bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №22(4171)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Барыс КІТ: “Яшчэ жыву!”

Аўтар: I 30 сакавiка 2017 г.

Адзін з самых знакамітых нашых землякоў Барыс Уладзіміравіч Кіт жыве цяпер у Франкфурце-на-Майне ў доме састарэлых. Прыкладна год таму, калі яму спаўнялася 106, беларуска Раіса Унукава, якая жыве ў Бельгіі, прачытала пра яго ў прэсе. Знайшла ягоны тэлефон і павіншавала славутага суайчынніка з днём нараджэння. З таго часу яны стэлефаноўваюцца некалькі разоў на тыдзень.

Раіса УНУКАВА распавяла “Народнай Волі” пра свае дыялогі з Барысам Кітам.

 

– На жаль, Барыс Уладзіміравіч ужо кепска бачыць – што ж вы хочаце: праз пару тыдняў яму стукне 107 гадоў! – гаворыць Раіса. – Таму я расказваю яму пра навіны, ён з радасцю слухае, успамінае падзеі, звязаныя з тым ці іншым момантам. Калі здымае трубку, я заўсёды пытаюся: “Як вы?” І чую ў адказ: “Яшчэ жыву!..”

Нядаўна патэлефанавала.

– Яшчэ жыву! – і шчаслівы, радасны смех. Рады, што можна паразмаўляць, ды яшчэ і па-беларуску. Ягоная сяброўка Тамара цяжка хварэе і цяпер рэдка прыходзіць, а рускамоўная Ірына, валанцёр, якая прыходзіла да яго амаль кожны дзень, пасля цяжкай аперацыі знаходзіцца ў санаторыі. Барыс Уладзіміравіч не можа хадзіць, а ў інвалідным вазку не шмат парухаешся. Таму ён увесь час сядзіць у маленькім пакойчыку, у чатырох сценах...

Ну, якія ў вас навіны? – пытаюся.

Аніякіх. Праўда, днямі Амерыка (Кіт мае амерыканскае грамадзянства) турбавалася, ці жывы яшчэ, бо я атрымліваю амерыканскую пенсію. Дык вось, трэба будзе цяпер даказваць, што жыву,. – смяецца.

А ваш амерыканскі прэзідэнт, – кажу, – не сыходзіць з навін. Сёння прачытала, што за месяц прэзідэнцтва Дональд Трамп патраціў на паездкі болей, чым Абама за ўвесь год.

Зноў смяецца:

Праўда, гэты чалавек непрадказальны: часта гаворыць адно, а робіць зусім іншае... Але пажывём пабачым, чым ягонае прэзідэнцтва скончыцца.

Дарэчы, ягоны зяць Джарэд Кушнер мае беларускія карані. Яго бабуля з вашага роднага Наваградка.

Калі называю Наваградак, Барыс Уладзіміравіч ажыўляецца і пачынае ўспамінаць той час, калі працаваў там дырэктарам гімназіі.

У 1934 годзе польскія ўлады зачынілі гімназію. Але пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе дзякуючы маім намаганням гімназія распачала працу. У Наваградак былі перавезены вучні Віленскай беларускай гімназіі, якую пачалі ціснуць літоўскія ўлады. Былі адчынены дзесяць інтэрнатаў для юнакоў з далёкіх вёсак. Побач была заснавана другая сямігадовая беларуская школа. З Вільні быў перавезены нават аркестр, які пасля ладзіў выступленні ў Наваградку. Але адзін з выкладчыкаў, Панько, данёс у савецкую адміністрацыю, што я зяўляюся беларускім нацыяналістам. Вельмі хутка замест мяне дырэктарам быў прызначаны Фелікс Баржэмскі з Мінска. А мне далі месца намесніка. І я зехаў у Баранавічы і заняў пасаду школьнага інспектара... Зараз у былым будынку гімназіі знаходзіцца сярэдняя школа 1. Дарэчы, амаль усе свае рэчы я аддаў у музей, які месціцца ў адным са школьных пакойчыкаў, у якім я жыў у 1939 годзе...

Барыс Уладзіміравіч, учора быў Дзень беларускай мовы, і я прачытала цікавыя матэрыялы пра людзей рознага ўзросту, якія пачалі размаўляць па-беларуску. Адзін з іх Вадзім Шчаглоў, 24-гадовы хлопец. Я знайшла яго ВКонтакте і напісала, што ганаруся такімі маладымі людзьмі, бо патрэбны не толькі веды, але і смеласць, каб загаварыць па-беларуску.

Ізноў Барыс Уладзіміравіч ажыўляецца і з захапленнем гаворыць, што беларуская мова – адна з найпрыгажэйшых моў свету. І хоць ён валодае сямю мовамі, беларуская – найпрыемнейшая з усіх...

Адчуваю, што чалавек крыху стаміўся, жадаю яму прыемных салодкіх сноў і развітваюся.

Да наступнага разу, Барыс Уладзіміравіч!

Наступным разам падчас размовы Барыс Кіт на пытанне “Як ваш настрой?” сцішаным голасам адказаў:

– Кепскі... Вельмі кепскі... У маёй сяброўкі Тамары вялікія непрыемнасці: днямі яе здароўе значна пагоршылася... Яна ўжо даўно хварэе на рак, але раней заўсёды часта прыходзіла да мяне. А цяпер... Цяпер не выходзіць ужо з хаты. Праз нейкі месяц ёй будзе ўжо 80. Дый Ірына, сястра міласэрнасці, якая была ў мяне амаль штодня, цяпер знаходзіцца на рэабілітацыі пасля перанесенай нядаўна аперацыі... І ад малодшага сына, які там, у Амерыцы, няма ніякай весткі. Што з ім? Дзе ён? Усё гэта не дае мне спакою. І я зараз страшэнна змучаны...

Падбадзёрваю яго, што ўсё наладзіцца, усё будзе добра, бо зараз цяжкія дні для хворага чалавека, такое часта бывае на стыку зімы і вясны. І сын адзавецца, вядома...

У адзін з апошніх лютаўскіх вечароў я распавяла Барысу Кіту навіны пра Курапаты, дзе кругласутачна неслі вахту грамадскія актывісты, каб спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтра, які распачалі будаваць у межах ахоўнай зоны.

Барыс Кіт вельмі ўражаны, бо і сам мог апынуцца на тых могілках, калі б не пакінуў у свой час Беларусь...

Не магу ўявіць, што такое можа адбывацца ў нашай краіне. Будаваць на адным з самых вядомых месцаў масавых расстрэлаў, дзе пахавана каля 300 тысяч расстраляных?! Неверагодна!

Будаўніцтва пакуль часова спынена, пабачым, чым гэта ўсё скончыцца.

Будзем спадзявацца на лепшае, на розум у галовах людзей. А што чуваць пра Амерыку?

О-о! Днямі я пачула цікавую для вас навіну: NASA адкрыла сем новых планет.

NASA? Вельмі цікава! – ажыўляецца вучоны. – У гэтым амерыканскім ведамстве працаваў мой сын Уладзімір. Ён займаў пасаду намесніка адміністратара Цэнтра па экспарце. Ды і сама тэма космасу вельмі блізкая мне, бо вялікая і адна з важных частак майго жыцця была звязана менавіта з ім: і мая самая значная навуковая праца, і маё самае важнае адкрыццё вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва... Я ж абездзіў амаль увесь свет з дакладамі па касманаўтыцы, выступаў на розных міжнародных кангрэсах... Быў і ў Японіі, і ў Індыі, у Мексіцы, Іспаніі, Швецыі, Англіі, Канадзе, Фінляндыі, Нямеччыне, Ізраілі ды іншых краінах...

Дык вось, касмічны тэлескоп NASA перадаў на зямлю ўнікальныя дадзеныя аб адкрыцці зорнай сістэмы з сямю новымі планетамі, тры з якіх, магчыма, прыдатныя для жыцця. Новая сістэма атрымала назву TRAPPIST-1 і знаходзіцца на адлегласці 40 светавых гадоў ад Зямлі. Тры экзапланеты, якія асабліва заінтрыгавалі вучоных, знаходзяцца ў заселенай зоне і падобны на Зямлю. І яны знаходзяцца так блізка адна ад адной, што можна з адной планеты ў дэталях разгледзець геаграфічныя ўласцівасці другой. Адкрыццё такой вялікай колькасці планет было зроблена ўпершыню...

Цікава... Вельмі цікава... Шкада, што мой сын не дажыў да гэтага дня... – сцішаным голасам дадае Барыс Уладзіміравіч.

А як пажывае ваш другі сын, Віктар?

Голас прафесара яшчэ цішэе:

Дык вось не магу да яго дазваніцца. Ужо колькі дзён... Дзе ён? Што з ім?

Можа, зехаў куды?

Можа, вядома. Ён вельмі часта ездзіць на ўсялякія міжнародныя канферэнцыі і па працы, і па спорце...

Тады будзем думаць, што з ім усё добра і ён сам у хуткім часе вам патэлефануе...

На гэтай сумнай для старога чалавека навіне развітваемся.

З нецярпеннем чакаю наступнага вечара, каб патэлефанаваць сусветна вядомаму вучонаму і шчыраму патрыёту Беларусі. Як ён?

– Чым вы заняты?

– Заняты думкамі, – адказвае ён. – Сяджу вось у вазку ці ляжу ў ложку і ўспамінаю сваё жыццё... Думаю пра тое, што зрабіў шмат дабра і для навукі, і для людзей. Успомнілася сёння, як я быў старшынёй першага сходу – гістарычнага сходу ў Вашынгтоне, на якім адбылося паяднанне СССР і Амерыкі ў ракетнай галіне. Гэта была першая двухбаковая сустрэча. 1960 год. У Амерыку прыехала група савецкіх акадэмікаў і міністраў. Паколькі я добра ведаў рускую мову і меў на той час вялікі вопыт у ракетнай справе, мяне і прызначылі кіраўніком гэтай групы. Успамінаю, што на гэтай сустрэчы не было ніякай палітыкі толькі навука. Атмасфера была надзвычай дружалюбная... І я вельмі ганаруся, што распачаў гэтую справу, якая працягваецца і па сённяшні дзень. А вынікам тых перамоў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай сістэмыСаюзАпалон.

Я рады, што большую частку жыцця займаўся навукай, што прынёс шмат карысці чалавецтву... Я даследаваў неверагодна цікавыя рэчы ў галіне астранаўтыкі. Асабліва ганаруся тым, што ўдзельнічаў у распрацоўцы вадкага вадароду, які стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму зрабілася магчымым падарожжа на Месяц... На працягу 25 гадоў я працаваў у галіне касмічных даследаванняў у Амерыцы, напісаў першы ў гісторыі касманаўтыкі падручнік па паліве для ракетных сістэм, які быў станоўча ацэнены ва ўсім свеце. І я быў заўсёдным дэлегатам усіх міжнародных кангрэсаў па астранаўтыцы, дзе выступаў з дакладамі і паведамленнямі.

– Неверагодна, Барыс Уладзіміравіч, што вы ў такім узросце маеце такую добрую памяць і ўзгадваеце мінулае, як быццам усё гэта адбылося з вамі толькі некалькі гадоў таму...

Гэта праўда. Бог даў мне добрую памяць. І я пражыў цікавае і змястоўнае жыццё. І яшчэ жыву, нягледзячы на мае амаль 107 гадоў...

...Я слухала ягоны аповед і дзівілася, як можа ў адным чалавеку змясціцца столькі ведаў і такая палкасць да навукі і да жыцця...

Трымайцеся, Барыс Уладзіміравіч, дарагі наш Вялікі Беларус!

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.