bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №20(4169)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

«Беларускія мужчыны саромеюцца ісці да лекараў»

Аўтар: I 22 сакавiка 2017 г.

Да якога ўзросту чалавек лічыцца маладым?

Чым карысныя шматмоўе і вышыванка?

Якіх хвароб больш за ўсё баяцца беларусы і чаму не трэба баяцца?

Пра гэта і многае іншае ў рамках праекта «Жывая мова» ў Полацку распавёў прафесар геранталогіі Кірыл ПРАШЧАЕЎ.

«Жывая Мова» – гэта супольны праект, створаны Полацкай гарадской арганізацыяй ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” і інфармацыйна-культурніцкім цэнтрам «ІніцыАрт».

Мэта ініцыятывы заключаецца не толькі ў навучанні беларускай мове. Арганізатары паказваюць, што, размаўляючы па-беларуску, можна таксама рэалізавацца ў прафесіі і зрабіць паспяховую кар’еру.

На творчыя сустрэчы запрашаюцца вядомыя беларусы. Месяц таму пісьменнік Уладзімір Арлоў прэзентаваў сваю кнігу «Айчына».

Днямі перад жыхарамі Полацка з лекцыяй выступіў доктар медыцынскіх навук, дырэктар навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Масква), першы намеснiк старшыні Беларускага рэспублiканскага геранталагiчнага грамадскага аб’яднання Кірыл Прашчаеў.

Геранталогія – навука, якая вывучае прычыны старэння чалавека.

Кірыл Прашчаеў – ураджэнец Полацка. Цяпер жыве і працуе на дзве краіны.

– Маё жыццё звязана з Полацкам і Наваполацкам, сказаў Кірыл Іванавіч. Так склалася, што апошнія 10 гадоў я жыву і ў Беларусі, і ў Расіі. Нягледзячы на ​​тое, што я двухмоўны чалавек, роднай лічу толькі беларускую.

Спецыяліст узгадаў 1990-я гады, калі ў краіне сапраўды было двухмоўе. Ён тады вучыўся ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. Паводле слоў Кірыла Прашчаева, і студэнты, і выкладчыкі размаўлялі на беларускай, рускай мовах і цудоўна разумелі адзін аднаго.

– Беларуская мова мне дапамагае ў прафесіі,– распавядае дырэктар медыцынскага цэнтра. – У нашай навуцы ёсць тэрмін «старэчая астэнія». І калі па-руску трэба растлумачыць, што гэта такое, то атрымліваецца так: «Старэчая астэнія – стан, калі чалавек становіцца нямоглы, губляе цікавасць да жыцця, павольна перасоўваецца і гэтак далей». Няма аднаго слова, якім можна ахарактарызаваць хваробу. А па-беларуску гэта – кволы чалавек. Наша мова больш прыстасаваная.

Некалькі гадоў таму ў краіне было створана Беларускае рэспубліканскае грамадскае геранталагічнае аб’яднанне. Спецыялісты арганізацыі вывучаюць і прасоўваюць сусветныя геранталагачныя навінкі.

А навошта наогул даследаваць працэс старэння арганізма і яго наступствы?

Раней жыццё было чорна-белым, а цяпер парадыгмы мяняюцца, тлумачыць ураджэнец Полацка. Маладосць, праца, пенсія усё проста. Чорна-белы колер зручны для жыцця, але насамрэч свет рознакаляровы. І жыць у ім не так проста: таму да старасці трэба рыхтавацца.

Кірыл Прашчаеў распавёў, у якім узросце надыходзіць старасць: ад 18 да 44 – малады ўзрост, ад 45 да 59 – сталасць, 60–74 – пажылы ўзрост, 75–89 – старэчы, 90 гадоў і больш – доўгажыхары.

– Гэтую класіфікацыю распрацавала Сусветная арганізацыя аховы здароўя, – удакладніў беларускі навуковец. – Старасць наступае толькі ў 75 гадоў. І я парадую людзей майго ўзросту (43 гады) да 45 мы будзем лічыцца маладымі.

Чаму менавіта 45? У ідэале ў гэтым узросце ў чалавека не павінна быць ніякіх хранічных хвароб. Калі турбуе остэаартоз, артэрыяльная гіпертэнзія, атлусценне, цукровы дыябет, то ідзе заўчаснае старэнне. Таксама да 45 гадоў жанчына можа нарадзіць здаровае дзіця.

Паводле слоў дасведчанага спецыяліста, нават у пажылым узросце (нягледзячы на хваробы) можна захаваць высокі ўзровень якасці жыцця. А вось у далейшым у чалавека павышаецца рызыка залежнасці ад іншых: сацыяльных службаў, сваякоў і гэтак далей.

Задача геранталогіі – максімальна адцягнуць надыход таго ўзросту, калі чалавек не можа жыць самастойна.

– І вы бачыце, якая нядобрая сітуацыя ў нашым грамадстве з хваробамі! адзначае Кірыл. Колькі людзей ужо ў сталым узросце сутыкаюцца з заўчасным старэннем! Такога быць не павінна.

На думку прафесара геранталогіі, цяпер у беларускім грамадстве фарміруецца культ маладосці. Асабліва гэта тычыцца жанчын, якія з некалькіх зморшчынак на твары робяць катастрофу.

У Расіі я аднойчы назіраў такую ​​сітуацыю, – кажа Кірыл Прашчаеў. Топ-касметолаг, якой зараз 64 гады, мае твар 18-гадовай дзяўчыны. Сёння так зрабіць няцяжка. І вось гэтая жанчына падымаецца на сцэну, каб чытаць даклад. І на прыступках у яе здараецца прыступ остэахандрозу. Які сэнс у такой знешнасці? Таму трэба імкнуцца не толькі да маладога твару, але і да здаровага цела.

Як тлумачыць доктар медыцынскіх навук, хвароб не варта баяцца, але сваё жыццё трэба планаваць у любым узросце.

Старэнне небяспечна не шматлікімі хваробамі (імі можна кіраваць), а зніжэннем якасці жыцця. Не страшна, калі ў чалавека цукровы дыябет, а вось калі яго не лячыць, то наступствы могуць быць жудасныя.

На думку жыхароў Полацка, больш за ўсё беларусы баяцца захварэць на рак.

Рызыка захварэць на рак у 80 разоў ніжэй, чым захварэць на дэменцыю (парушэнне дзейнасці мозгу), – сказаў Кірыл Іванавіч. 70 працэнтаў хворых на рак пражывуць яшчэ 5 і больш гадоў. А вось ад дэменцыі нічога не ўратуе.

Як старэць, кожны выбірае сам, але ёсць праграма, як гэта рабіць правільна: харчаванне, рух і стварэнне мазгавога рэзерву.

Як аказалася, шматмоўе спрыяльна ўплывае на мозг, бо людзі, якія размаўляюць на некалькіх мовах, старэюць не так хутка.

Існуе мноства дыет, – распавядае прафесар. Але найбольш эфектыўная, калі мы ўжываем 50–70 працэнтаў калорый ад звычнай колькасці. Але есці ўсё жыццё толькі 50 працэнтаў ад таго, што нам трэба, зможа далёка не кожны чалавек.

Існуюць нармальныя спосабы правільнага харчавання. Вы можаце есці што хочаце, але абавязкова кожны дзень трэба зядаць па 400 грамаў рознакаляровых хрусткіх прадуктаў: капусты, ягад, перцу, агуркоў і гэтак далей.

Для прафілактыкі дэменцыі людзям ва ўзросце прафесар раіць выкарыстоўваць розныя гаджэты і праграмы.

– Калі вашы бабулі і дзядулі атрымліваюць пенсію на банкаўскія карткі, а вы дапамагаеце ім здымаць грошы, то вы робіце дрэнную працу, – тлумачыць Кірыл Іванавіч. – Трэба ўзяць бабулю, прывесці да банкамата, і няхай з 20-га разу, але яна сама націсне на кнопкі і здыме грошы.

Каб развіваць дробную маторыку рук, Кірыл Прашчаеў парэкамендаваў вырабляць вышыванкі.

– У нас працуюць розныя цэнтры абслугоўвання насельніцтва, – кажа доктар медыцынскіх навук. – Але яны прапануюць людзям нецікавыя заняткі – нейкую лепку з пластыліну і гэтак далей. А калі бабуля займаецца вышыванкай для дзяцей або ўнукаў, то ў яе зусім іншы падыход і настрой. Ёсць і такі сродак для прафілактыкі хваробы.

– Чаму ў Беларусі высокі ўзровень смяротнасці сярод мужчынскага насельніцтва?

– Гэта праблема ўсіх постсавецкіх краін, – сказаў «Народнай Волі» Кірыл Прашчаеў. – І прычын тут шмат: гэта звязана з высокім узроўнем захворвання сярод мужчын. Яны не так клапоцяцца пра сваё здароўе, як жанчыны. Таксама ў нашым грамадстве ёсць традыцыйнае меркаванне, што мужчына павінен цярпець. Мы цярпім і саромеемся ісці да лекара. Ну і, зразумела, праблема няправільнага харчавання тут таксама існуе.

Вам даводзілася сутыкацца з агрэсіўнай рэакцыяй пацыентаў на беларускую мову?

– Я знаходжуся ў адэкватным стане. Усё жыццё размаўляю на роднай мове, але, калі бачу, што чалавеку цяжка са мной размаўляць па-беларуску, вядома, я перайду на рускую. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага.

Мне наогул здаецца, што калі звяртаешся да чалавека па-беларуску, а ён не можа адказаць, то ніякавата сябе адчувае суразмоўца. І гэта вельмі добры знак, бо чалавек захоча змяніць сітуацыю.

Як аказалася, двухмоўе падаўжае жыццё...

– Так. А можна яшчэ выйсці ў свет: ведаць англійскую і іншыя еўрапейскія мовы на добрым узроўні.

P.S. Заняткі праекта «Жывая мова» праходзяць у кавярні «Раздол» кожны аўторак у 18.30.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.