bulletгалоўнае онлайн:

Грамадства

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

За адмену дэкрэта "аб дармаедстве" сабрана ўжо каля 75 тысяч подпісаў

17 лютага 2017 г. 16:45
За месяц пасля пачатку кампаній па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку адмены дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" актывісты дэмакратычных сіл сабралі каля 75 тысяч подпісаў.
17 студзеня аб пачатку збору подпісаў за адмену дэкрэта "аб дармаедстве" абвясцілі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), а таксама прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі апазіцыі (Аб'яднаная грамадзянская партыя, рух "За Свабоду" і аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя").

Прэс-сакратар прафсаюза РЭП Мікалай Герасіменка паведаміў БелаПАН, што на гэты момант па ўсёй краіне сабралі каля 23 тысяч подпісаў у падтрымку патрабавання аб адмене дэкрэта № 3. Частка з іх ужо накіравана ў Адміністрацыю прэзідэнта, копіі падпісных лістоў адпраўляюцца ў Палату прадстаўнікоў. Акрамя таго, каля 25 тысяч чалавек падпісаліся пад зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта, размешчаным па ініцыятыве прафсаюза на інтэрнэт-пляцоўцы Zvarot.by.

Паводле інфармацыі прэс-сакратара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай, актывісты АГП сабралі не менш за 17 тысяч подпісаў за адмену дэкрэта. "Нашай кампаніяй цікавіліся і прыходзілі збіраць подпісы ў якасці валанцёраў зусім новыя людзі, раней ніяк не звязаныя з партыяй, з'явіўся такі спантанны нефармальны рух", — адзначыла Красуліна. Мяркуецца, што сабраныя АГП подпісы прадставіць у парламенце член партыі, дэпутат Ганна Канапацкая на вясновай сесіі, падчас разгляду студзеньскага дэкрэта № 1, які карэктуе дэкрэт "аб дармаедах".

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі паведаміў БелаПАН, што іх актывісты на сёння сабралі каля 10 тысяч подпісаў грамадзян за адмену дэкрэта № 3. "Гэта яшчэ не канчатковыя дадзеныя. Мы таксама прасілі людзей масава слаць індывідуальныя звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта. Сёння нашы актывісты ў Бабруйску ідуць на прыём да намесніка кіраўніка адміністрацыі Мікалая Снапкова і частку подпісаў яму прадэманструюць", — расказаў палітык.

Рух "За Свабоду" пакуль не падводзіў прамежкавых вынікаў кампаніі па зборы подпісаў. "У найбліжэйшыя дні мы падвядзем вынікі і абмяркуем у правацэнтрысцкай кааліцыі, што далей рабіць з сабранымі подпісамі, у якія дзяржорганы іх накіроўваць. Але можна пазітыўна ацаніць сам працэс, водгук, які кампанія выклікае ў грамадзян. Людзі падтрымліваюць ідэю адмены дэкрэта і разумеюць, што сітуацыю трэба неяк вырашаць", — паведаміў БелаПАН старшыня руху Юрый Губарэвіч.

Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ад 2 красавіка 2015 года абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (цяпер 460 рублёў).

20 лютага — апошні тэрмін аплаты збору. Паводле звестак МПЗ, на 7 лютага падатковыя органы Беларусі накіравалі грамадзянам каля 470 тыс. паведамленняў на выплату збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Заплацілі збор 44,5 тыс. грамадзян, у бюджэт паступіла больш за 13,4 млн рублёў.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, дэкрэтам "аб дармаедах" абурылася толькі невялікая частка насельніцтва і адмяняць дакумент не варта. "Давайце пажывем. Калі мы ўжо з вамі прыйдзем да адной непахіснай высновы, што гэта анахранізм і ён не патрэбен, мы яго адменім. Не спяшаецеся. Можа, ён яшчэ шмат чаго карыснага прынясе ў наша жыццё", — заявіў Лукашэнка 3 лютага на сустрэчы з грамадскасцю і СМІ, адказваючы на пытанне пра далейшы лёс дакумента.

17 лютага і 15 сакавіка ў Мінску і іншых гарадах Беларусі плануюцца вулічныя акцыі з патрабаваннем адмены дэкрэта № 3.
 
Фота з сайта БелаПАН
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.