bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №25(4175)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Беларуская мова кітаянкі

Аўтар: I 10 красавiка 2017 г.

Іньлін ІЖАН вучыцца ў магістратуры Полацкага ўніверсітэта.

Свае ўражанні пра Беларусь яна распавяла «Народнай Волі».

– Я вучуся на гісторыка-філалагічным факультэце, расказвае ўраджэнка Кітая. – Літаратура, з якой прыходзіцца працаваць, нярэдка напісана па-беларуску. Першапачаткова знаёмства з вашай мовай было звязана з вучобай, але пазней я зацікавілася і палюбіла яе.

Як даўно вы ў Беларусі?

– Я прыехала восенню мінулага года па студэнцкай праграме абмену. У сябе на радзіме вывучала рускую мову і літаратуру. Атрымала дыплом і вырашыла працягнуць адукацыю. У Беларусь прыехала з гарадской акругі Наньтун. Гэта амаль тысяча кіламетраў ад Пекіна.

Полацк і Наваполацк – спакойныя і ўтульныя гарады. Пакуль мне найбольш запомнілася беларуская зіма.

Вы жывяце ў інтэрнаце?

– Так. У мяне добрыя ўмовы. У кітайскіх студэнцкіх інтэрнатах цесна: у некаторых пакоях пражываюць па 4 чалавекі. Наогул, я заўважыла, што пакоі ў інтэрнаце ПДУ не перапоўнены.

Са студэнтамі маеце зносіны?

– Так, мы часта слухаем музыку разам. У мяне ёсць сяброўка, якая першы раз прыгатавала для мяне дранікі. Гэта вельмі смачная страва.

Некаторыя просяць дапамагчы з вывучэннем кітайскай мовы. Беларускія студэнты вельмі актыўныя, але ў той жа час сур’ёзныя і рэдка смяюцца.

Як вам цэны ў беларускіх крамах?

– Не скажу, што яны занадта адрозніваюцца ад кітайскіх. Кошты прадуктаў падобныя. У вас вялікі асартымент, але некаторых відаў капусты ці грыбоў мне не хапае.

Калі хочацца паабедаць па-беларуску –  іду ў сталовую. У інтэрнаце ў асноўным гатую кітайскую ежу.

– Вы атрымліваеце стыпендыю?

– 250 рублёў. Таксама дапамагаюць бацькі. Яны працуюць на заводзе.

– Якое ўражанне склалася пра Беларусь за паўгода?

– Самае галоўнае ў любой краіне – гэта людзі. Беларусы – вельмі прыязныя. Я адчуваю сябе тут добра. Калі звярталася да мінакоў, каб спытаць дарогу, то мне ветліва падказвалі.

Многім маім суайчыннікам таксама падабаецца ваша краіна. Заўважыла, што беларусы яшчэ чытаюць кнігі ў транспарце, на вуліцы… У нас такога ўжо няма: выкарыстоўваюцца толькі тэлефоны, планшэты для праглядаў відэа ці гульняў.

Здзівілі і некаторыя іншыя моманты...

– Якія менавіта?

– Беларускія дзяўчаты кожны дзень карыстаюцца касметыкай. У кітаянак няма звычкі рабіць гэта так часта.

Ежа ў вас падаецца кожнаму, ужо раскладзеная па талерках. Мы таксама абедаем або вячэраем разам, але на стале адзін вялікі посуд на ўсіх і кожны бярэ сабе на талерку колькі хоча. Дарэчы, кухня нашай краіны ў Беларусі нядрэнная: мы з сябрамі аднойчы заходзілі ў кітайскі рэстаран у Віцебску – мне вельмі спадабалася.

Адзінае, што мне не зразумела да гэтага часу: чаму беларусы не гавораць на роднай мове?! Цяжка сустрэць мінака, які адкажа па-беларуску. Чаму так адбываецца?

Па розных прычынах: адны саромеюцца, іншыя не хочуць ці не ведаюць мовы.

– Дзіўна…

А як у вас з беларускай цяпер?

– Пакуль я чытаю толькі літаратуру па спецыяльнасці, але ў будучыні абавязкова пазнаёмлюся з беларускай класікай. Таксама наведваю сустрэчы праекта «Жывая мова», дзе вывучаюць мову і размаўляюць па-беларуску. Я пакуль не ўсё разумею, але абавязкова вывучу вашу мову.

Вахцёр інтэрната распавяла, што калі раніцай вы сыходзіце на заняткі, то заўсёды звяртаецеся да яе па-беларуску і кажаце: «Да пабачэння».

(Смяецца.) Гэта так.

Застацца ў Беларусі пасля вучобы не думалі?

– Пакуль не магу нічога сказаць. Наперадзе яшчэ паўтара года вучобы. І так далёка я не загадваю. У Кітаі мала ведаюць пра Беларусь. У нашых універсітэтах ёсць факультэты рускай мовы, а беларускай няма. Таму магчымасць вывучаць яе тут для мяне вельмі важная. Хоць, як мы ўжо казалі, яе рэдка можна пачуць. Але я стараюся гутарыць па-беларуску з выкладчыкамі і сябрамі.

Кажуць, што заробак выкладчыка ў Беларусі невысокі. Я не скажу дакладную суму ў Кітаі цяпер, але прафесія настаўніка мае высокі статус у нашым грамадстве. Яна карыстаецца павагай.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.