bulletгалоўнае онлайн:

Палітыка

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

МЗС Літвы апублікавала спіс прычын, з-за якіх не лічыць збудаванне БелАЭС бяспечным

16 лютага 2017 г. 10:13

Міністэрства замежных спраў Літвы апублікавала на сваім афіцыйным сайце дзесяць прычын, з-за якіх літоўскі бок не лічыць збудаванне Беларускай АЭС бяспечным.

Першай прычынай называецца той факт, што пра ўсе інцыдэнты, якія здарыліся на будпляцоўцы БелАЭС, "станавілася вядома праз некалькі тыдняў пасля здарэння" і "ад неафіцыйных крыніц", а беларускія ўлады "імкнуліся ўсё адмаўляць".

Літоўскі бок таксама сцвярджае, што ў выпадку аварыі на АЭС пад Астраўцом у зоне радыяцыйнай небяспекі апынуцца сталіцы 16 дзяржаў: Берлін, Браціслава, Будапешт, Варшава, Вена, Вільнюс, Капенгаген, Кіеў, Кішынёў, Масква, Мінск, Прага, Рыга, Стакгольм, Талін і Хельсінкі.

На думку Літвы, паведамляе БелаПАН, Беларусь выбрала будпляцоўку АЭС без ацэнкі яе прыдатнасці, а крытэрыі выбару — "таямніца". Адзначаецца, што "не былі вывучаныя альтэрнатыўныя пляцоўкі для будаўніцтва" і не праведзеная "працэдура ацэнкі ўздзеяння АЭС". Крытыку зведвае таксама станоўчая ацэнка сейсмічных умоў у месцы будаўніцтва АЭС, якая грунтуецца, на думку літоўскага боку, "на ілжывых звестках", бо "ў мінулым у раёне Астраўца здарыўся землятрус сілай 5—7 балаў паводле шкалы Рыхтэра".

У матэрыяле гаворыцца, што БелАЭС здольная вытрымаць падзенне толькі лёгкага самалёта вагой да пяці тон, але не цяжкага пасажырскага самалёта вагой 200 і больш тон. Падзенне цяжкага самалёта, як адзначаецца, "стане прычынай аварыі сёмага ўзроўню, найвышэйшага паводле міжнароднай шкалы ядзерных падзей". У гісторыі інцыдэнтаў такога ўзроўню было толькі два — катастрофа на Чарнобыльскай АЭС і аварыя на японскай АЭС "Фукусіма-1".

Літва звяртае ўвагу на тое, што крыніцай астуджэння для БелАЭС будзе Нярыс (Вілія). Гэтая рака "фармуе асноўную частку басейна Нёмана, які ахоплівае 72% усіх вод Літвы", таму ў выпадку сур'ёзнага здарэння на атамнай станцыі "будзе забруджана 95% пітной вады, якую выкарыстоўвае траціна літоўскага насельніцтва".

Літоўскі бок адзначае, што місія МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных аб'ектаў з улікам знешніх пагроз (SEED) павінна была адбыцца яшчэ "да канчатковага выбару будпляцоўкі". Пры гэтым місія SEED, якую Беларусь прыняла ў пачатку 2017 года, ацэньвала БелАЭС толькі па двух з шасці модулях, чатыры астатнія модулі Беларусь "адмаўляецца завяршыць".

Гаворыцца, што ў 2011 годзе Беларусь афіцыйна апавясціла Еўракамісію пра намер правесці стрэс-тэсты АЭС, але "гэтае абавязацельства так і засталося пустым абяцаннем".

Нацыянальны орган па ядзернай бяспекі Беларусі, на думку Літвы, "палітычна слабы ў плане вырашэння тэхнічных пытанняў, не мае вопыту, кампетэнцыі ў сваёй вобласці і не кантралюе праект АЭС".

Апошнім аргументам на карысць небяспечнасці АЭС, якая будуецца, стала тое, што беларускія ўлады, на думку Літвы, "не жадаюць супрацоўнічаць" па ўсіх гэтых пытаннях.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі неаднаразова адпрэчвалі некаторыя прэтэнзіі Літвы па пытанні будаўніцтва АЭС. У прыватнасці што да выбару пляцоўкі для будаўніцтва аб'екта, то ўлады першапачаткова разглядалі чатыры асноўныя пляцоўкі: кукшынаўскую і краснапалянскую ў Магілёўскай вобласці, верхнядзвінскую — у Віцебскай і астравецкую — у Гродзенскай. Самай бяспечнай з іх палічылі астравецкую, пераважна з-за складу грунту і парод, якія залягаюць.

Што да тэставання станцыі з улікам "фукусімскага фактару", у верасні 2016 года намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў журналістам, што на БелАЭС праводзіцца працэдура стрэс-тэставання. Яна павінна была завяршыцца ў снежні, аднак пра вынікі інфармацыі ўсё яшчэ няма.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вада-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
 
Фота з сайта БелаПАН
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.