bulletгалоўнае онлайн:

Палітыка

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Пасольства Ізраіля ў Беларусі стала адзіным, для якога было перагледжана рашэнне аб закрыцці

17 лютага 2017 г. 11:52

Пасольства Ізраіля ў Беларусі стала адзіным, у дачыненні да якога было перагледжана рашэнне аб закрыцці з-за скарачэння дзяржаўных выдаткаў.

Пра гэта ў інтэрв`ю паведаміў новы пасол Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам.

Дыпламат, прызначаны на гэтую пасаду ў лістападзе 2016 года, прыбыў у Мінск 6 лютага. 15 лютага ён уручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею.

Пасол нагадаў, паведамляе БелаПАН, што вясной 2016 года на працягу месяца ён працаваў у Беларусі на пасадзе часовага паверанага ў справах Ізраіля — і гэта быў яго першы прыезд у Беларусь.

"Гэта быў якраз той месяц, калі ішла дыскусія пра закрыццё некалькіх нашых пасольстваў за мяжой, — нагадаў Шогам. — Як вы ведаеце, было вырашана, з вялікімі цяжкасцямі, нягледзячы на недахоп бюджэтных сродкаў, пакінуць пасольства ў Беларусі адкрытым. Калі я тут месяц прапрацаваў, у мяне склалася адназначнае меркаванне пра тое, што закрываць гэтае пасольства нельга. І, на маё шчасце, гэтае меркаванне было ўзята пад увагу. Вядома, гэта паўплывала на маё жаданне тут паслужыць. Я зразумеў, што, калі хачу зрабіць нешта важнае і цікавае, я магу і павінен быць тут".

Паводле слоў дыпламата, былі закрытыя дыпламатычныя місіі Ізраіля ў ЗША (Філадэльфія), у Паўднёвай Амерыцы (Сан-Сальвадор), у Францыі (Марсэль), на Карыбскіх астравах і ў Афрыцы. Акрамя таго, было адменена адкрыццё дадатковага генконсульства ў Расіі.

"Беларускае пасольства стала адзіным, у дачыненні да якога рашэнне аб закрыцці было перагледжана, — падкрэсліў пасол. — Справа ў тым, што паміж Беларуссю і Ізраілем існуюць, я б сказаў, асаблівыя адносіны: тут у нас вельмі вялікая абшчына, таксама шмат выхадцаў з Беларусі пражывае ў Ізраілі. Менавіта гэты факт стаў мультыплікатарам для прыняцця рашэння аб захаванні дыпламатычнай місіі ў ранейшым актыўным фармаце".

Шогам таксама падкрэсліў, што карані ізраільска-беларускіх адносінаў "не толькі тэхнічныя, не толькі прагматычныя — яны зыходзяць з нашай гісторыі і культуры". "Я б сказаў, што ізраільска-беларускія сувязі ў чымсьці пераўзыходзяць нармальныя адносіны паміж краінамі. Фактычна яны з`яўляюцца больш нават братэрскімі", — лічыць пасол.

Папярэдні пасол Ізраіля Іосіф Шагал завяршыў дыпламатычную місію ў Беларусі ў канцы лета 2015 года. Прыкладна ў той жа час стала вядома аб намеры ўрада Ізраіля ліквідаваць некалькі дыпламатычных прадстаўніцтваў, у тым ліку ў Беларусі, у сувязі са скарачэннем выдаткаў.

У пачатку 2016 года беларускае МЗС паведаміла, што ў адказ на закрыццё пасольства Ізраіля ў Мінску Беларусь закрые сваё пасольства ў Тэль-Авіве, як гэта прадугледжана "звычайнай дыпламатычнай практыкай". Пры гэтым адзначалася, што "ізраільскі бок робіць памылку, ігнаруючы той факт, што дзве краіны звязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь з`яўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазітыўную дынаміку двухбаковых адносін у розных сферах".

У сакавіку 2016 года ізраільскае МЗС абвясціла аб рашэнні захаваць прысутнасць сваёй дыпмісіі ў Беларусі ў ранейшым фармаце. У адказ беларускі бок паведаміў, што пасольства Беларусі ў Ізраілі таксама працягне сваю працу.

Новы пасол Ізраіля Алон Шогам нарадзіўся ў 1965 годзе ў Рызе. Ва ўзросце шасці гадоў рэпатрыяваўся ў Ізраіль. Жанаты, мае двух сыноў. З 1995 года на дыпламатычнай службе. Працаваў у пасольствах Ізраіля ў Кіеве, Празе і Пекіне. З 2009 па 2016 год узначальваў консульскі аддзел МЗС Ізраіля, затым — упраўленне Еўразіі. Магістр палітычных навук. Валодае іўрытам, рускай, англійскай, чэшскай, кітайскай і французскай мовамі.
 
Фота: google.by
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.