bulletгалоўнае онлайн:

Друкаванае выданне - №7(4156)

Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта

Валерый ІСАЕЎ: “Некаторыя спартсмены ўмеюць па-англійску лічыць толькі да пяці…”

Аўтар: I 6 лютага 2017 г.

Карэспандэнт “Народнай Волі” пагутарыў з чалавекам, у якога незвычайная прафесія – футбольны агент.

У свой час Валерый ІСАЕЎ займаўся бізнесам і прадстаўляў інтарэсы цэлага шэрагу яркіх футбалістаў – бразільца Рэнана Брэсана, які затым прыняў беларускае грамадзянства, Дзмітрыя Верхаўцова, Станіслава Драгуна... Але сёння яго больш цікавяць маладыя таленты, чым зорныя ігракі.

– Валерый, з чаго пачыналі ў бізнесе?

– Рэстараны ў Віцебску адкрываў, алкаголь прадаваў, вытворчасцю займаўся… Ці паспяховы я быў бізнесмен? Ведаеце, прайсці бізнес-школу 90-х гадоў – гэта ўжо дасягненне. Калі прайшоў і застаўся жывы – можаш лічыць сябе паспяховым.

– Адначасова было захапленне футболам?

– Так ці інакш, але я заўсёды быў пры футболе. Бацька ўсё жыццё гуляў на аматарскім узроўні, я таксама не заставаўся ўбаку, бо займаўся гэтым відам спорту з дзяцінства. А ўжо калі ўцягнуўся ў бізнес, даведаўся, што ёсць такая прафесія, як футбольны агент. Удакладніў, што можна атрымаць ліцэнзію, гэта аказалася не так і складана. І сёння не шкадую. У гэтай рабоце больш свабоды.

– Ці складана атрымаць такую ліцэнзію?

– Зараз, мне падаецца, прасцей, бо раней гэта і больш каштавала, і экзамены трэба было здаваць. А цяпер патрэбна, каб чалавек адпавядаў пэўным крытэрыям: быў несудзімы, з вышэйшай адукацыяй… Так што, па сутнасці, любы можа стаць футбольным агентам. І ў той жа час у Беларусі ўсяго каля дзесяці такіх агентаў. Для параўнання: у Англіі іх каля 700 чалавек.

– Не вельмі ў нас народ імкнецца на такую, як падаецца многім, “грашовую пасаду”…

– Дык жа заробак тут ніхто не гарантуе.

– А я чытаў, што агент атрымлівае 10 працэнтаў ад трансферу футбаліста і столькі ж ад яго заробку.

– На першы погляд і насамрэч усё проста і прыгожа. Маўляў, вось ёсць прафесіянальны футбаліст, які атрымлівае добрыя грошы, ён толькі і чакае, каб заключыць з вамі дамову і аддаваць частку свайго заробку. Ілюзія! Агент – гэта пасярэднік, і, як у любым бізнесе, вам трэба прыкласці вельмі шмат сіл, каб быць у плюсе. Да таго ж, калі падлічваць уласны прыбытак, вельмі важна, у якой краіне ты працуеш. Напрыклад, у той жа Англіі каля 10 ліг, з іх, здаецца, чатыры – прафесіянальныя. У прэм’ер-лізе многія футбалісты атрымліваюць мільёны фунтаў у год, але ёсць і такія, хто мае па 300–400 тысяч фунтаў. А ў нас ва ўсёй каманды “Крумкачы” такі бюджэт на сезон. Вось і лічыце, колькі мае агент у беларускіх рэаліях. Натуральна, і сумы трансфераў нашых ігракоў значна ніжэйшыя. Таму вельмі важна, дзе ты вядзеш сваю дзейнасць – у Беларусі альбо за мяжой.

– Напэўна, у 2005 годзе добра зарабіў Мікалай Шпілеўскі – агент Аляксандра Глеба, калі беларускі футбаліст перайшоў з нямецкага “Штутгарта” ў лонданскі “Арсенал”? Cума трансферу тады склала 15 мільёнаў еўра.

– Агент футбаліста зарабіў грошы сваёй працай. Мікалай Шпілеўскі – прафесіянал найвышэйшага ўзроўню, які зрабіў сябе сам і моцна дапамог Аляксандру ў яго спартыўнай кар’еры. І я ўпэўнены, што калі ў нашых маладых футбалістаў не будзе побач такога памочніка, то яны і не будуць гуляць за мяжой. Там работа агента – кожны дзень знаходзіцца побач са сваім іграком. Каб той на пяты дзень альбо на шосты месяц знаходжання ў замежным клубе не сеў на аўтобус і не вярнуўся дадому. Чалавек павінен адаптавацца ў замежжы, дзе абсалютна іншае жыццё. Па-першае, многія футбалісты элементарна не ведаюць замежнай мовы. У мяне было некалькі выпадкаў, калі везлі ігракоў на гатовыя кантракты ў англійскія, нямецкія і шатландскія клубы. Кіраўніцтва клубаў пыталася пра веданне замежнай мовы футбалістамі, а што ім было адказаць? Тое, што нашы ігракі ўмеюць лічыць па-англійску да пяці? І клубы тады адмовіліся ад паслуг такіх спартсменаў…

Калі ж вяртацца да трансферу Глеба, то гэта была самая буйная здзелка ў гісторыі беларускага футбола. Ды і сам Саша, на мой погляд, самы таленавіты футбаліст на постсавецкай прасторы.

– І такія, як Глеб, не з’яўляюцца штогод…

– Я і працую зараз толькі з маладымі футбалістамі. Трэба шукаць таленты, раскрываць іх. І – “трымаць у руках”, таму стараюся зрабіць так, каб мае футбалісты ў пэўным сэнсе былі “рабамі”. Бо, калі 17–18-гадовым юнакам дазваляць прымаць рашэнні самім, то яны 100 працэнтаў крокаў зробяць няправільна. Гэта паказвае жыццёвы вопыт. І ў большасці спрэчных сітуацый я на баку клуба, а не футбаліста. Паўтаруся, калі футбаліст сам пачне думаць і прымаць рашэнні, то нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Пасля Глеба ў Беларусі з’яўляліся вельмі таленавітыя дзеці (і зараз яны ёсць), але, калі такі агент, як Шпілеўскі, імі не зоймецца, то ў Еўропе яны гуляць не будуць. Бо людзі выхоўваліся ў беларускім грамадстве.

– Як агент і футбаліст знаходзяць адзін аднаго?

– Асабіста я зараз наведваю розныя міжнародныя юнацкія турніры, хаця, шчыра кажучы, у цэнтры маёй увагі хлопцы не з Беларусі, бо ёсць партнёры ў розных краінах. Гляджу матчы вышэйшай і першай ліг, аналізую, хто можа быць запатрабаваны на футбольным рынку. Але часам займаешся футбалістам нават на дабрачыннай аснове, ведаючы, што ён ніколі не зайграе на высокім узроўні. Гэтакая работа для душы.

– Вы самі прапаноўваеце паслугі футбалісту?

– Так, калі ён сам нічога не шукае і нічога не шукаюць яго бацькі. Хаця трэба сказаць, што бацькі для агента – гэта, як кажуць, абцяжарваючыя абставіны. І скажу шчыра: у 90 працэнтах яны проста хочуць зарабіць на сваіх дзецях. Мама будзе табе казаць, што яна ўклала ў сына апошнія грошы, а таму ён заўтра павінен гуляць у іспанскай “Барселоне”. Бацькі не набіраюцца цярпення, паўсюль усоваюць свой нос… А гэта не дапамога хлопцу, а зусім наадварот. Дык выхоўвайце яго дома! Дайце яму базу, каб чалавек быў працавіты і добразычлівы. Вось тады ў яго будзе больш шанцаў праявіць сябе. А сёння многія таты даюць устаноўкі сыну, як яму трэба гуляць на полі. Усе – вялікія спецыялісты.

– Уласныя грошы даводзіцца ўкладваць у гэты футбольны бізнес?

– Безумоўна. Найперш, немалыя грошы трэба выдаткоўваць на медыцыну. Бяда футбалістаў – траўмы, а зрабіць нават МРТ у абласным ці раённым цэнтры – гэта праблема. Я не так даўно вазіў хлопца на аперацыю ў Бельгію, ён парваў звязкі. У клубе гэтую траўму наогул не дыягнаставалі, сказалі далей трэніравацца. У паліклініцы паслалі на МРТ, але запісалі ў вялікую чаргу… У Мінску зрабілі МРТ, давялося везці іграка за мяжу. Бо не ўсе бацькі могуць гэта сабе дазволіць. Аперацыя ж у Бельгіі не тры рублі каштуе.

Акрамя таго, калі хлопец яшчэ не гуляе ў камандах вышэйшага класа, атрымлівае таксама няшмат. Натуральна, што пражыць за мізэрную суму практычна немагчыма, а таму даводзіцца дапамагаць. Былі выпадкі, калі я сам выкупляў трансфер іграка, і гэта было памылкай, бо футбаліст сябе не праяўляў у будучым. Таму ў нашай прафесіі свае выдаткі і свае рызыкі.

– Раней вы былі агентам бразільскага футбаліста Рэнана Брэсана, які затым прыняў беларускае грамадзянства…

– Калі Рэнан стаў беларусам па пашпарце, ён пачаў ператварацца ў памяркоўнага беларуса і як спартсмен. Разумееце, Брэсан прыехаў у Беларусь “галодны” да футбола. Я выкупіў яго трансфер, трэнер Анатоль Іванавіч Юрэвіч ацаніў перспектыўнасць футбаліста. Дарэчы, тады ў Беларусь прыехаў не толькі Рэнан, а і яшчэ адзін бразільскі футбаліст. Памятаю, гэта была зіма, мароз… І трэба ж такому здарыцца, што другі бразілец падчас матча ў Віцебску, у якім праглядалі легіянераў, адмарозіў на нагах пальцы. У бальніцу адвезлі, думалі нават, што справа дойдзе да ампутацыі… Усё, чалавек адправіўся дадому!

А Брэсан вельмі хутка адаптаваўся да беларускага ладу жыцця і футбола дзякуючы таму, што ігрок, як я ўжо казаў, быў “галодны” да гульні. Яму трэба было карміць сям’ю, паказаць сябе… Я ж вырашаў яго бытавыя пытанні, уся мая сям’я ведала, што адбываецца ў жыцці футбаліста. Дарэчы, гэта была мая ініцыятыва, каб Брэсан стаў грамадзянінам Беларусі.

– Якая была сума трансферу Рэнана Брэсана?

– Зусім невялікая, у раёне 20 тысяч долараў. Але ж мы бачылі, як ён прагрэсіраваў у БАТЭ! Праўда, як толькі футбаліст патрапіў у зону камфорту, у яго знікла футбольная агрэсія. Мы перасталі супрацоўнічаць, Рэнан, калі з’ехаў у Партугалію, вырашыў, што з усім можа справіцца самастойна.

– Старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі неяк сказаў: “Ведаю вельмі мала агентаў, якія на самай справе дапамагаюць футбалісту ўдасканальвацца, даюць яму слушныя парады, выстаўляюць адэкватную ацэнку яго дзеянням. Часцей яны хочуць падабацца ігракам, каб зарабіць больш грошай. Агента непакоіць, колькі ён атрымае ад здзелкі”.

– А што дрэннага ў тым, што агент пераследуе свае інтарэсы? Гэта ж яго прафесія. На маёй памяці больш выпадкаў, калі на лёс футбаліста ўплывалі людзі, якія былі далёкія ад агенцкай дзейнасці. Розныя старшыні гарвыканкамаў, бізнесмены… Усе спрабуюць улезці ў гэты ланцужок і зарабіць свае тры капейкі. Але агент у любым выпадку атрымлівае сваю порцыю негатыву. Так, як кажуць, у любой сям’і знойдзецца пачвара, але гэта ў любым відзе дзейнасці.

– Валерый, калі казаць пра беларускі футбол увогуле… Ці ёсць прагрэс?

– На мой погляд, узровень нацыянальнага чэмпіянату ў апошнія два гады знізіўся. То змяняем колькасць каманд у вышэйшай лізе, то дазваляем выступаць там клубам з маленькім бюджэтам. Энтузіязм кіраўніцтва “Іслачы” ці “Крумкачоў” можна толькі вітаць, але гэта – не прафесіянальны футбол, а авантура.

– Заробкі беларускіх футбалістаў апошнім часам моцна знізіліся?

– Істотна. Калі бюджэт клуба складае 400 тысяч долараў, то якія там могуць быць заробкі? Каля 500–600 “зялёных” у месяц. Гэта, напэўна, сярэдні заробак 70 працэнтаў каманд беларускага чэмпіянату.

– А вось на форумах у інтэрнэце некаторыя лічаць, што футбалісты праядаюць народныя грошы…

– Дык і пра агентаў пішуць, што яны нічога не ствараюць, а столькі зарабляюць! Спецыялістаў жа хапае. Так і хочацца ім параіць: падыміце задняе месца з канапы, купляйце буцы і ідзіце зарабляць! Але чаму людзі не кажуць такое пра бізнесменаў, якія таксама нешта зарабляюць і ездзяць на дарагіх машынах? У чым розніца? Толькі ў тым, што футбалісты знаходзяцца ў цэнтры ўвагі людзей. Усе любяць лічыць чужыя грошы…

Тэмы:
Друкаваць decreaseincreaseПамер шрыфта
Share |

АРХІЎ ГАЗЕТЫ

NV logo

ШУКАЦЬ У АРХІВЕ З ДАПАМОГАЙ КАЛЕНДАРА

ПАРТНЁРЫ

Падпiска

Падпісацца на "Народную волю" можна ў любым паштовым аддзяленні.