bulletгалоўнае онлайн:

Пункт погляду

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Чаму Ігар Дадон ня мае рацыі

Аўтар: I 16 лiпеня 2017 г. 15:21

Наведаўшы Беларусь зь візытам, прэзыдэнт Малдовы, сацыяліст Ігар Дадон некалькі разоў выказваў захапленьне ад беларускай сацыяльнай мадэлі і намер пераняць у сваёй краіне гэты досьвед.

Ён заявіў, што «трэба навесьці парадак у эканоміцы, вярнуць тое, што было добрае пры Савецкім Саюзе». Госьць пахваліў Беларусь і за тое, што тут «не разбурылі калгасы, саўгасы».

У пэўным сэнсе малдаўскі прэзыдэнт адлюстроўвае папулярныя ў гэтай краіне настроі. Мой уласны досьвед камунікацый з грамадзянамі Малдовы, нават з журналістамі гэтай краіны пацьвярджае гэтую выснову. Пэўную цікавасьць там выклікае беларускі тэлеканал, дзе апавядаецца, як шпарка працуюць у Беларусі заводы, камбайны едуць па калгасным полі, а прэзыдэнт на месцы аддае загады, як правільна касіць і сеяць.

Варта зазначыць, што ў свой час Лукашэнка быў даволі папулярным палітыкам на постсавецкай прасторы. І тлумачыцца гэтая зьява ня столькі эфэктыўнай прапагандай беларускага тэлеканалу, які вяшчае на замежжа, колькі больш сур’ёзнай прычынай. Праблема ў тым, што пасьля развалу СССР і краху камуністычнай сыстэмы нідзе на постсавецкай прасторы мадэрнізацыйны праект не атрымаўся ўдалым. Больш-менш пасьпяховы рост быў у краінах, якія мелі шмат нафты і газу (Расея, Казахстан, Азэрбайджан) або змаглі прыхіліцца да расейскай сыравіннай рэнты (Беларусь). Але з падзеньнем сусьветных цэнаў на нафту ўсё стала на сваё месца. Паміж постсавецкімі краінамі і больш разьвітымі дзяржавамі нарастае тэхналягічны разрыў. Ці, напрыклад, можна параўнаць гэтыя краіны з Польшчай або Кітаем, якія пачыналі свой шлях наверх з супастаўнага ўзроўню.

Прычым гэтая няўдача з мадэрнізацыяй мала залежала ад глыбіні рынкавых рэформаў. Напрыклад, у Казахстане — даволі рынкавая эканоміка. Ня надта залежаць эканамічныя посьпехі і ад палітычнага ладу. У той жа Малдове ці Ўкраіне рэгулярна праходзяць даволі дэмакратычныя выбары, партыі ва ўладзе і прэзыдэнты зьмяняюцца, але ў сацыяльна-эканамічнай сфэры пахваліцца асабліва няма чым. Шмат грамадзян гэтых краін едуць шукаць шчасьця за мяжу.

А калі няма вынікаў, то ўзьнікае натуральная настальгія па савецкім мінулым, па «парадку» і «цьвёрдай руцэ». Адсюль лягічны зварот да беларускага досьведу.

На мой погляд, галоўная прычына правалу постсавецкай мадэрнізацыі палягае ў культуры. Рынкавая эканоміка — неабходная, але недастатковая ўмова для разьвіцьця. Рынкавая эканоміка рознай ступені адкрытасьці сёньня абсалютна дамінуе ў сьвеце, але ў розных рэгіёнах яна дае розны эфэкт. Таму мільёны мігрантаў, уцекачоў бягуць туды, дзе жыць лепш.

Адным народам дастаткова было даць крыху свабоды, каб там пачаўся выбуховы рост. Калі хто не разумее, пра што гаворка, хай паглядзіць на Кітай. Там яшчэ на пачатку 1980-х гадоў стаяў натуральны голад, міска рысу была мерай дабрабыту. А сёньня там сярэднія заробкі дзесьці ў паўтара раза вышэйшыя, чым у Беларусі, і вышэйшыя нават, чым у Расеі.

Вяртаючыся да выказваньняў Дадона, трэба адзначыць, што яны прагучалі ў няўдалы момант, калі беларуская сацыяльная мадэль у стане глыбокага крызісу. Але ён пра гэта не здагадваецца, а бачыць толькі лякіраваную паверхню.

Калі глядзець на праблему шырэй, то можна, канечне, казаць, што кепскія Пуцін, Лукашэнка ці Бэрдымухамэдаў перашкаджаюць разьвівацца. Але, думаю, праблема глыбей. Тут існуе нейкі цывілізацыйны ступар, які перакрывае шлях да разьвіцьця. І праваслаўная, і мусульманскія цывілізацыі пакуль не прадэманстравалі здольнасьці да дынамікі і канкурэнтаздольнасьці.

У Беларусі ёсьць шанец. І ён грунтуецца на тым, што вялікая колькасьць насельніцтва (каля траціны) вызнае эўрапейскія каштоўнасьці, належыць да эўрапейскай цывілізацыі. Гэта найбольш актыўная, дынамічная, адукаваная частка. І калі краіна атрымае свабоду, то сытуацыю можна будзе пераламіць. Гэта яшчэ адна прычына, чаму варта дыстанцыявацца ад «русского мира».

На фота Ігар Дадон

Крынiца: svaboda.org
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.