bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №43(4193) - "ТЭМА ДНЯ"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

ТЭМА ДНЯ

З флагмана – у стратную галіну?

Аўтар: I 15 чэрвеня 2017 г.

Учора падчас нарады, прысвечанай стратэгіі развіцця нафтаперапрацоўчай сферы, Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць спадам нафтаперапрацоўчай галіны.

“…Яе ўнёсак у беларускую эканоміку, на жаль, зніжаецца. Дададзены кошт нафтаперапрацоўкі ў ВУП у 2016 годзе складае ўсяго паўпрацэнта. – абураўся Лукашэнка. – Уклад двух нафтаперапрацоўчых заводаў супастаўны, напрыклад, з такой кампаніяй, як "Белтэлекам”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у 2016 годзе з’явілася негатыўная тэндэнцыя ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, сальда паводле вынікаў гэтага года ацэньваецца як адмоўнае. "Такая сітуацыя выклікае сур’ёзныя асцярогі. Нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну", – заявіў Лукашэнка.

Парапала ад прэзідэнта чыноўнікам, кіраўнікам нафтаперапрацоўчых заводаў. Ён заявіў, што айчынныя прадпрыемствы аказаліся не гатовы працаваць у новых умовах сусветных цэн на нафту, хоць павінны былі дзейнічаць на апярэджанне. "А зараз "Нафтан" ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы", – заўважыў Лукашэнка. І, патрабуючы станоўчых зрухаў, ён абвясціў, што мадэрнізацыю нафтаперапрацоўкі будзе курыраваць нядаўна прызначаны памочнікам прэзідэнта Аляксандр Косінец.

Ці атрымаецца пасля нарады ў прэзідэнта пераадолець крызіс і павысіць эфектыўнасць галіны?

За каментарыем мы звярнуліся да эканамічнага аглядальніка, эксперта ў энергетыцы Таццяны Манёнак.

– Усім зразумелы прычыны спаду галіны, не самі нафтавікі ў гэтым вінаваты, – лічыць эксперт. – Зніжэнне сусветных цэн на нафту, змяншчэнне імпарту нафты з Расіі (у мінулым годзе беларуская нафтаперапрацоўка  недаатрымала 6 млн тон), не маглі не адбіцца на справах галіны. Сітуацыю надзвычай пагоршыла яшчэ і тое, што Расія працягвае падатковую рэформу: зніжае экспартную пошліну на нафту і павышае экспартную пошліну на нафтапрадукты. Таму нафта для Беларусі на фоне сусветнага падзення коштаў даражэе. І ўсё гэта адбываецца на фоне распачатай мадэрнізацыі нашых заводаў.

Што сёння? Безумоўна, заводам патрэбны рэсурсы, каб хутчэй завяршыць праграму мадэрнізацыі, мэта якой вядомая: сучасная вытворчасць дазволіць з той колькасці нафты, якую атрымліваем зараз, мець  больш гатовых прадуктаў. Адкуль браць рэсурсы на мадэрнізацыю? Або выкарыстоўваць  увесь зароблены прыбытак, а ён катастрафічна падае (паводле вынікаў мінулага года, на Мазырскім НПЗ – у 2 разы), або шукаць пазыковыя рэсурсы, што таксама праблематычна.

Таму неабходна прадпрымаць комплекс мер. Проста так, адным указам альбо нарадай праблему не вырашыць. І як бы абсурдна гэта ні гучала, але нафцянцы патрабуецца дзяржпадтрымка. Яшчэ ў мінулым годзе “Белнафтахім” казаў пра тое, што трэба павышаць цэны на бензін, таму што продажы на ўнутраным рынку сталі нерэнтабельныя. А цэны на паліва толькі цяпер ледзь-ледзь сталі павышацца. Акрамя таго, трэба больш прадаваць нафтапрадуктаў на сумежныя рынкі – у Польшчу, Малдову, Украіну. Менш пастаўляць праз порты. І самае галоўнае – гэта кошт нафты на сусветных рынках. А ён, на жаль, пакуль не павышаецца. Таму першачарговым застаецца заканчэнне работ па мадэрнізацыі НПЗ, што, безумоўна, дапаможа нарошчваць вытворчасць нафтапрадуктаў. Сёння дзяржава дапаможа нафтаперапрацоўцы – заўтра заводы змогуць павялічыць свой экспартны патэнцыял, а значыць, і экспарт краіны.

 

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, экспарт нафтапрадуктаў у першым квартале 2017 года скараціўся на 46%. Асноўны аб’ём нафтапрадуктаў Беларусь пастаўляе ва Украіну і Вялікабрытанію: у першым квартале на гэтыя рынкі было экспартавана амаль 85% паліва. За першы квартал 2017 года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаў 2,56 млн тон (за аналагічны перыяд 2016-га – 4,73 млн тон). У грашовым вылічэнні гэты паказчык склаўся на ўзроўні 1,11 млрд долараў, знізіўшыся на 67,1 млн долараў у параўнанні са студзенем–сакавіком 2016 года.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.