bulletгалоўнае онлайн:

Лепшае

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Вячаслаў КОНІКАЎ: “Будучую першую ракетку свету я на руках насіў на трэніроўку”

Аўтар: I 4 жніўня 2017 г. 12:46

Карэспандэнт “Народнай Волі” пагутарыў з дзіцячым трэнерам Вікторыі Азаранка. Спецыяліст ужо каля 15 гадоў жыве і працуе ў Злучаных Штатах…

З Вячаславам Яфімавічам дамовіліся аб ліпеньскай сустрэчы яшчэ ў лютым. Ён абяцаў прыляцець у Беларусь з Амерыкі летам і гэта стала рэальнасцю. Нашы дамоўленасці ніхто не адмяняў. Я з задавальненнем пагаварыў са спадаром Конікавым.

– Апошнім часам кожны год прыязджаеце на Радзіму? – цікаўлюся ў суразмоўцы, пакуль мы шукаем у Палацы тэніса месца для гутаркі.

– Так, а калі выпадае магчымасць, то нават і па два разы бываю.

– Ёсць настальгія па белых бярозках?

– А яна заўсёды была, таму што я вельмі люблю Беларусь і, па вялікім рахунку, не хацеў з’язджаць з краіны. Але ў 2003 годзе выйграў “грын-карту”, якая давала магчымасць атрымаць від на жыхарства ў ЗША, і жонка настаяла, каб мы адправіліся за акіян. Адкрываліся новыя перспектывы для дачкі, хацелі нешта змяніць. Хаця, паўтаруся, мяне ў Беларусі ўсё задавальняла.

– Даволі няпросты і адказны крок – узяць і раптам усё змяніць у сваім жыцці…

– Па лініі маёй маці ў нас вельмі спартыўная дынастыя. Мама сама была гімнасткай, а адзін з яе братоў – Уладзімір Швальбо – у мінулым вядомы трэнер па акрабатыцы і скачках на батуце. Пазней ён з’ехаў у Манрэаль, і больш за дзесяць гадоў адпрацаваў у знакамітым “Cirque du Soleil”. Затым пераехаў у Фларыду, зараз знаходзіцца на пенсіі, менавіта ён і запрасіў мяне да сябе, каб я змог нейкім чынам працаўладкавацца. А ехаў я, што называецца, “у нікуды”. Праўда, былі нейкія прапановы ад таго ж Макса Мірнага ды іншых людзей, бо ў ЗША ў мяне даволі шмат знаёмых і вучняў.

– Як сустрэла Амерыка беларускага трэнера?

– Прыехаў, абышоў практычна ўсе тэнісныя клубы ў Арланда. І пры ўсім тым, што рэзюме ў мяне было падпісана даволі вядомымі спартсменамі, адказ паўсюль быў прыблізна аднолькавы: “Узяць на працу не можам. У вас высокі прафесійны ўзровень, такія грошы плаціць не маем магчымасці”. Кажу: “Дык не плаціце вялікія грошы, дайце хаця б, каб было ад чаго адштурхнуцца”.

Але варыянт з працаўладкаваннем прапанаваў мой родны брат, адзін з вядучых беларускіх трэнераў, які ў свой час таксама з’ехаў у Каліфорнію. І адзін з універсітэтаў Сакрамента мяне адразу запрасіў галоўным трэнерам. Трэба сказаць, што гэта выключны выпадак, бо на такую пасаду, як правіла, прымаюць толькі спецыялістаў з адукацыяй, якую атрымалі ў ЗША.

Першыя два гады я добра адпрацаваў з жаночай камандай, мы ўвайшлі ў Топ-30, што для Штатаў з’яўляецца высокім паказчыкам. Затым мяне перавялі ў мужчынскую каманду, і вось ужо амаль 14 гадоў працую ва ўніверсітэце на гэтай пасадзе.

– Сям’я ўвесь гэты час была з вамі?

– Не прайшоў і год з часу нашага пераезду ў ЗША, як жонка вырашыла, што далей у такіх умовах мы разам жыць не можам. Было на самай справе вельмі складана, усё даводзілася пачынаць з нуля. Нават праца ва ўніверсітэце не дазваляла жыць у дастатку, улічваючы, што Каліфорнія – адзін з самых дарагіх штатаў у Амерыцы. Даводзілася працаваць па 10–12 гадзін у суткі, шукаў дадатковую работу, але сямейныя праблемы не вырашаліся. Мы разышліся.

Пасля гэтага застаўся ў чужой краіне практычна адзін, нават быў момант, калі купіў білет у Мінск. Аднаму даводзілася неверагодна складана, а адносіны з блізкімі, якія таксама жылі ў ЗША, былі, скажам так, “на адлегласці”. Так ужо прынята ў Амерыцы, што там кожны сам па сабе. Але любімая праца трымала, да таго ж думалася: “Прыехаў сюды з Беларусі, каб нечага дасягнуць. І што, так хутка здавацца?” Сам па сабе я чалавек упарты, таму вырашыў ісці да канца. Вывучаў мову, стараўся зразумець сістэму працы ў Амерыцы, універсітэцкага спорту… А літаральна праз паўгода пазнаёміўся з дзяўчынай, з якой мы і стварылі новую сям’ю. Яна – з Мінска. У свой час лёс прывёў яе ў ЗША, мы выпадкова пазнаёміліся на адным святочным мерапрыемстве. Я тады сказаў, што праз некаторы час у мяне будзе амерыканскае грамадзянства, а таму змагу дапамагчы і ёй застацца ў Амерыцы. Праўда, ніякіх сур’ёзных намераў на той час у мяне не было, бо розніцу ва ўзросце ўсё ж такі бачыў. Але атрымалася так, як атрымалася. Сёння ў нас расце цудоўная дачка, якой ужо 8 гадоў.

– Вячаслаў Яфімавіч, колькі гадоў вам спатрэбілася, каб прызвычаіцца да амерыканскага ладу жыцця?

– А я да гэтага часу для Амерыкі не стаў “сваім”. Калі прыехаў у Штаты, мне ўжо было больш за 40 гадоў, таму як можна прызвычаіцца да таго, да чаго не прызвычаіўся з дзяцінства? І сяброў асаблівых там няма. На працы я ў асноўным кантактую з амерыканцамі, а вось эмігранты з былога Саюза нярэдка даволі эгаістычныя і не вельмі шчырыя. Таму ў Амерыцы больш жывем сваім сямейным колам.

– А ці складана было ўвайсці ў працоўны трэнерскі рытм?

– Я ж прыйшоў туды не з пустымі рукамі, і, дарэчы, у гэтым годзе споўнілася 40 гадоў, як займаюся трэнерскай працай. Таму нехта вучыўся ў мяне, сам знаходзіў нешта новае і карыснае. Але варта адзначыць, што ў Амерыцы тэніс не зацыклены на прафесійнай аснове, бо там самая галоўная мэта для маладых людзей – паступленне ва ўніверсітэт. Калі ты паспяховы спартсмен і такі ж студэнт, то маеш усё для таго, каб атрымаць добрую адукацыю. А значыць, ёсць магчымасць знайсці прыстойную працу, бо для Амерыкі гэта – таксама вялікая праблема.

– У Беларусі бацькі, калі аддаюць дзіця займацца спортам, мараць атрымаць затым і фінансавыя дывідэнды…

– Я, калі працаваў у Беларусі, таксама заўсёды ставіў перад бацькамі і вучнямі самыя высокія задачы. І мне, напэўна, дапамагло ў гэтым жыцці з вучнямі. У Мінску працаваў трэнерам у знакамітай школе МАЗа, маімі вучнямі былі Валодзя Валчкоў, Таня Пучак… Увогуле, аўтазаводская школа славілася сваімі традыцыямі, якія былі закладзены, напэўна, адным з лепшых трэнераў Савецкага Саюза Аркадзем Львовічам Эйдэльманам. Была пераемнасць ігракоў, вельмі моцная дысцыпліна і неверагодная працаздольнасць спартсменаў і трэнераў. Мы жылі тым жыццём, не было такога, каб нехта прыходзіў на трэніроўку, а пасля хутка збягаў дадому. Праводзілі летнія лагеры, усе святы разам адзначалі. Мы былі адной сям’ёй. Гэта тое, што я хацеў бы зрабіць у Амерыцы, але, на жаль, пакуль не атрымліваецца. У многім – з-за абмежаванага часу.

– Пры Саюзе тэніс таксама быў дарагім для бацькоў відам спорту?

– Я захапіў той час, калі для дзяцей было ў асноўным усё бясплатна. Нейкія індывідуальныя ўрокі, натуральна, праводзіліся, але гэта было хутчэй выключэнне, а не правіла. Натуральна, сёння сістэма іншая, і гэта таксама правільна, бо тэніс – усё-такі індывідуальны від спорту.

– Не кожны можа сабе дазволіць 10–20 тысяч долараў у год, каб сын ці дачка паўнацэнна трэніраваліся і ездзілі на турніры…

– Безумоўна, выдаткі немалыя, але, наколькі ведаю, дзяржава таксама дапамагае, калі спартсмен дасягае пэўных вынікаў. Але сітуацыя ўнікальная ў тым плане, што ў Амерыцы такой фінансавай дапамогі ад бацькоў вы ніколі не ўбачыце. Амерыканец добра калі 20 працэнтаў гадавога бюджэту аддасць на заняткі спортам свайго дзіцяці, але ж ён заўсёды пралічыць, колькі яму трэба пакінуць на жыццё і аплату розных крэдытаў. У Беларусі бацькі могуць аддаць практычна ўсё, а ўжо затым думаць, як будуць “выкручвацца”. І ў такой сітуацыі трэба верыць у магчымасці свайго дзіцяці да апошняга.

– Вячаслаў Яфімавіч, кажуць, што ваш любімы вучань – Валодзя Валчкоў. Гэта так?

– Я вельмі любіў працаваць і з Валодзем Валчковым, і з Таней Пучак, і з іншымі вучнямі. Іншая справа, што ў некага больш атрымлівалася, а ў некага менш. Але ў любым выпадку магу назваць вам каля 50 тэнісістаў, да якіх я ляцеў на трэніроўку літаральна на крылах. Яны давалі энергію ў працы, і гэта тое, чаго мне не хапае ў Амерыцы.

А што тычыцца Валодзі Валчкова, то гэта чалавек, які проста неверагодна любіў і любіць тэніс. Ён выйграў юніёрскі Уімблдон, і гэта быў яго першы буйны поспех. У 2001 годзе Валодзя патрапіў у паўфінал дарослага Уімблдонскага турніру – яшчэ адзін бліскучы вынік! Я верыў, што гэта толькі пачатак яго далейшай кар’еры, але мае надзеі не спраўдзіліся. Не ведаю, што адбылося далей, бо Валодзя закончыў гуляць вельмі рана. Адно магу сказаць – гэта адзін з нямногіх спартсменаў, які за межамі Беларусі не можа знаходзіцца больш за два тыдні. І ў гэтым мы з ім падобныя. Мяне таксама пастаянна цягне дадому, але праца і сям’я стрымліваюць. Калі б не гэта, то даўно б вярнуўся ў Беларусь. Вось зараз з дачкой прыехалі ў Мінск, а яна мне пастаянна кажа: “Тата, калі мы паляцім дадому, у ЗША?” І я разумею, што для яе дом – гэта ўжо Амерыка. А для мяне назаўсёды застанецца Беларусь.

– Першым трэнерам Вікторыі Азаранка была Валянціна Ягораўна Ржаных, але затым будучую першую ракетку свету каля пяці гадоў трэніравалі вы…

– Калі Віка перайшла трэніравацца да мяне, ёй было 8 гадоў. Хачу сказаць, што ў нас практычна не было групавых трэніровак, дзе яна заставалася б без увагі. На корце было 2–3 чалавекі, калі мы адпрацоўвалі нейкія парныя камбінацыі, і, на мой погляд, такая група – гэта максімум, калі хочаш дабіцца выніку.

– Гэта мама Вікі папрасіла вас трэніраваць яе дачку?

– Так, на той час яна працавала ў Палацы тэніса і бачыла маю працу. Падышла, папрасіла паглядзець яе дзяўчынку, хаця я займаўся са старэйшымі дзецьмі. Што тычыцца Вікі, то мне падабалася, як яна адносілася да кожнай трэніроўкі. Я не бачыў у яе жадання хутчэй закончыць трэніроўку, яна заставалася і працавала звыш нормы. Даводзілася нават голас павышаць, бо ў дзяўчынкі быў моцны характар, і яна ўпарта стаяла на сваім. Я тлумачыў, што за адну трэніроўку немагчыма дасягнуць хуткага выніку, але яна знаходзіла што адказаць. Казала: “Я спаць не змагу, калі гэтаму не навучуся”. Таму даводзілася заставацца з ёй дадаткова, дапамагаць… У іх з Валчковым падобныя характары.

– А не было ў юнай Вікторыі Азаранка жадання кінуць спорт?

– Ніколі! Гэта чалавек, які з тэмпературай мог прыходзіць і трэніравацца. Яна жыла тэнісам, гэта для яе было, як кісларод. Памятаю, летам мы займаліся з Вікай у Палацы тэніса, а зімой – на базе пад Мінскам, у Тарасава. І неяк па дарозе зламалася машына. Гурбы – па пояс, але ж адмяніць трэніроўку – пра такое нават і падумаць не маглі. Так што давялося несці Віку на руках да трэніровачнай базы…

А ўвогуле, яе працаздольнасць – гэта прыклад для ўсіх. Калі ты нешта робіш праз сілу альбо бацькі цябе піхаюць у спіну, то нічога не атрымаецца. Вось таму для многіх ужо ў 14–18 гадоў спартыўная кар’ера і заканчваецца. І тут трэба зрабіць правільныя высновы, каб у нас з’яўляліся новыя Вікі Азаранка і Валодзі Валчковы.

– Але кажуць, што характар у Вікторыі няпросты…

– Спартыўны характар, такі і патрэбны. Увогуле, з Вікай супрацоўнічаць і проста, і складана. Проста, таму што яна неверагодна любіць тэніс. Але спартсменка не будзе працаваць, калі ўбачыць, што трэнер слабы. Мы адпрацавалі разам каля пяці гадоў, я яе добра вывучыў. Калі з-за майго ад’езду за мяжу вымушаны быў спыніць трэніроўкі Вікі, вельмі шкадаваў. На той момант яна ўжо была адна з лепшых тэнісістак Беларусі ва ўзросце да 14 гадоў, літаральна праз год  выйграла Кубак Крамля, а ў 15 гадоў была першай ракеткай свету ў катэгорыі да 18 гадоў. Усё ішло да таго, каб яна стала лепшай у свеце, і гэта здарылася. Не думаю, што ў гэтым мая вялікая заслуга, але адчуванне таго, што тут ёсць і кавалачак тваёй працы, не можа не радаваць.

– Пасля нараджэння дзіцяці Віка ўжо вярнулася ў вялікі спорт. Ці не рана? Сыну ўсяго паўгода…

– Я думаю, яна вярнулася не толькі таму, што сама гэтага захацела, але і па падказцы яе каманды. Вяртаюцца ж не адразу, каб нешта выйграць. З вяртаннем пачынаецца сістэма падрыхтоўкі, якая будзе паступова падымаць іграка наверх. Што тычыцца маленькага сына, то ведаю, што ёсць дапамога ад мамы Вікі. Акрамя таго, на ўсіх буйных турнірах маецца каманда, якая дапамагае дзецям любога тэнісіста. Там нават дзіцячыя садкі арганізаваны.

– Ці знаёмы вы з Уільямам Макегам – бойфрэндам Вікторыі?

– Безумоўна. Уільям у свой час сам быў спартсменам, даволі няблага гуляў у хакей. Але зараз, калі не памыляюся, ён займаецца бізнесам, які звязаны з будаўніцтвам.

– Вячаслаў Яфімавіч, а зараз вы падтрымліваеце адносіны з былой вучаніцай? Сустракаецеся з ёй у Амерыцы?

– Так, нярэдка размаўляем па тэлефоне, а разы два-тры ў год і сустракаемся. З Вікай вельмі цікава пагаварыць. І сёння я не саромеюся сказаць, што прыйшоў час, калі мне нават ёсць чаму павучыцца ў вучаніцы.


Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.