bulletгалоўнае онлайн:

Палітыка

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Дэлегаты VII з'езда беларусаў свету прапанавалі ўладам увесці пасведчанні беларусаў замежжа

17 лiпеня 2017 г. 10:19

Дэлегаты VII з'езда беларусаў свету, які адбыўся у Мінску 15—16 ліпеня, заклікалі ўлады краіны распрацаваць палажэнне "Аб статусе беларуса замежжа".

І прапанаваць прадстаўнікам беларускай дыяспары і беларускай нацыянальнай меншасці ў іншых краінах атрымаць пасведчанні беларусаў замежжа з правам бязвізавага ўезду ў Беларусь. Гэтая прапанова ўтрымліваецца ў звароце дэлегатаў да прэзідэнта, урада і парламента.

Двухдзённы з'езд беларусаў свету быў арганізаваны міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Удзел у форуме узялі больш за 300 дэлегатаў з Беларусі і замежжа.

Дэлегаты з'езда канстатавалі, перадае БелаПАН, што сёння па-за межамі краіны жыве больш за 3,5 мільёна беларусаў. У 26 краінах дзейнічаюць каля 200 беларускіх арганізацый, асноўная частка з якіх — аб'яднанні беларускай дыяспары. Апрача таго, "у выніку міждзяржаўных тэрытарыяльных падзелаў у XX стагоддзі" ва ўсіх суседніх краінах засталася частка беларускага народа, якая сёння ўяўляе сабой "аўтахтонныя нацыянальныя меншасці".

Беларуская дыяспара і беларуская нацыянальная меншасць, адзначана ў звароце, з'яўляецца "не толькі вялізным чалавечым патэнцыялам", але і "іміджавымі прадстаўніцтвамі Беларусі ў замежжы, своеасаблівай "мяккай сілай", крыніцай ведаў, экспертызы і інвестыцый ў эканамічную, сацыяльную, адукацыйную, культурніцкую і іншыя сферы".

"На жаль, сёння гэты патэнцыял практычна не задзейнічаны ў развіцці нашай краіны… Пакуль па арганізацыі супрацоўніцтва са сваёй дыяспарай наша краіна знаходзіцца амаль на апошнім месцы ў параўнанні з краінамі-суседзямі", — канстатавалі ў дакуменце дэлегаты з'езду. Яны дадалі, што з-за такога стаўлення церпяць дзяржаўныя інтарэсы Беларусі.

Удзельнікі форума таксама заклікалі улады цягам гэтага года распрацаваць дзяржаўную стратэгію супрацоўніцтва з беларусамі замежжа да 2025 года, а на яе аснове — адпаведную дзяржаўную праграму, якая была б накіравана, у тым ліку на вяртанне высокакваліфікаваных адмыслоўцаў з замежжа ў Беларусь.

Вартай справай яны лічаць стварэнне ў шэрагу органаў улады асобных структур па справах беларускага замежжа, у прыватнасці ва ўрадзе — дзяржаўнага камітэта, ў парламенцкай камісіі па міжнародных справах — падкамітэта, а ў Міністэрстве замежных спраў — аддзела. Да таго ж у Нацыянальнай акадэміі навук мусіць быць створаны навуковы цэнтр па вывучэнні беларускай дыяспары.

На іх думку, у Мінску трэба стварыць дзяржаўны культурна-інфармацыйны цэнтр суайчыннікаў замежжа "Беларускі дом", падобныя цэнтры таксама мусілі б з'явіцца ў месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа. Апрача таго, дэлегаты заклікалі стварыць дзяржаўную інфармацыйную базу беларусаў замежжа і асобны дзяржаўны інфармацыйны інтэрнэт-партал для іх.

ЗБС "Бацькаўшчына" як арганізацыя, што мае багаты досвед супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой, выказала гатоўнасць на грамадскіх пачатках далучыцца да падрыхтоўкі і рэалізацыі гэтых праектаў.

Галасаванне па дакументах з'езда і выбары кіраўніцтва прайшлі за зачыненымі дзвярыма без удзелу прэсы і гасцей.

Фота з сайта БелаПАН

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.