bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №43(4193) - "СУД ДЫ СПРАВА"

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

СУД ДЫ СПРАВА

Жанна Пцічкіна: “Танна дзяржава ацэньвае жыццё чалавека…”

15 чэрвеня 2017 г.

Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў справе сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА №1. Суд першай інстанцыі пастанавіў спагнаць з Міністэрства ўнутраных спраў 30 тысяч рублёў маральнай і яшчэ 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі на карысць маці і сястры загінуўшага.

Нагадаем, што ў маі 2013 года суд Заводскага раёна Мінска прыгаварыў 21-гадовага Ігара Пцічкіна да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту за тое, што ён кіраваў аўтамабілем, будучы пазбаўленым пасведчання вадзіцеля. У канцы ліпеня маладога чалавека накіравалі ў СІЗА №1, а праз некаторы час супрацоўнікі ізалятара паведамілі сваякам, што Пцічкін памёр ад сардэчнага прыступу. Пазней следства інфармавала: маўляў, маладога чалавека шпіталізавалі, таму што ў яго сталі выяўляцца і нарастаць прыкметы вострага псіхічнага расстройства. Пцічкін нібыта сістэматычна ўжываў алкаголь і курыльныя сумесі з наркатычнымі і псіхатропнымі рэчывамі.

Амаль тры гады спатрэбілася маці Ігара, каб з дапамогай праваабаронцаў дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасці СІЗА №1, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.

У выніку фельчар быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Яго прызналі вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што прывяло да смерці Пцічкіна. А маці і сястра загінуўшага хлопца з дапамогай праваабаронцаў падрыхтавалі іск, каб атрымаць кампенсацыю за нанесены маральны і матэрыяльны ўрон.

– Агулам першапачатковая сума, якую патрабавалі я і дачка, складала каля 103 тысяч долараў, – распавяла “Народнай Волі” маці загінуўшага хлопца Жанна ПЦІЧКІНА. – Але суд вырашыў, што МУС павінна заплаціць у разы менш – 36 тысяч рублёў (каля 18 тысяч долараў). 20 тысяч рублёў павінна атрымаць я і 10 тысяч – дачка.

– Наколькі мне вядома, вы не абскарджвалі рашэнне раённага суда…

– Так, у Гарадскі суд касацыйную скаргу падавала МУС. А мы вырашылі не абскарджваць, бо не думаю, што суд вышэйшай інстанцыі павялічыў бы нам суму кампенсацыі. Многія і так казалі: трэба дзякаваць, што хоць такія грошы далі. Маўляў, сума магла быць значна меншая. Але ў любым выпадку прызначаная кампенсацыя – гэта здзек. Нешта дзяржава вельмі танна ацэньвае жыццё чалавека і пакуты блізкіх – усяго ў 36 тысяч рублёў.

– Вы не атрымалі яшчэ гэтыя грошы?

– Пакуль нічога няма, і нават не ведаю, як кампенсацыю будуць выплачваць. Дарэчы, у гэтай справе кропку ставіць пакуль не збіраюся, бо лічым, што вінаватыя ў гібелі сына да гэтага часу не пакараны. Фельчара пакаралі за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, але адкуль сінякі на целе сына? Не думаю, што гэта фельчар яго збіваў. Мяркую, апошняга проста зрабілі крайнім, а сапраўдныя “героі” да гэтага часу на волі. Таму мы і напісалі ліст у пракуратуру, няхай разбіраюцца…

Віктар ШПАК.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.