы, мая мама добра грала на гітары і спявала ў настаўніцкім гуртку, дый бацька любіў спяваць. І менавіта ён прывіў мне любоў да спеваў, а пасля пачаў вучыць французскай мове, хаця сам дасканала валодаў нямецкай.

– Якія прадметы вашы бацькі выкладалі ў школе?

– Мама – матэматыку, а бацька – рускую і беларускую мовы, а часам і нямецкую. Шчыра кажучы, яны рэдка сачылі за маёй паспяховасцю, тут ужо больш была мая персанальная адказнасць. Таму вучылася так, каб не было сорамна бацькам-педагогам, хаця мяне вучылі зусім іншыя настаўнікі.

Я вельмі шмат чытала, і часам мяне нават выпіхвалі на вуліцу, каб падыхала свежым паветрам. Праўда, потым з вуліцы трэба было назад зацягваць у хату. Але тут ужо ў выхаванні дапамагалі старэйшыя браты, і мне таксама хацелася нешта ўзяць ад іх. Яны абодва закончылі філалагічны факультэт, пайшлі па бацькавых слядах. Я таксама марыла стаць настаўніцай, гэта, мабыць, ужо быў нейкі запраграмаваны код – працягваць бацькоўскую справу.

Дарэчы, у тыя часы была такая модная спецыяльнасць, як ЭВМ, і я ўжо сур’ёзна падумвала, каб пайсці па гэтым шляху. Пазнаёмілася з дзяўчынай, мы збіраліся разам паступаць. Але за дзень да падачы дакументаў бацька сказаў так: “Адгаворваць не буду, але ці цікава табе будзе працаваць з электронна-вылічальнымі машынамі?” І вось тая нязмушаная парада прымусіла мяне задумацца. Дакументы я перадумала падаваць. Тым больш што любіла танцаваць, марыла, акрамя ўсяго іншага, паступіць у харэаграфічнае вучылішча. Праўда, і тут з’явілася праблема. Па ўзросце ў вучылішча падыходзіла, а па адукацыі ішла з апярэджаннем на два гады. Зразумела, што ісці ў сёмы клас замест дзявятага мне не хацелася. Адным словам, лёс склаўся так, што паступіла ў БДУ таксама на філалагічны факультэт.

– Студэнцкія гады – вясёлае жыццё…

– Хапала ўсякага. Былі будаўнічыя атрады, працавала гідам-перакладчыкам, што давала магчымасць падарожнічаць. Першыя два гады жыла ў сваякоў, а затым са знаёмай дзяўчынкай здымалі пакойчык у кватэры. Пасля далі пакой у інтэрнаце…

– Кажуць, што зараз хлопцы на філфаку – даволі рэдкія экспанаты. У вашы часы было гэтак жа?

– У наш час хлопцаў на філалагічным факультэце хапала. Са мной вучыліся Вінцук Вячорка, Сяргей Запрудскі, Лёня Балтушкін, Дзмітрый Харытонаў, Анатоль Клімовіч і яшчэ шмат хто…

А ўвогуле, не да хлопцаў было, грамадскае жыццё кіпела. Менавіта на нашым курсе ўзнікла спеўна-драматычная “Майстроўня”. І беларуская мова стала адным з тых маральных маркераў, паводле якога і адбылося такое згуртаванне. Мне было 18 гадоў, да Беларушчыны я прыйшла свядома. З таго часу ўсё гэта ў маім жыцці і застаецца.

– Вы, напэўна, і ва ўніверсітэце былі выдатніцай?

– Памятаю, што адзін семестр наогул не атрымлівала стыпендыю. У першую ж сесію мяне “зарэзала” Таццяна Шамякіна, якая выкладала “Уводзіны ў літаратуразнаўства”. Відаць, я пераацаніла свае сілы. Да таго ж мне падабаецца літаратура, але я не люблю яе тэорыю. Калі вучылася ў школе, у мяне была мэта – атрымаць залаты медаль. А падчас вучобы на філфаку быць выдатніцай у мае планы абсалютна не ўваходзіла. Хацелася пазнаваць нешта новае, а “чырвоны дыплом” не з’яўляўся той каштоўнасцю, да якой трэба ісці любой цаной.

– А ці была мэта ў студэнткі Алены Анісім хутчэй выйсці замуж? І як увогуле сустрэлі сваё каханне?

– Скажам так, увагай хлопцаў я не была абыдзена, але сваё каханне знайшла… на ўніверсітэцкім стадыёне. Шчыра кажучы, бліжэй да заканчэння ВНУ ўжо з’яўляліся думкі аб стварэнні сям’і, і дзесьці на чацвёртым курсе разам з групай іншых дзяўчат, якіх таксама не радавалі перспектывы незамужняга жыцця, пачала хадзіць на стадыён, які знаходзіўся побач з інтэрнатам. Апраналі трыко “ў абцяжку”, рабілі там нейкія практыкаванні, займаліся аэробікай. Побач з намі вучыліся і жылі фізікі і матэматыкі, і яны часам з’яўляліся на стадыёне. Адным словам, мяне заўважылі менавіта там. Да таго ж мой будучы муж, які вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце, у інтэрнаце яшчэ і дыскатэкі арганізоўваў, таму знаёмства працягнулася ў больш музычнай абстаноўцы. А ўжо праз год мы ажаніліся.

– Вяселле ў Мінску было?

– У вёсках. Спачатку ў мяне адгулялі, затым паехалі ў Баранавіцкі раён да мужа. Дарэчы, быў цікавы момант, калі госці з боку мужа да нас на вяселле дабіраліся. Дарогу яны добра не ведалі, нашу вёску праехалі і рушылі далей. А нявеста чакае-чакае – жаніха няма. І мой брат, які працаваў у той час у міліцыі (лёс склаўся так, што пасля філфака ён перайшоў на працу ў праваахоўныя органы), паспрыяў таму, што калегі, якія стаялі на пастах, своечасова дапамаглі жаніху, што заблукаў са сваім вясельным поездам, знайсці дарогу да нявесцінага дома.

– Знайшоў ці, можа, ужо дадому накіраваўся?

– Прывезлі, куды ж ён схаваецца! (Смяецца.) Памятаю, на вяселлі было шмат людзей, а нашы сваякі, якія ехалі з Літвы, таксама па дарозе перажылі прыгоду – перакуліліся на “Жыгулях” у кювет. А яшчэ запомнілася, што сын старэйшага брата захацеў сядзець за сталом побач са мной. Блізкія мужа не ведалі, што гэта за хлопчык, а таму адзін дзядуля ў мяне і запытаўся: “Такога дарослага сына ўжо маеш?” Адным словам, пасмяяліся.

– Ці складана даводзілася маладым у самастойным жыцці?

– Больш за пяць гадоў мы жылі з мужам на здымных кватэрах разам з іх гаспадарамі, таму здараліся розныя жыццёвыя моманты. Але мы былі маладыя і жыццярадасныя. Відаць, так ужо нас выхавалі: разлічвалі толькі на сябе. Зрабіў – маеш. Тыя, хто вырас у вёсцы, добра ведаюць гэты прынцып жыцця. Калі мы прыязджалі да бацькоў мужа, свякроў падымала сына ў пяць гадзін раніцы і казала яму так: “Нават камяні ў такі час ужо варушацца”.

– З працай на той час праблем не было?

– Толькі я атрымала дыплом, як нарадзіла першага сына Аляксандра, мне тады і 21 года не было. Натуральна, і на працу не паспела ўладкавацца. Раней год можна было атрымліваць матэрыяльную дапамогу, паўтары года быць у дэкрэтным адпачынку. Але ў хуткім часе (праз год і восем месяцаў пасля нараджэння першага дзіцяці) з’явіўся і другі сын Мікола. І напярэдадні я ўжо адмыслова пайшла на працу ў дзіцячы садок. Адпрацавала там два тыдні – і зноў у дэкрэт. А трэцяга сына нарадзіла, калі мне ўжо было 30 гадоў. Пасля таго як нарадзіліся двое дзяцей, перайшла працаваць у школу, дзе выкладала беларускую мову і літаратуру, затым была праца ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук.

Муж пасля ўніверсітэта па размеркаванні працаваў на “Інтэграле”, пасля спрабаваў сябе ў бізнесе. Зараз на пенсіі, унукаў старэйшага сына гадуе. А я займаюся беларусізацыяй унучкі. Яна, дарэчы, вельмі любіць беларускія вершы і запамінае іх лепш, чым на рускай мове. Артыстычная дзяўчынка, верш Артура Вольскага “Дзіўны дзед” чытае так, што заслухаешся.

–Вы з мужам з самага пачатку марылі аб шматдзетнай сям’і?

– Я сама з такой жа, і для мяне гэта быў дадатковы аргумент, каб мець менавіта столькі дзяцей, колькі ёсць зараз. Марыла пра гэта, а вось муж неяк прызнаўся, што не вельмі хацеў мець больш за адно дзіця. Але тут ужо была мая воля, і сёння я ні аб чым не шкадую. Не заўсёды з сынамі пагаджаюся, яны, натуральна, больш схільныя да мужчынскіх паводзін.

– Ці складана было з трыма дзецьмі?

– З трыма стала куды прасцей, таму што ўжо старэйшыя (а ім на момант нараджэння малога споўнілася 7 і 9 гадоў) дапамагалі. Памятаю, муж займаўся бізнесам, я хадзіла вечарам на курсы, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, а дзеці даглядалі малодшага. Хаця старэйшы, калі нарадзіўся наш другі сын, крышку раўніва да яго ставіўся. Памятаю, аднойчы ён сказаў: “Мама, навошта нам Коля быў патрэбны?” Гэта быў такі дзіцячы эгаізм. Але зараз усе паміж сабой добра сябруюць, асабліва старэйшы і малодшы. Можа быць, таму, што яны цалкам падобныя на бацьку.

– Чым вашы дзеці займаюцца зараз?

– Найперш трэба сказаць, што ўсе трое не захацелі мець вышэйшую адукацыю. Старэйшы сын паступіў вучыцца на спецыяльнасць, якая была звязана са спартыўнай інжынерыяй, але правучыўся год і зразумеў, што гэта не яго. У выніку схіліўся да рамонту машын, чым займаецца да гэтага часу. Гэта мяне страшэнна нервуе, бо лічу, што не яго справа, але ж чалавеку падабаецца праца.

Сярэдні сын вучыўся ў Інстытуце прадпрымальніцтва, але з-за хваробы быў вымушаны сысці адтуль. Зараз ён працуе ахоўнікам у краме.

А малодшы танцаваў у гімназіі №4, у яго была добрая пластыка, перспектывы. Але ў адзін момант усё як адрэзала, сказаў: “Гэтым займацца не буду”. Відаць, у яго была мара з’ехаць з дому, таму адправіўся ў Пінск, дзе вучыўся на швяю і ледзь не ажаніўся. Сам знайшоў у Салігорску месца для адпрацоўкі практыкі, але вярнуўся ў Мінск і пачаў займацца тым, да чаго была схільнасць яшчэ са школы, – рамантаваць тэлефоны, камп’ютары…

– І для маці, напэўна, у любы момант можа якую-небудзь сукенку пашыць…

– Дык і пашыў! Халат, кашулю, штаны... Майстар на ўсе рукі. Дарэчы, старэйшы сын жанаты, а малодшыя яшчэ ў пошуках.

– Алена Мікалаеўна, калі вы не супраць, давайце і пра палітычнае жыццё пагаворым. У 2014 годзе вы нечакана заявілі, што вырашылі вылучаць сваю кандыдатуру, каб балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Навошта вам была палітыка?

– Калі сітуацыя складваецца такім чынам, што ты павінен узяць на сябе пэўную долю адказнасці, то не можаш ад гэтага адмовіцца. У 2014 годзе, калі мы ўсе бачылі, што адбываецца ва Украіне і што можа стацца з Беларуссю, была менавіта такая сітуацыя. Я не прэтэндавала на першыя ролі, але мне было прапанавана паўдзельнічаць у палітычнай барацьбе, і я пагадзілася. Хаця першапачаткова ініцыятыва была не асабіста мая. Праўда, падчас перамоў з асобнымі палітыкамі зразумела, каго хвалюе лёс краіны, а каго – уласныя амбіцыі. На жаль, тыя самыя амбіцыі асобных прадстаўнікоў апазіцыі пераважылі меркаванні небяспекі для краіны. Магчыма, ува мне ўбачылі канкурэнта. Уступаць у нейкія канкурэнтныя бітвы мы не збіраліся, таму я адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

– Некаторыя лічаць, што жанчынам наогул лепш дома боршч варыць, а не займацца палітыкай...

 – Кожны чалавек у сілу сваіх талентаў і абставін сам вызначае, чым яму займацца.

– А як сям’я ўспрыняла ваш намер балатавацца ў Палату прадстаўнікоў?

– Мужчыны стрыманыя ў сваіх ацэнках. Старэйшы сын не вельмі быў задаволены маім рашэннем, хаця з гэтай нагоды і не выказваўся. Сярэдні і меншы вырашылі: дарослая жанчына, што называецца, ёсць свая галава на плячах. А вось муж быў вымушаны працаваць у маёй камандзе. Дапамагаў, суправаджаў падчас перадвыбарнай агітацыі. Так што, як бачым, у нашай сям’і дэмакратычны лад. Кожны сам вырашае, чым яму ў гэтым жыцці займацца, і нясе за гэта адказнасць.

– Калі па шчырасці: перамога на выбарах была для вас нечаканасцю?

– З самага пачатку мы разумелі, што наўрад ці пераможам. Але наша задача была ў іншым – падчас кампаніі папулярызаваць беларускую мову, паказаць, што ў краіне ёсць патрыятычныя сілы, якія прадстаўляюць вялікі пласт грамадства. Праўда, перамога і насамрэч стала нечаканасцю. Вынік прадказаць я не магла.

– Некаторыя кажуць, што калі б пажадалі вас “пракінуць”, то гэта было б нескладана. Аднак на хвалі паляпшэння стасункаў з Захадам улады вырашылі разыграць шматхадовую камбінацыю, вынікам якой і сталі дэпутацкія мандаты Алены Анісім і Ганны Канапацкай – двух не самых радыкальных палітыкаў, але ў той жа час прадстаўнікоў дэмакратычнага грамадства…

– Я не знаёма ні з якімі камбінацыямі, але ў той жа час усведамляю, што магло быць усё што заўгодна. Разумею таксама, што калі б была воля не прапусціць, то зрабіць гэта было і насамрэч проста. Магчыма, без жадання і прыняцця рашэння на высокім узроўні ні я, ні Ганна Канапацкая ў парламенце не былі б. Што тычыцца радыкальнасці, то для мяне лепш не радыкалізм, а выніковасць.

Я не першы раз кажу, што нават сярод дэпутатаў, нягледзячы на тое, што самі яны – з дзяржаўнай сістэмы, шмат разумных людзей, якія і праўда дапамагаюць выбаршчыкам у многіх жыццёвых сітуацыях. Дарэчы, я – адзіны дэпутат у парламенце, які пастаянна размаўляе на беларускай мове, вядзе ўсё справаводства на мове. Не ведаю, наколькі змагу схіліць на свой бок калег, але сёе-тое ў справе беларускасці змагу зрабіць.

– Ці згодны вы з тымі, хто кажа, што сённяшні беларускі парламент марыянетачны і ён ні на што не ўплывае, бо ўсё вырашае вертыкаль улады?

– Доля праўды ў гэтым ёсць, але, каб у парламента з’явіліся большыя паўнамоцтвы, таксама трэба працаваць.

– Неяк вы агучылі заробак дэпутата Палаты прадстаўнікоў…

– На сённяшні дзень я атрымліваю “чыстымі” 1800 рублёў у месяц (каля 900 долараў. – Аўт.).

– Простым выбаршчыкам у рэгіёнах пра такія заробкі застаецца толькі ў марыць.

– Безумоўна. Я сама працавала ў бюджэтнай сферы і атрымлівала ў месяц 370 рублёў. Таму 900 долараў – высокі заробак. З іншага боку, трэба разумець, што калі чалавек працуе ў гэтай сферы, то ён мусіць падтрымліваць сувязь з акругамі. Я, напрыклад, езджу на сваёй машыне і не патрабую ніякай кампенсацыі.

Дарэчы, я звярталася ў Савет міністраў наконт таго, ці не збіраюцца там перагледзець аплату працы работнікаў бюджэтнай сферы. Усё, што ў маіх сілах, раблю.

– Ужо амаль год вы працуеце ў дэпутацкім крэсле. Чым за гэты час можаце пахваліцца, што яшчэ хацелася б зрабіць?

– Мне ўдалося дапамагчы шэрагу людзей. Камусьці дапамагла працаўладкавацца, некаму – вырашыць бытавыя праблемы…

Не ўдалося пакуль што пераканаць стаўбцоўскія ўлады, каб у раённым цэнтры з’явіўся краязнаўчы музей. Хацелася б запусіць механізм прыняцця законаў на беларускай мове. Але самае важнае, што трэба зрабіць, – каб людзі актыўна ўдзельнічалі ў прыняцці нейкіх дзяржаўных рашэнняў, каб мы прыйшлі да нармальнага самакіравання. Каб быў сапраўдны дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю, палітычнымі партыямі і ўладай. Бо мы ўсе – грамадзяне адной краіны. І калі мы зацікаўлены, каб наша краіна квітнела, то павінны знаходзіць шляхі паразумення.


Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.