Співаемся...
Пачынаючы з 2004-га, у Беларусі штогод выяўляецца больш за 30 тысяч новых алкаголікаў. Гэта прыкладна столькі ж, колькі пражывае, напрыклад, у Iўеўскім альбо Ашмянскім раёнах і значна болей, чым налічваецца насельніцтва ў Зэльвенскім ці Бераставіцкім раёнах.
Без перабольшвання страшныя лічбы абнародавалі намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць і доктар эканамічных навук з Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Міхаіл Пятровіч.
Больш за тое, вышэйназваная лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў праблемы. Як мяркуюць эксперты, яе трэба павялічыць мінімум на трэць, паколькі значная колькасць беларусаў вырабляюць алкагольныя напоі самастойна. Калі ўлічваць самаробныя напоі, то на аднаго жыхара Беларусі ў мінулым годзе прыйшлося 16 літраў алкаголю.
Але ж ёсць дзеці, ёсць хворыя, ёсць тыя, хто прынцыпова непітушчы. Калі ўлічыць тых, хто вядзе выключна цвярозы способ жыцця, то, згодна даследаваннем Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук, атрымоўваецца, што ўсе тыя цыстэрны гарэлкі, віна, іншых напояў, якія выпускае наша прамысловасць, выпіваюць 5,9 мільёна беларусаў. У пераліку на кожнага атрымоўваецца ажно 26 літраў абсалютнага алкаголю ў год. Альбо 170 грамаў гарэлкі штодзённа! Таму зусім не дзіва, што наша краіна штогод співаецца цэлымі раёнамі…





галоўнае онлайн:


Аўтар:
Навіны
абмеркаванне