bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №13(4162)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Дом для адзінокіх старых

Аўтар: I 24 лютага 2017 г.

10 лютага споўнілася 3,5 года, як пачаў сваю дзейнасць Вайганаўскі прыватны дом-інтэрнат для адзінокіх і пажылых людзей «Сямейны прычал».

Як жыве сёння першы і адзіны ў краіне такі пансіянат – у матэрыяле “Народнай Волі”.

 

Стомленыя ад самоты

Марыя Юліянаўна Дубаневіч – адна з першых жыхарак Вайганаўскага інтэрната. Засялілася ў пансіянат літаральна ў дзень адкрыцця – у жніўні 2013 года.

– Нават калі будуць выганяць – не пайду адсюль, – усміхаецца яна. – А дзе мне будзе лепей? Тут усё добра. Цудоўны персанал, чысціня, догляд што трэба, пагаварыць ёсць з кім. Сяброўкі новыя (яна абдымае Таццяну Залізняк, якая сядзіць побач на канапе). Пра харчаванне я ўвогуле маўчу – кормяць так смачна, што фігуру не зберагчы.

Марыя Юліянаўна шмат жартуе, кажа, што ў свае 80 ніякая яна не старая: і патанчыць можа, і паспяваць. І, шчыра кажучы, я крыху здзіўляюся: навошта яна хатнія ўмовы прамяняла на жыццё ў пансіянаце, хоць і прыватным. Абслугоўваць сама сябе можа, мае права на сацыяльную сядзелку, а як бы ў гасцях добра ні было, дома заўсёды лепей.

– А дома ў мяне, па сутнасці, няма, – уздыхае яна. – Старая хатка ў Маладзечне. Каб там жыць, трэба прыкласці нямала сіл і сродкаў, чаго ў мяне нестае. Як толькі я даведалася, што ў Вайганах адкрываецца прыватны інтэрнат для самотных старых, адразу сюды папрасілася. Стамілася быць адна.

Марыя Юліянаўна пахавала адзінага сына, калі таму толькі споўнілася 18, – разбіўся на матацыкле. Калі з жыцця сышла яе маці, жанчына ўвогуле засталася зусім адна – больш блізкіх і родных людзей у яе не было. Сёння ў Марыі Дубаневіч не хапае пенсіі, каб аплаціць пансіянат, але яе адсюль ніхто не выганяе.

Мяне, канешне, гэта крыху здзіўляе: праект камерцыйны, а бізнес мусіць сябе акупляць і прыносіць прыбытак, аднак атрымліваецца, што ўтрыманне некаторых пастаяльцаў стратнае.

Увогуле падчас гэтай камандзіроўкі даводзілася дзівіцца многаму. Ну навошта маладая жанчына – 45-гадовая Алена Дубовік – узялася за такую складаную і адказную справу?! З першага погляду відавочна – грошай яна не дае. Адзін суцэльны клопат.

Без адзінага крэдыту

– Чаму так выйшла? – усміхаецца дырэктар і ўладальнік "Сямейнага прычала" Алена Валянцінаўна Дубовік. – Нават не ведаю. Пакліканне гэта? Збег абставін?

Я працавала ў Маладзечне ў Чырвоным Крыжы, бачыла, наколькі гэта сур’ёзная праблема – самотная старасць. Прыходзілі бабулі, скардзіліся, плакалі, што нікому не патрэбны – ні ўнукам, ні пляменнікам.

Дома здарылася бяда – мама захварэла на анкалогію. Дзякуй Богу, хваробу схапілі на ранняй стадыі, яна цяпер жывая і здаровая, але тады давялося шмат паездзіць па анкалагічных цэнтрах, пабачыць, якімі бездапаможнымі становяцца людзі праз хваробу і які важны для іх у гэты перыяд догляд... Тады і ўзнікла ідэя арганізаваць прыватны пансіянат.

У 2012 годзе Алена прыехала ў госці да мамы ў Вайганы, а галоўная навіна ў вёсцы – школу закрываюць. «Я ў ёй вучылася, тата тут усё жыццё працаваў. Школа невялікая, двухпавярховая, стаіць на ўскрайку вёскі, каля лесу. Паветра свежае, цішыня. Лепшае месца для інтэрната знайсці складана. Падумала: гэта знак».

Старшыня Валожынскага райвыканкама Анатоль Антонавіч Навумовіч ініцыятыву Алены Дубовік падтрымаў адразу. «Калі ласка, арандуйце будынак. Чым можам – дапаможам», – такім быў яго наказ на добрую справу.

На добраўпарадкаванне пансіяната з дзяржаўнага бюджэту не было выдаткавана ні капейкі. А школа год стаяла безгаспадарнай.

– Калі мы сюды заехалі, каналізацыі не было, сантэхніку ўсю вынеслі, тынкоўка са столі сыпалася, плітка адвальвалася, – успамінае Алена Валянцінаўна. – Усе пераклейвалі, перафарбоўвалі, мянялі падлогу. На першым паверсе ўсе вокны замянілі на шклопакеты, на другім – пакуль толькі ў жылых пакоях.

Рамонт Дубовік рабіла за свае грошы. У гэта складана паверыць, але ў банку яна не ўзяла ніводнага крэдыту. Дапамагала сям’я, сябры давалі ў доўг.

– Дапамога ішла і ідзе ад людзей, – заўважае дырэктар. – Рамонт яшчэ і сёння да канца не зроблены, мы паэтапна ўсё абнаўляем. Штосьці – сваімі сіламі, штосьці – спецыялістаў збоку запрашаем. Цяпер мяняем старую плітку ў душавой на першым паверсе, а калі гэтыя ж работы ішлі на другім паверсе, з Свята-Елісавецінскага манастыра прыехаў хлопец і замяніў усю плітку бясплатна. Ні капейкі не ўзяў за работу!

Ці такая гісторыя. Асноўныя рамонтныя работы былі ўжо скончаны, можна адкрывацца, а грошай на мэблю няма. І ўзяць няма дзе. Дапамога прыйшла, адкуль не чакалі. Выпадкова апынуліся ў Паставах, зайшлі на мясцовую мэблевую фабрыку. І нам там далі мэблю ў растэрміноўку – ложкі, сталы, шафы!

"Мы для дзяржавы камерцыйны праект, ільгот няма ніякіх"

Пастаянных спонсараў у «Сямейнага прычала» няма. Але шанцуе на знаёмства і сустрэчы з неабыякавымі людзьмі. Дакладней сказаць, бачачы, якую каманду сабрала Алена Валянцінаўна і колькі яна робіць для таго, каб арганізаваць годны догляд за самотнымі і хворым старымі, ёй імкнуцца дапамагчы. “Прыорбанк”, галандская гуманітарная арганізацыя Stichting charite, Свята-Елісавецінскі манастыр, мясцовыя праваслаўная і евангельская цэрквы, касцёл.

– У 2015 годзе пры падтрымцы Фонду Еўфрасінні Полацкай да нас прывезлі на пражыванне з Мінска Валерыя Іванавіча Крывашэева, – распавядае Алена Валянцінаўна. – Яму патрабаваўся пастаянны догляд. Інвалід I групы, Валерый Іванавіч даўно быў нерухомы, на целе – глыбокія пролежні. У Мінску з пролежнямі быццам бы змагаліся, два гады лячылі срэбрам, але нічога не атрымлівалася. А мы справіліся за два месяцы! Калі яго прыехаў наведаць дырэктар фонду Сяргей Генадзевіч Барташэвіч, то не мог у гэта паверыць. Усклікнуў: «Цяпер я ведаю, каму трэба даваць Нобелеўскую прэмію!»

З тых часоў фонд імкнецца дапамагаць інтэрнату. У гэтым сезоне аплацілі 80 кубоў дроў, а гэта больш за 20 мільёнаў на старыя грошы!

Ад дзяржаўнай падтрымкі Алена Валянцінаўна, вядома ж, не адмовілася б. Але фінансавых сродкаў з бюджэту не прапаноўваюць. Яна не ў прэтэнзіі: палкі ў колы не ўстаўляюць – ужо добра. А з мясцовай ЖКГ, напрыклад, адносіны наогул заладзіліся: вываз смецця, адпампоўка каналізацыі – усё па першым патрабаванні. Але...

Плацім мы за ўсе паслугі як юрыдычная асоба, ільгот няма ніякіх, – уздыхае дырэктар. – На электраэнергію таксама зніжак няма. Толькі брыкет маем права набываць са зніжкай. Мы для ўсіх – камерцыйны аб’ект. А тое, што і сацыяльны, – у разлік ніхто не бярэ.

700 рублёў у месяц

«Сямейны прычал» разлічаны на 45 чалавек. Сёння ў пансіянаце пражывае 38 пенсіянераў, 30 з іх – інваліды I і II груп. Шмат ляжачых, тых, каму з-за сталага ўзросту цяжка хадзіць. Сярэдні ўзрост пастаяльцаў – 80 гадоў. Прывозяць родныя старых з розных рэгіёнаў: Магілёў, Маладзечна. Баранавічы, Лунінец, шмат мінчан. Прывозяць дажываць свой век.

– Сёння і ў дзяржаўных дамах састарэлых ёсць вольныя месцы, – кажа Алена Валянцінаўна. – Але мне прыемна чуць, што ў нас лепш. Вось нядаўна з Мінска дачка прывезла да нас сваю маму. Вельмі задаволена, кажа, у нас работнікі больш уважлівыя, ветлівыя.

Месяц пражывання ў інтэрнаце каштуе 700 рублёў. У асноўным аплачваюць пражыванне старых іх дзеці. Здараецца, калі пастаяльцы плацяць за догляд з уласных зберажэнняў. Але ёсць і так званыя сацыяльнікі – тыя, у каго няма блізкіх сваякоў або ад каго адмовіліся апекуны: прывезлі ў пансіянат, за месяц-другі знаходжання заплацілі, а пасля перасталі пералічваць грошы. А ў старога, як правіла, пенсія 200 рублёў.

– На вуліцу ж іх не выганіш! – кажа Алена Валянцінаўна. – Сёння ў мяне 10 “сацыяльнікаў”. Выкручваемся як можам. Дапамагае ўласная гаспадарка. Нам калгас даў у арэнду зямлю побач з пансіянатам, вялікі ўчастак. Вырошчваем бульбу, капусту, моркву, буракі, цыбулю, гуркі, памідоры. На зіму кансервуем гародніну, варым варэнне. У гэтым годзе ўраджай выдатны сабралі! Бярозавіку паўтоны паставілі... Куры ёсць, тры каровы. Улетку трымаем гусей, качак.

Марыя Дубаневіч і Таццяна Залізняк

Персанал у пансіянаце, вядома, асаблівы – з пажылымі нямоглымі людзьмі працаваць можа не кожны. Тым больш што і плаціць вялікія і нават сярэднія заробкі за такую цяжкую і эмацыйна, і фізічна работу ў дырэктара магчымасці няма. Сярэдняя зарплата супрацоўнікаў – 300–350 рублёў, сама сабе Алена Валянцінаўна вызначыла аклад у 450 рублёў.

– Мы тут як дома, як адна сям’я, выпадковых людзей у нас няма. Усё робім разам. Трэба ўстаць у 6 раніцы і капаць бульбу – ідзём усе, і я станаўлюся побач з дзяўчатамі  і капаю! – заяўляе Дубовік.

У штаце 23 чалавекі. Ёсць два медработнікі, 6 санітарак, два кухары, загадчыца вытворчасці, якая пралічвае калорыі і сочыць, каб харчаванне ў пастаяльцаў было збалансаванае. Працуе загадчык гаспадаркі, качагар. Ну а галоўны памочнік, правая рука Алены Валянцінаўны – яе намеснік Іосіф Валошын.

“Першыя тры тыдні ўсе просяцца дахаты”

Напэўна, шмат у каго першая асацыяцыя, якая ўзнікае пры словах “прыватны пансіянат” – сучасны будынак з шыкоўнымі інтэр’ерамі. У Вайганаўскім доме-інтэрнаце няма еўрарамонту, тут усё сціпла, шмат рэчаў, што былі ва ўжытку. Але чысціня ідэальная, паўсюль вазоны, кветкі, на вокнах архідэі. У пакоі адпачынку – цудоўная бібліятэка і малельны куток. На сцяне вялікая ікона, якую прывёз з Рыма і падараваў «Сямейнаму прычалу» ксёндз Генрых Акалатовіч. Тут пастаяльцы моляцца, тут праводзяць службу і ксёндз, і бацюшка.

Пакояў для пастаяльцаў дзесяць. Усе прасторныя, плошчай 30 квадратных метраў, з мэблі нічога лішняга, толькі ложкі, тумбы, стол і тэлевізар. Ёсць і аднамесныя апартаменты. «Але яны пустуюць, – заўважае дырэктар. – Старыя хочуць жыць разам, просяцца ў чатырохмясцовыя пакоі. Стаміліся яны ад адзіноты».

– Тое, што ў нас заўсёды будуць пастаяльцы, – ніколі не сумнявалася, – кажа Алена Валянцінаўна. – Людзей, гатовых пайсці ў інтэрнат, на самай справе шмат. Але яны хочуць больш-менш камфортных умоў, каб не як селядзец у бочцы, каб быў індывідуальны догляд.

Схітрую, калі скажу, што ўсе з радасцю застаюцца. Многіх дзеці прывозяць падманам, кажуць, што ўзялі пуцёўку ў санаторый. Як правіла, першыя тры тыдні ўсе просяцца дахаты, а праз месяц-другі ўжо не хочуць з’язджаць. Часта ў інтэрнат прывозяць людзей практычна безнадзейных, ляжачых, і многіх з іх мы ставім на ногі.

«Ніводнага дагавора рэнты я не аформіла»

Два гады таму апекуны прывезлі ў «Сямейны прычал» Надзею Аляксееўну Волкаву. Яна не размаўляла, хадзіць, сядзець не магла. Апекуны меркавалі, што бабуля сыходзіць, і заплацілі толькі за 4 месяцы знаходжання ў пансіянаце. Потым у іх штосьці не атрымалася з афармленнем яе кватэры, і апекуны ад Надзеі Аляксееўны адмовіліся. А бабуля з часам адужэла, пачала размаўляць, сядзець, чытаць кнігі… І жывая дагэтуль. Яна хацела завяшчаць сваю кватэру пансіянату, але Алена Валянцінаўна ад такога падарунка адмовілася.

– Не хачу, каб у кагосьці нават думка ўзнікла, што мы тут працуем з-за кватэр нашых пастаяльцаў. Ніводнага дагавора рэнты я не аформіла. І потым: пакуль чалавек жывы, ён нікому не патрэбны, а як толькі памірае, тут жа злятаюцца сваякі і пачынаюць дзяліць маёмасць, – у голасе дырэктара адчуваюцца сталёвыя ноткі.

Напрыканцы нашай сустрэчы мы гаворым з Аленай Валянцінаўнай пра рэчы прынцыповыя, складаныя, але важныя, жыццёвыя.

– Для нашых пастаяльцаў самае галоўнае – гэта догляд. І ўсведамленне таго, што яны пойдуць на той свет годна...

Гэтым летам памерла наша падапечная. Я была ў Маладзечне. Прымчалася, як толькі патэлефанавалі. А ў кабінеце факс ад сына: ад пахавання сваёй маці адмаўляюся.

Патэлефанавалі бацюшку ў Вішнева, у рытуальную службу. Вядома ж, бабулю мы пахавалі. І ўсё пастаяльцы былі гэтым устрывожаны і ўсцешаны адначасова. Таму што кожны з іх прымярае гэтую сітуацыю на сябе.

Ці неяк наша падапечная папрасіла, каб мы паехалі ў Белаазёрск і забралі да сябе яе суседку – бабу Юлю. Сыны яе памерлі, з нявесткамі і ўнучкай кантакту не было. Мы прыехалі – відовішча жудаснае. Баба Юля сядзіць у холадзе, голадзе, кінутая ўсімі. У кватэры з ежы – бутэлька кефіру, пернікі і памідоры. Калі мы прывезлі яе да нас і далі гарачы суп, яна расплакалася. На жаль, пражыла баба Юля нядоўга. І мы таксама яе тут пахавалі, на мясцовых могілках. Калі праз тыдзень аб’явілася ўнучка, то першае пытанне было: на кого завяшчанне напісана? Яны там паміж сабой бабуліну кватэру дзялілі. А на могілкі, дарэчы, унучка так і не схадзіла.

Калі нам даводзіцца хаваць нашых падапечных, я бачу, як гэта супакойвае іншых. Сітуацыі, як бачыце, бываюць розныя. І нашым старым важна ведаць, што мы ў выпадку чаго не толькі не адмовімся ад іх, але і годна пахаваем.

***

Развітваючыся, я заўважыла над уваходнымі дзвярамі пансіяната абраз.

– Гэта Мікалай Цудатворац, – кажа Алена Валянцінаўна. – Мой дзядуля быў святар, служыў у царкве ў Масцішчы яшчэ пры савецкай уладзе. Памёр у 94 гады. Ён вучыў мяне спагадзе, любові да бліжняга, казаў, што ў жыцці нічога не атрымаецца, калі ў душы няма Бога. Калі я выходзіла замуж, дзядуля блаславіў мяне абразом Мікалая Цудатворца. Цяпер абраз са мной тут, у пансіянаце. І я веру, што мне гэта дапамагае.

Мінск–Вайганы.

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.