bulletгалоўнае онлайн:

Палітыка

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Спікер літоўскага сейма: Спыніць будаўніцтва БелАЭС немагчыма

15 лютага 2017 г. 15:22

 Літва не мае магчымасцяў спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС пад Астраўцом, таму павінна сканцэнтравацца на пытаннях бяспекі гэтага аб'екта, заявіў 15 лютага ў інтэрв'ю літоўскай радыёстанцыі Ziniu radijas спікер сейма Літвы Віктарас Пранцкеціс.

"Пра спыненне будаўніцтва станцыі, напэўна, колькі б мы ні спрабавалі казаць, напэўна, дабіцца гэтага немагчыма, але не купляць электраэнергію заўсёды можна", — цытуе кіраўніка літоўскага парламента балтыйскае інфармагенцтва BNS.

Суседнія дзяржавы, паводле слоў Пранцкеціса, паведамляе БелаПАН, з разуменнем ставяцца да пазіцыі Літвы, якая сур'ёзна занепакоеная бяспекай атамнай станцыі, што будуецца ў Беларусі, бо "ўсе выдатна памятаюць прыклад Чарнобыля".

Спецыяльны пасол Літвы па пытаннях будаўніцтва БелАЭС Дарус Дэгуціс у пачатку лютага заявіў у інтэрв'ю BNS, што літоўскі бок будзе дамагацца поўнага прыпынення будаўніцтва атамнай станцыі пад Астраўцом.

"Мы заклікаем партнёраў і сяброў, кампетэнтныя арганізацыі, ведамствы, Еўракамісію і іншыя дзяржавы азнаёміцца з сапраўдным становішчам рэчаў, усвядоміць пагрозы і падтрымаць нашу лагічную і разумную пазіцыю — будаўніцтва БелАЭС павінна было спыненае", — заявіў літоўскі дыпламат.

Аляксандр Лукашэнка назваў "бязглуздзіцай" прэтэнзіі Літвы адносна бяспекі БелАЭС. "Ну навошта вы несяце гэтую бязглуздзіцу? — задаўся ён пытаннем 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Мінску. — Я кажу: вы можаце перашкодзіць будаўніцтву атамнай станцыі? І МАГАТЭ, і ўсе міжнародныя, і іншыя краіны? Ну як, гэта ж мірны атам. Усе будуюць атамныя станцыі. Чаму мы, у Беларусі, не можам? Больш за тое, гэта ж не слабенькая дзяржава будуе атамную станцыю, гэта будуе Расія, імперыя, ядзерная краіна. І яна яе пабудуе, таму што яны ў гэтым таксама вельмі зацікаўленыя, каб паказаць новае пакаленне атамных станцый, самае бяспечнае. І яны ад гэтага не адмовяцца".

Лукашэнка назваў БелАЭС самай таннай электрастанцыяй. "Нам яшчэ крэдыт трэба будзе аддаваць. Сямашка (намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка. — БелаПАН.) там кантралюе ўсе балты-гайкі, галавой адказвае, не дай бог нехта там на гэтым... А спробы былі. На сотні мільёнаў долараў мы ўжо скарацілі кошт асобных вузлоў і агрэгатаў. Здарылася з корпусам рэактара — адразу кажу: Уладзімір Ільіч, ніякіх размоў. У нас чарнобыльская краіна, народ вельмі балюча гэта ўспрымае, прыбірайце гэты корпус. Прыбралі — прывезлі новы", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Я літоўцам кажу: чаго вы баіцеся? Мы ж не ўпіраемся і цяпер не крычым, што ў вас Ігналінская станцыя, якую вы закрываеце. Не дай бог што здарыцца, гэта ж найгоршая станцыя ў свеце. Давайце дамовімся — гэта будзе наша агульная станцыя", — дадаў беларускі кіраўнік.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі пад Астраўцом ў Гродзенскай вобласці. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення, у якім выкарыстоўваецца вада-вадзяны энергетычны рэактар ВВЭР-1200.

Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока атамнай электрастанцыі запланаваны на 2019 год, другога — на 2020 год.

АЭС будуецца за 50 км ад літоўскай сталіцы Вільнюса. Такая блізкасць да крыніцы павышанай небяспекі стала адной з прычын, з-за якой Літва на працягу доўгага часу дамагаецца ад Беларусі як мінімум найстражэйшага кантролю бяспекі пры будаванні аб'екта, а як максімум — адмовы ад гэтага атамнага праекта.

Фота з адкрытых крыніц
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.